ЕГУ прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». Хронікі рэпрэсій 14 красавіка

Вярхоўны суд прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». Паралельна ўзнікаюць новыя сведчанні прававога абсурду: Мікалай Статкевіч пасля «вызвалення» фармальна застаецца зняволеным, а ў краіне працягваюцца затрыманні і пашырэнне спісаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

1_1097_1.png

ЕГУ прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Адпаведнае рашэнне прыняў Вярхоўны суд па заяве Генеральнай пракуратуры. Раней, у верасні, стала вядома, што генпракурор Швед накіраваў у суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Паводле пракуратуры, «універсітэт праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне», а таксама «выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых суседніх дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах».

Паводле закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», экстрэмісцкая арганізацыя — гэта структура, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо садзейнічае ёй, альбо прызнае магчымасць такой дзейнасці, альбо фінансуе яе. Такі статус прысвойваецца пасля ўступлення ў сілу адпаведнага судовага рашэння.

Статкевіч «вызвалены», але застаецца зняволеным

Мікалай Статкевіч, якога па афіцыйнай інфармацыі вызвалілі па памілаванні яшчэ 11 верасня 2025 года, фактычна толькі ў лютым гэтага года апынуўся дома — пасля інсульту ў глыбоцкай калоніі ПК-13 і лячэння ў мінскім шпіталі.

Аднак нават пасля выхаду на волю ён застаецца ў прававым вакууме: пры спробе аформіць пенсію ў яго запатрабавалі даведку аб вызваленні, якой у яго няма.

Летась 11 верасня Статкевіча нечакана вызвалілі разам з яшчэ 51 палітвязнем і спрабавалі прымусова дэпартаваць у Літву. Палітык адмовіўся перасякаць мяжу. Пасля гэтага яго зноў забралі сілавікі — і некалькі месяцаў пра ягоны лёс нічога не было вядома.

Пазней высветлілася, што Статкевіча вярнулі ў ПК-13 у Глыбокім, і фармальна ён дагэтуль лічыцца зняволеным гэтай калоніі.

«Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне, нібыта, вызвалілі згодна з "указам аб памілаванні". Але хто той указ бачыў...» — напісаў Мікалай Статкевіч у сваім Telegram-канале.

Затрыманне ў аэрапорце: фатограф вярнуўся — і трапіў за краты

У мінскім аэрапорце ў красавіку быў затрыманы фатограф Аляксандр Шышко, які вярнуўся з Грузіі.

Інфармацыю @pozirkonline пацвердзіў праваабаронца Раман Кісляк. Паводле яго, Шышко жыў у Тбілісі як мінімум з 2022 года.

«Чаму ён вярнуўся ў Беларусь, сказаць складана, магчыма, сумаваў па радзіме, родных. Думаю, пралічыўся наконт рызыкі затрымання, думаў, што праскочыць», — адзначыў Кісляк.

Пасля Дня Волі 2024 года прапагандысцкія рэсурсы пачалі згадваць Шышко ў сваіх матэрыялах. Паводле наяўнай інфармацыі, супраць яго распачатая крымінальная справа, звязаная з правядзеннем акцый за мяжой. У межах гэтай справы ў Беларусі ў ягонай кватэры праводзіўся вобшук.

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

У чарговае абнаўленне спісу ўключылі:

Instagram-старонкі «ira.lukashenka», «annazlatkovskaya»;

сайт і сацсеткі рэсурса «Медиазона»;

YouTube-каналы «Заткнитесь пожалуйста», «Мимоходом»;

старонку ў Threads «Баста!»;

старонку ў Facebook «Ferri Slow»;

старонку ў «Аднакласніках» «БЕЛАРУСЬ БЕЗ ТАРАКАНА…!»;

TikTok-акаўнт «topnews.today1».