Фільм «Жыве Беларусь!» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Хронікі рэпрэсій 15 красавіка

 У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» фільм «Жыве Беларусь!», працягваецца ціск на сваякоў актывістаў, а людзей асуджаюць і накіроўваюць на прымусовае лячэнне. Сабралі галоўныя выпадкі палітычнага пераследу за апошнія дні.

1_1097_1.png

Фільм «Жыве Беларусь!» прызналі «экстрэмісцкім»

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» культавы фільм «Жыве Беларусь!» польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашевіча, які выйшаў у 2012 годзе.

Адпаведнае рашэнне прыняў суд Гомельскага раёна 14 красавіка. Стужка была знятая паводле сцэнару дарадцы лідаркі беларускіх дэмсіл Франака Вячоркі і выйшла ў 2012 годзе, яе прэм’ера адбылася на Канскім кінафестывалі. Падзеі фільма разгортваюцца ў 2009–2010 гадах у Беларусі і прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў краіне і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Галоўную ролю ў карціне сыграў беларускі хіп-хоп выканаўца Vinsent (сапраўднае імя — Дзмітрый Папко).

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:

Instagram-старонкі «Jaen [Джейн]», «belhelcom_org», «cyberbeaver_help», «aleksandra_dojnicz», «thekrama.store», «center_for_civil_liberties (Цэнтр грамадзянскіх свабод)», «belarusianyounggreens (Беларускія маладыя зялёныя)», «roznyjarounyja (Розныя-Роўныя)», «young.people.plus (Маладыя людзі +)»;

старонка ў Facebook «БРЦ / Беларускі расследавальніцкі цэнтр»;

старонка ў TikTok «Raman Hladkikh»;

старонка ў Telegram «Studfreedom | Belarus».

Ціск на родных: біялагічны матэрыял і допыты

У бацькі актывіста-палітэмігранта Дзмітрыя Карняенкі зноў узялі біялагічны матэрыял і распытвалі пра сына.

Пра гэта Дзмітрый напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Не паспеў бацька выйсці з бальніцы пасля прадінсультнага рэцыдыву, як адразу з’явіліся наведвальнікі. Зноў па сліну, як і год таму».

Бацька актывіста жыве ў Оршы. Летась у гэты ж час да яго ўжо прыходзілі супрацоўнікі СК з патрабаваннем здаць біялагічны матэрыял і распытвалі пра месцазнаходжанне сына. Напярэдадні Дзмітрыя прызналі ўдзельнікам «экстрэмісцкага фармавання» «Хрысціянская візія». Праз месяц, у траўні 2025 года, яго дадалі яшчэ і да «экстрэмісцкага фармавання» «Народный депутат».

Сёлета актывіста таксама ўключылі ў спіс «інагентаў» як удзельніка арганізацыі «Христиане против войны».

Дзмітрый Карняенка даўно не жыве ў Беларусі — ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу пад пагрозай арышту, бо супраць яго завялі палітычна матываваную крымінальную справу.

Сілавікі працягваюць прыходзіць да родных актывіста з Рагачова

Да родных рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча працягваюць прыходзіць сілавікі.

Дзяніс — 39-гадовы актывіст, які больш за дзесяць гадоў вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн». Пасля выбараў ён быў вымушаны з’ехаць з краіны.

У траўні 2023 года яго аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства, які суд палічыў падобным да БЧБ.

Пазней супраць яго распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі і правялі ператрус па месцы прапіскі.

Цяпер сілавікі працягваюць наведваць родных актывіста: акрамя стандартных пытанняў пра Дзяніса, яны правяраюць перапіску ў тэлефонах сваякоў.

Прымусовае лячэнне пасля вяртання ў Беларусь

Пасля вяртання ў Беларусь Мацвея Бяляя затрымалі і прызначылі прымусовае лячэнне.

Раней прапагандысты сцвярджалі, што актывіст быў дэпартаваны з Літвы і затрыманы. Паводле праваабаронцаў «Вясны», інфармацыя часткова пацвердзілася: мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы ўжо пасля таго, як ён сам вярнуўся ў Беларусь.

Яго абвінавацілі паводле шэрагу палітычных артыкулаў:

ч. 1 арт. 342 КК, ч. 4 арт. 16 і арт. 341 КК, ч. 1 арт. 368 КК. 

У выніку суд Барысаўскага раёна прызначыў яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.