З пераліку таленавітай моладзі будуць выключаць за «экстрэмізм». Хронікі рэпрэсій 16 красавіка
У Беларусі пашыраюць практыку палітычнага кантролю: цяпер «экстрэмізм» можа стаць падставай для выключэння з пераліку таленавітай моладзі. Анджэй Пачобут сустракае ўжо шосты дзень народзінаў за кратамі, а бацьку Мікіты Залатарова асудзілі за чат салідарнасці з сынам.

З пераліку таленавітай моладзі будуць выключаць за «экстрэмізм»
Міністэрства адукацыі змяніла парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў звестак таленавітай моладзі, прадстаўнікі якой маюць ільготы або атрымліваюць стыпендыі Лукашэнкі, піша «Свабода».
Цяпер дадалі яшчэ шэсць падстаў, каб выключыць чалавека са спісу. Сярод іх:
• атрыманне ад замежных дзяржаў дакументаў, якія даюць права на льготы або перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю, і адпаведна — карыстанне такімі льготамі;
• злачынствы «экстрэмісцкай» накіраванасці, цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы;
• адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, з прапагандай або публічнай дэманстрацыяй і распаўсюдам нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі;
• іншыя дзеянні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам і накіраваныя на дыскрэдытацыю і непаважлівае стаўленне да дзейнасці фондаў.
Дзень народзінаў за кратамі: Анджэю Пачобуту — 53
Палітвязню-журналісту Анджэю Пачобуту сёння споўнілася 53 гады. І гэта ўжо шосты дзень народзінаў, які ён адзначае за кратамі.
Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года, які Пачобут назваў агрэсіяй, журналіста абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». Таксама ў справе фігуравалі заявы Анджэя ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра пратэсты ў 2020 годзе і нават тэкст 2006 года пра аднаго з кіраўнікоў польскага антыкамуністычнага падполля.
8 лютага 2023 года Пачобуту вынеслі прысуд — 8 гадоў пазбаўлення волі. Ён адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1, якая вядомая жорсткім рэжымам.
У сакавіку 2026 года галоўны дарадца кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментары выданню Rzeczpospolita сказаў, што Анджэй Пачобут стаў для ўладаў важнейшым за іншых вядомых палітвязняў — Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага, піша «Свабода». Вячорка запэўніў, што пытанне вызвалення Пачобута падымаецца «ўва ўсіх магчымых размовах».
Таксама ён адзначыў, што Ціханоўская абмяркоўвала гэтае пытанне з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Бруселі. У Офісе Ціханоўскай не ведаюць, чаму Пачобута не вызвалілі тады, калі пасля перамоваў з дарадцам Трампа Джонам Коўлам былі вызваленыя 250 палітычных зняволеных.
Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц пацвердзілі рэдакцыі Rzeczpospolita, што імя Пачобута фігуравала ў спісах палітвязняў, вызвалення якіх патрабавалі амерыканцы.
Прысуд за чат салідарнасці з сынам
Стаў вядомы прысуд бацьку Мікіты Залатарова, якога асудзілі за чат салідарнасці з сынам.
Міхаіла Лапунова — бацьку палітвязня Мікіты Залатарова, якога месяц таму выдварылі з Беларусі, — затрымалі ў жніўні 2023 года. Яго некалькі разоў запар арыштоўвалі на 15 сутак па адміністрацыйных справах.
У гэты час, калі мужчыну ўтрымлівалі пад арыштам, КДБ прызнаў закрыты Telegram-чат «Гомель за Никиту Золоторева» «экстрэмісцкім фармаваннем». Яго ўладальнікам быў Міхаіл Лапуноў. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
У жніўні 2024 года справу палітвязня ў Гомельскім абласным судзе разглядала Алеся Осіпава. Як стала вядома «Вясне», яму прызначылі 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Мужчыну накіравалі адбываць пакаранне ў ваўкавыскую калонію № 11.