Моважэрства, ці Што выратуе беларусаў ад глётафагіі?
Зьява моважэрства ці глётафагіі здаўна вядомая ў сацыялінгвістыцы. Дадзены канцэпт апісвае вынішчэньне адной мовы іншай: мова панаваньня, мова большасьці, мова імпэрыі ці мова мэтраполіі паглынае падпарадкаваныя, залежныя, мінарытарныя ці лякальныя мовы. Гэта вядома з раньняй гісторыі чалавецтва.

Зрэшты, якраз сёлета спаўняецца 50 год працы вядомага францускага сацыялінгвіста Люі-Жана Кальвэ — Linguistique et Colonialisme, petit traité de glottophagie («Лінгвістыка і каляніялізм, малы трактат аб глётафагіі»), які ўвёў канцэпт глётафагіі ў акадэмічнае, навуковае вымярэньне, пазбавіўшы панятак публіцыстычнасьці і эмацыйнасьці. Дарэчы, у Францыі дадзеная кніга ўжо сталася клясычнай працай не па сацыялінгвістыцы, а па паліталёгіі і сацыялёгіі моваў. Цікава, сам аўтар выкарыстоўвае панятак «лінгвістычная паліталёгія».

Люі-Жан Кальвэ
Аўтар шмат увагі надае клясычным моўным адносінам у межах імпэрыяў, дзе адна мова паглынае, зьядае іншыя: ангельская, француская, партугальская, гішпанская мовы, які «зжэрлі» сотні-тысячы моваў Амэрыкі, Афрыкі ці расейская, кітайская мовы, якія праглынулі сотні моваў Азіі, да ўсяго расейская мова мэтадычна працягвае п(р)аглынаць некаторыя мовы Эўропы. Аднак Л.-Ж. Кальвэ йдзе далей і прапануе аналізаваць скрозь прызму каляніялізму і такая зьявы, як дамінаваньне ў сучасным сьвеце ангельскай мовы. Парадаксальная сытуацыя склалася ў ЭЗ, зь якога выйшла Вялікабрытанія, але мовай эўраінстытуцыяў часта застаецца ангельская мова. Тое, што адбываецца, напрыклад, з фэмінізацыяй мовы таксама мае карані ў каляніялізьме і посткаляніялісцкіх адносінах: забарона ці ігнараваньне фэмінітываў у гендараваных мовах вельмі часта выкліканыя каляніялісцкімі ўстаноўкамі і практыкамі, якія заключаюцца ў распаўсюдзе экстралінгвістычных тлумачэньняў, скіраваных на маргіналізацыю фэмінізацыі мовы. Такія ўстановы, як Француская акадэмія, функцыянуе некалькі стагодзьдзяў, як часта імпэрскай сыстэмы. Ня трэба быць наіўнымі: моўныя інстытуцыі многіх краінаў — гэта, насамрэч, таксама захаваньне і множаньне каляніялісцкіх практыкаў. Мовазнаўства доўгі час служыла дзяржаўнай ідэалёгіі, у выніку часта паўставалі псэўданавуковыя клясыфікацыі, у прыватнасьці, дасюль звышідэалягізаваная клясыфікацыя мовы — дыялект: расейская мова — «беларускі дыялект», «украінскі дыялект». Да чаго гэта вядзе можна пераканацца на прыкладзе расейска-ўкраінскай вайны. У Францыі дасюль, каб маргіналізаваць і не ўспрымаць усур’ёз, на аксытанскую мову кажуць «дыялект» ці «гаворка», тады як лінгвістычна кажучы, гэта паўнавартасная мова.
Глядзіце таксама

Аналізуючы шматлікія каляніялісцкія моўныя практыкі, аўтар падсумоўвае: любы моўны каляніялізм і працэс глётафагіі пачынаецца з права называць іншага, іншую з пазыцыі мовы панаваньня. Не сакрэт, беларускія назвы геаграфічныя, антрапанімічныя дасюль у сьвеце вядомыя пераважна ў расейскай інтэрпрэтацыі, пад расейскім соўсам: Grodno, Vitebsk, Bykov/Bikov і г.д. Расея здаўна назвала нас на свой манер і распаўсюдзіла, перадала гэтыя памылковыя, недакладныя назвы іншым дамінантным мовам. Таму дасюль так складана заявіць пра сябе — пераназвацца. А таму каб спыніць працэс глётафагіі, варта пачаць з таго, каб забараніць, спыніць называць сябе на чужынскі манер. Аднак часта гэтая тэма цалкам ігнаруецца і не лічыцца важнай, сур’ёзнай, многія беларускамоўныя асобы падтакваюць каляніялісцкім практыкам і самі спрычыньваюцца да пашырэньня глётафагіі.
Глядзіце таксама

Такім парадкам, у сучасным беларускім, а таксама ўкраінскім кантэкстах кніга зьяўляецца надзвычай актуальнай, бо францускі дасьледнік, не заангажаваны ў наш рэгіён, здалёку, аб’ектыўна і падрабязна тлумачыць тое, што здаўна адбываецца і ў нас. Ж.-Л. Кальвэ шмат аналізуе і такія сытуацыі, як у выніку моважэрства носьбіты маргінальнай мовы пераходзяць на мову імпэрыі і ператвараюцца ня проста ў вястуноў новай мовы, але і ў агрэсіўных цкавальнікаў калісьці іх роднай мовы. А таму, напрыклад, зьяву расейскамоўных беларусаў, дзякуючы аналізу сацыялінгвіста, варта якраз разглядаць не статычна, не як дадзенасьць, а як вынік глётафагіі.
Дарэчы, Ж.-Л. Кальвэ ня толькі падае асноўныя мадэлі моўнай калянізацыі і глётафагіі, то бок моважэрства, але і прапануе шляхі да моўнага вызваленьня ці прынамсі эмансыпацыі. Лінгвістычны нацыяналізм — адна з самых эфэктыўных мадэляў. Менш эфэктыўнай, але цалкам дэмакратычнай застаецца мадэль палітыкі білінгвізму ці шматмоўя. Бяз гэтых шляхоў усе іншыя вядуць да глётафагіі. Таму ў беларускім кантэксьце, як бы ні спрачаліся расейскамоўныя зь беларускамоўнымі беларусамі, адзіны шлях пазьбегнуць глётафагіі — беларусізацыя.
Глядзіце таксама

Нарэшце, пераклад на беларускую мову дадзенай кнігі рыхтуецца ў выдавецтве «Скарына». У 2025 годзе ўжо і беларускае чытацтва зможа прачытаць клясычны на сумежжы сацыяльных і гуманітарных навук тэкст. Цікава, 82-гадовы Ж.-Л. Кальвэ жвава цікавіцца сацыялінгвістычнай сытуацыяй у Беларусі і шчыра абураецца францускаму невуцтву і каляніялісцкай хваробе сваіх зямлякоў, што перашкаджае ведаць і адкрываць для сябе іншыя мовы і культуры Эўропы. У кастрычніку 2024 у Тунэзіі адбыўся міжнародны калёквіюм «Лінгвістыка і каляніялізм», прысьвечаны 50-годзьдзю кнігі. На малюнку афішы вы знойдзеце і адпаведнік па-беларуску зьявы «глётафагія».
