0,005 сэкунды – разрыў паміж золатам і срэбрам на стомэтроўцы, 55-гадовая чэмпіёнка, Кітай і ЗША мацней за ўсіх – як праходзіць Алімпіяда
Хутчэй, мацней і, пажадана, па-правілах: у Парыжы разгортваюцца драматычныя падзеі на Гульнях. Усё самае захапляльнае — у нашым матэрыяле.
Мэдалі
Як і ў сапраўдным сёньняшнім сьвеце, на Алімпійскіх гульнях на чале дзьве дзяржавы, якія імкнуцца вырашыць, хто зь іх самы моцны. Больш за ўсё залатых узнагародаў у Кітая – 20, адразу за імі – Злучаныя Штаты з 19 галоўнымі мэдалямі.
Ужо з адчувальным адрывам за імі – Францыя і Аўстралія, у якіх па 12 перамогаў, а таксама Вялікая Брытанія і Паўднёвая Карэя, якія маюць па 10 залатых мэдалёў. У агульнай колькасьці пакуль няма роўных ЗША – цэлых 72 мэдалі рознай вартасьці. У тройцы лідэраў Кітай і гаспадары – Францыя, у якіх 47 і 44 узнагароды адпаведна.
Нацыянальная каманда Беларусі, як вядома не ўдзельнічае ў Алімпійскіх гульнях. Толькі некалькі спартоўцаў былі дапушчаныя ў нэйтральным статусе. Сярод гэтых нэйтральных атлетаў тры чалавекі здолелі атрымаць мэдалі. Падпісант за Лукашэнку Іван Літвіновіч атрымаў золата ў скоках на батуце, Віялета Бардзілоўская – срэбра ў той жа дысцыпліне, а таксама вясьляр Яўген Залаты даплыў другім у сваім заплыве.
0,005 сэкунды
Колькі часу вам патрэбна каб міргнуць? Ці зможаце адчуць працягласьць часу ў 5 тысячных сэкунды? Менавіта столькі падзяліла першае ад другога месца на мужчынскай стомэтроўцы.
Амэрыканскі спрынтар Ноа Лайлс стаў алімпійскім чэмпіёнам у бегу на 100 мэтраў. У фінале Лайлс прабег за 9,784 сэкунды, толькі на 0,005 апярэдзіўшы срэбранага прызэра - ямайца Кішана Томпсана.
Лайлсу 27 гадоў, у мінулым годзе ён таксама выйграў чэмпіянат сьвету на гэтай дыстанцыі.
Ноа Лайлс стаў 13-м спрынтарам у гісторыі, які выбег з 9,8 сэкунды на стомэтроўцы. Сусьветны рэкорд на гэтай дыстанцыі належыць знакамітаму Ўсэйну Болту (9,58). Акрамя яго, ніхто не выбягаў з 9,6.
Пасьля заплыву ў Сене – у шпіталь
Бэльгійская трыятланістка заразілася кішэчнай палачкай пасьля заплыву ў парыжскай рацэ. Спартоўка Клэр Мішэль была шпіталізаваная пасьля спаборніцтваў на Алімпіядзе-2024 у Парыжы.
31 ліпеня Мішэль праплыла першы этап трыятлона ў рацэ Сене, купаньне ў якой было забаронена перад пачаткам Гульняў з-за высокай канцэнтрацыі бактэрый.
Яна знаходзіцца ў шпіталі ўжо чатыры дні.
Таксама паведамляецца, што зборная Бэльгіі вырашыла адмовіцца ад удзелу ў мяшанай эстафеце, якая пройдзе сёньня, 5 жніўня.
Золата ў 55 гадоў!
55-гадовая вершніца Ізабэль Вэрт заваявала сваё восьмае алімпійскае золата. Толькі 5 атлетаў у гісторыі маюць больш перамог на Алімпійскіх гульнях. Нядаўна завяршыліся жаночыя камандныя спаборніцтвы па конным спорце. Залатыя мэдалі заваявалі нямецкія атлеткі, у Даніі – срэбра, у Вялікай Брытаніі – бронза.
Адной з пераможцаў у гэтай дысцыпліне стала 55-гадовая Ізабэль Вэрт. Да гэтага яна 6 разоў перамагала на Алімпійскіх гульнях у складзе каманды (1992, 1996, 2000, 2008, 2020, 2024) і 1 раз – у асабістых спаборніцтвах (1992).
Акрамя таго, на рахунку Ізабэль яшчэ 5 срэбраных узнагарод на Гульнях – усе асабістыя (1992, 2000, 2008, 2016, 2020).
КНДР і Паўднёвая Карэя аб’ядналіся
Падобны загаловак пакуль застаецца фантазіяй і марай з абодвух бакоў лініі разьмежаваньня на карэйскай паўвыспе. У нашым выпадку справа вядзецца пра сумесны фотаздымак.
Па выніках алімпійскага турніру па настольным тэнісе ў зьмяшаным парным разрадзе паўднёвакарэйцы Лім Чон-хун і Сін Ю-бін узялі бронзавыя ўзнагароды, калі перамаглі ў матчы за трэцяе месца пару з Ганконга. Срэбра дасталася паўночнакарэйцам Ры Чон Сік і Кім Кум Ён — у фінале іх абыгралі кітайцы Ван Чуцынь і Сунь Інша.
Падчас цырымоніі паўночнакарэйскія і паўднёвакарэйскія спартоўцы абмежаваліся лёгкім поціскамі рукі і словам «віншую» на карэйскай мове. Аднак пасьля ўручэньня мэдалёў адзін з прадстаўнікоў Кітая прапанаваў зрабіць пераможнае сэлфі.
На Алімпіядзе ў Парыжы арганізатары дазволілі рабіць такія фота на тэлефон Samsung — афіцыйнага партнэра гульняў. Прадстаўнікі дзьвюх Карэй пагадзіліся — і іх сумеснае сэлфі завірусілася ў інтэрнэце. У Паўднёвай Карэі гэтае фота назвалі «сапраўдным алімпійскім духам».
Спатроўцы з КНДР апынуліся на п'едэстале Алімпіяды ўпершыню з 2016 года. Спадзяемся, на радзіме ім выдадуць грамату, а не закінуць у працоўны лягер за такое фрывольнае фота з ідэалягічнымі ворагамі.
З мужчынскімі храмасомамі – у жаночых спаборніцтвах
Іман Хэліф была дыскваліфікаваная з Чэмпіянату Сьвету па боку 2023 праз правалены гендэрны тэст. Але па не самых празрыстых прычынах была заяўленая на Алімпійскія гульні ў жаночых спаборніцтвах.
Сама (сам) Іман Хэліф назвала выступ на Алімпіядзе бітвай "за сваю годнасьць": «Гэты мэдаль прыйдзе пасьля доўгіх гадоў працы. Гэта ўзнагарода для краіны, для ўсіх арабскіх краінаў. Я прысьвячу перамогу Алжыру, алжырскім жанчынам і алжырскаму боксу», – заявіла Іман Хэліф.
Нагадаем, Хэліф выйшла ў паўфінал жаночага турніру ў катэгорыі да 66 кг на Алімпіядзе-2024.
Анжэла Карыні папрасіла прабачэньня ў Іман Хэліф за паводзіны пасьля паядынку. Карыні і Хэліф сустрэліся ў 1/8 фіналу Алімпійскіх гульняў. Усё скончылася на першай хвіліне паядынку: Карыні прапусьціла два ўдары ў нос і адмовілася ад працягу бою.
Аглядальнікі з La Gazzetta dello Sport прачыталі па яе вуснах: "Мне жудасна балюча, я не хачу працягваць". Пры агучваньні вердыкта Карыні крычала на італьянскай: «Гэта несправядліва! Несправядліва!», адмовілася ад поціску рукі з Хэліф і заплакала.
Хэліф дапусьцілі да спаборніцтваў з павышаным узроўнем тэстастэрону.
«Сітуацыя мяне засмучае. І мне шкада Хэліф. Калі МАК дазволіў ёй удзельнічаць у турніры, то я мушу паважаць гэтае рашэньне. Не зьбіралася адмаўляцца ад поціску рукі - я проста моцна знэрвавалася, што мой шлях на Алімпіядзе скончыўся. Я хачу папрасіць прабачэньня ў яе і ўсіх астатніх. Нічога не маю супраць Хэліф. Абдыму яе, калі мы калі-небудзь сустрэнемся зноў», — сказала Анжэла Карыні.
На бок італьянкі сталі шматлікія арганізацыі і вядомыя людзі. Напрыклад пісьменьніцца Джоан Роўлінг раскрытыкавала правілы допуску спартоўцаў на Алімпіяду:
«У маладой дзяўчыны-баксэркі (маецца на ўвазе Карыні – заўв. П.Х.) толькі што адабралі ўсё, дзеля чаго яна працавала і трэніравалася, таму што вы дазволілі мужчыну выйсьці супраць яе на рынг. Вы ганьбіце сьвет, ваша «абарона» — гэта жарт, Алімпіяда ў Парыжы назаўжды застанецца заплямленай жорсткай несправядлівасьцю ў адносінах да Анжэлы Карыні», — напісала Джоан Роўлінг.
Чалавек з храмасомамі як у мужчынаў (XY) удзельнічае ў спаборніцтвах па боксу сярод жанчынаў, якія маюць храмасомы ХХ.