14-гадовая чэмпіёнка, 61-гадовая ўдзельніца, Японія на самай вышыні – як праходзіць Алімпіяда
Парыжскія гульні толькі нядаўна пачаліся, але ўжо падаравалі багата цікавых, прыгожых і трагічных гісторыяў. Усё самае захапляльнае – у нашым матэрыяле.
Мэдалі
На сёньняшні дзень адносна нечакана больш за ўсё алімпійскага золата ў Японіі. Краіна, дзе ўздымаецца сонца мае 6 алімпійскіх чэмпіёнаў. Адразу за ёй – Францыя, Кітай, Аўстралія і Паўднёвая Карэя – па пяць узнагародаў вышэйшай пробы.
Калі глядзець на агульную колькасьць мэдалёў, тады на чале атрымліваецца ЗША – ажно 20, зь іх толькі тры – за першае месца. Увогуле на сёньня спартоўцы з 37 краінаў пасьпелі пастаяць на алімпійскім п’едэстале. Сярод іх такія дзяржавы як Фіджы, Косава, Узбэкістан. Беларускіх спартоўцаў пакуль і блізка да змаганьня за нейкія мэдалі не было.
Чэмпіёнка ў 14
14-гадовая японка Кока Есідзава стала алімпійскай чэмпіёнкай па скейтбордынгу. Срэбраным прызэрам стала яе суайчыньніца Ліз Акама, якой 15 гадоў, бронзавым — 16-гадовая бразільянка Райса Леал.
«Я ведала, што калі я хачу перамагчы, я павінна пайсьці на самыя складаныя трукі. Я не імкнулася да другога ці трэцяга месца. Я нацэлілася на першае месца рухамі самай высокай складанасьці», — сказала чэмпіёнка.
Калі вы ў шоку ад узросту японкі, вось вам дадатак: Маміджы Нісія — якая ўзяла першае золата ў гісторыі дысцыпліны на Алімпіядзе ў Токіа ва ўзросьце 13 гадоў — на гэты раз не патрапіла ў каманду. Як кажуць у такіх выпадках: адчуйце сябе старым.
З бронзавай прызэркай гэтых спаборніцтваў быў зьвязаны іншы цікавы выпадак. Бразыльская скейтбардыстка Райса Леал пазначыла на Алімпіядзе сваю прыналежнасьць да хрысьціянства. Пасьля выступу Леал сказала на мове жэстаў у камэру: "Езус ёсьць шлях, ісьціна і жыцьцё".
Такім чынам яна выказала пратэст супраць правіла Алімпіяды, якое забараняе дэманстраваць рэлігійныя жэсты і сымбалі.
У 61 – толькі пачатак
Спадарыня Ні Сялянь выступае за зборную Люксэмбургу. Зразумела, датычнасьць да маленькай краіны ў яе цалкам намінальная, бо нарадзілася Ні ў Кітаі і была кітаянкай доўгі час. Ні Сялянь перамагала на чэмпіянаце сьвету 1983 года па настольным тэнісе. Трымайцеся за фатэль: у 1983 годзе гэтая жанчына ўжо была лепшай у сьвеце ў сваім спорце.
Не прайшло і дзесяці гадоў, як яна пакінула камуністычную радзіму і перабралася ў Эўропу. Напачатку ў Нямеччыну, а потым і ў Люксэмбург, за які і пачала выступаць.
Калі вы думаеце, што яе прысутнасьць на Алімпійскіх гульнях у Парыжы зьяўляецца проста знак пашаны да сталых людзей – запісвайце сябе ў “модную” сёньня катэгорыю эйджыстаў.
Насамрэч Ні Сялянь ужо прайшла адну суперніцу, якой было 31 год і спадзяецца на большае:
«Я ведаю, што не самая маладая, але заўсёды кажу: «Сёньня я маладзейшая, чым буду заўтра». Калі ты настройваешся на нешта, тады ўзрост - не перашкода». Хаця месца сур'ёзнаму аналізу таксама ёсьць: «У цябе траўмы, ты хутка стамляешся і аднаўляешся ўжо не так лёгка. Але з узростам зьяўляецца і перавага. Ты павінна вызначыць яе і засяродзіцца на тым, што маеш. Я невысокага росту, я старая, у мяне старамодны стыль гульні, але я ўпэўненая, што ў мяне правільны падыход, які дапамог мне зайсьці так далёка».
Шпіёны на Гульнях
Канада і Новая Зэляндыя павінны былі згуляць 25 ліпеня ў першым туры жаночага алімпійскага турніра па футболе. За тры дні да гульні трэніроўку новазэляндак у Сэнт-Эцьене прыйшлося спыніць — над полем лётаў беспілётнік.
Алімпійскі камітэт Новай Зэляндыі паведаміў, што яны зьвярнуліся ў паліцыю: высьветлілася, што апэратарам беспілётніка аказаўся супрацоўнік зборнай Канады. Адразу праінфармавалі і МАК.
У Канадзе адрэагавалі: «Канадскі алімпійскі камітэт выступае за сумленную гульню, мы шакаваныя і расчараваныя. Прыносім шчырыя прабачэньні Новай Зэляндыі, усім гульцам, якіх закрануў інцыдэнт, і Алімпійскаму камітэту Новай Зэляндыі». Свайго супрацоўніка канадцы назвалі "неакрэдытаваным чальцом дапаможнага пэрсаналу зборнай".
Аказалася, гэта не першы выпадак — 19 ліпеня над новазэляндкамі, якія трэніраваліся, ужо лётаў дрон.
Што ў выніку?
Канада прыбрала са штаба зборнай аналітыка Джозэфа Ламбардзі і асістэнта галоўнага трэнера Жасмін Мандэр, якая атрымлівала нелегальна здабытыя дадзеныя, а галоўны трэнер Бэверлі Прыстман вырашыла не кіраваць камандай у матчы з новазэляндкамі.
Канада з цяжкасьцю выйграла 2:1. Пасьля чаго ФІФА зьняла зь яе шэсьць пунктаў (гэта значыць пазбавіла трох за перамогу і пакінула з мінус трыма перад другім турам), а вышэй згаданых Ламбардзі Мандэр Прыстман дыскваліфікавала на год.
Экаактывісты зноў псуюць маёмасьць
Французская паліцыя затрымала 14 экаактывістаў за пляны дывэрсіяў на Алімпіядзе. Людзі, падазраваныя ў дывэрсіях былі арыштаваныя 27 ліпеня на плошчы Шатле ў Парыжы.
Яны зьбіраліся «правесьці акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня пад назвай «Забароненыя гульні», мэтай якой было выказваньне пратэсту «сацыяльным і экалагічным разбурэньням Парыжа 2024 года».
Агулам у акцыі павінны былі прыняць удзел 50 чалавек.
Нагадаем, падобная група людзей напярэдадні, падчас Чэмпіянату Эўропы па футболу, сапсавала фарбай старажытную архітэктурную каштоўнасьць – Стоўнхэдж у Англіі. Таксама ўлюбёны прыём экаактывістаў – абліваць фарбай і іншымі вадкасьцямі творы мастацтва ў музэях.
Антысэмітызм
Пракуратура Францыі рассьледуе антысэмітызм на матчы на Алімпіядзе. Рассьледаваньне распачатае пасьля скаргі Арганізацыйнага камітэта Алімпійскіх гульняў на падзеі ў матчы зборных Ізраіля і Парагвая (2:4) на групавым этапе алімпійскага футбольнага турніру.
Падчас матчу каля дзесяці чалавек у масках і ў чорным адзеньні разгарнулі банэр з надпісам «Алімпіяда генацыду. Таксама сцьвярджаецца, што адзін з сяброў гэтай групы дэманстраваў «антысэміцкія жэсты».
Акрамя гэтага каля пяцідзесяці гледачоў на адной з трыбунаў скандавалі лёзунгі "Ізраіль забівае дзяцей Палестыны" і "Мы ўсе дзеці Газы".
Той самы скандал на адкрыцьці
«Мы ніколі не зьбіраліся выказаць непавагу сацыяльным групам, наадварот, мы спрабавалі падкрэсьліць і адсьвяткаваць разнастайнасьць грамадзтва.
Нам здаецца, што мы гэтага дабіліся. І калі мы кагосьці пакрыўдзілі, то прыносім прабачэньні», – сказала дырэктар аргкамітэта па камунікацыях Ан Дэшам.
Разам з тым каталіцкія біскупы Францыі шкадуюць з-за сцэнаў «зьдзекаў з хрысьціянства» на адкрыцьці Алімпійскіх Гульняў
«Цырымонія адкрыцьця падаравала ўсяму сьвету цудоўныя моманты прыгажосьці і радасьці, эмоцыі і атрымала ўсеагульнае прызнаньне. На жаль, гэтая цырымонія ўключала ў сябе сцэны кпінаў і зьдзекаў з хрысьціянства, пра што мы глыбока шкадуем.
Мы дзякуем прадстаўнікам іншых рэлігійных канфэсій, якія выказалі сваю салідарнасьць з намі. Сёньня мы думаем аб усіх хрысьціянах на ўсіх кантынэнтах, якія пацярпелі ад празьмернасьці і правакацый пэўных сцэнаў.
Алімпійскае сьвяткаваньне выходзіць далёка за межы ідэалягічных прадузятасьцяў некалькіх мастакоў», – гаворыцца ў заяве біскупаў Францыі.
Можна па рознаму ставіцца да скандальнага элементу ў адкрыцьці Гульняў, але ўсё ж жадалася даведацца, ці так жа лёгка арганізатары маглі б пакпіць і пазьдзеквацца з ісламу і іх прарока? І што можна было б чакаць, калі б гульні адбываліся недзе ў Саўдаўскай Арабіі і на адкрыцьці “крэатыўныя сучасныя мастакі” паказалі пародыю на мусульманскага Мухамэда?
Пытаньне рытарычнае вядома.
Citius, altius, fortius! – як кажа алімпійскі дэвіз.