Алімпіяда-2024 пачалася! Дасье ў карыкатурах

Алімпіяда ў Парыжы яшчэ да старту ўнесла карэктывы ў палітычна-грамадскую дыскусію. Многія дзеянні палітыкаў параўноўваюць з учынкамі спартсменаў. Напрыклад, сыход Джо Байдэна з выбарчай гонкі на карысць Камілы Харыс многія параўналі з перадачай палачкі падчас атлетычнага забегу.

1_1032.jpg

А аўтар гэтай карыкатуры спрабуе ўявіць, як маглі б праходзіць спартыўную дыстанцыю Дональд Трамп і Каміла Харыс, калі б былі атлетамі. Як бачым, Трамп проста тупа збівае ўсё на сваім шляху. У той жа час Харыс спрабуе пераадольваць перашкоды паводле правілаў.

2_929.jpg

Беларускі і расійскі афіцыёз задоўга да адкрыцця гульняў сталі прадстаўляць парыжскія Гульні як падзею выключнай неарганізаванасці і буянства крымінальных элементаў. 

Глядзіце таксама

Насамрэч, для такой метраполіі як Парыж з яго сацыяльнымі кантрастамі тут няма нічога дзіўнага. Таму заходняя прэса, не хаваючы падобных з’яў, робіць з гэтага сенсацыі. На гэтым малюнку мастак іранізуе над тым, што хуліганы напярэдадні Гульняў падпалілі некалькі электрычак. І тым самым, паводле меркавання мастака, па-свойму запалілі алімпійскі агонь.

3_807.jpg

Трэба сказаць, што французскія ўлады спрабавалі ачысціць горад ад антысацыяльных элементаў. Але гэта якраз і выклікала крытыку грамадскасці. Тэматычны малюнак нідэрландскага мастака.

4_716.jpg

Заходнюю прэсу, у тым ліку графікаў, хутчэй засмучае, што Гульні праходзяць у той час, як ва Украіне працягваецца вайна. Гэта і стала прычынай абмежавання для ўдзелу расейскіх атлетаў. Аўстрыйскі мастак Мар'ян Камінскі спрабуе ўявіць, як мог бы выглядаць удзел Расіі на Алімпіядзе.

5_659.jpg

А арабскіх мастакоў абурае, што Гульні праходзяць на фоне працягу крывавага канфлікту ў Палесціне.

6_492.jpg

Гульні, між тым, пачаліся са скандалу. Цырымонія адкрыцця выклікала крытыку перш за ўсё з-за сцэны, якая многім падалася пародыяй на «Таемную вячэру» Леанарда да Вінчы, дзе замест Ісуса і яго вучняў былі барадатая жанчына і пераапранутыя ў жанчын мужчыны. Праціўнікі ЛГБТ негатыўна пракаментавалі тую пародыю, у тым ліку, з дапамогай графікі.

7_352.jpg

У выніку ў аргкамітэце Алімпіяды ў Парыжы папрасілі прабачэння за «некаторыя сцэны» на адкрыцці Гульняў. Зрэшты, кансерватараў гэта не спыніла. Адзін з карыкатурыстаў увогуле параўнаў Алімпіяду з сатанінскім дзеяннем. Нагадаем, што тры шасцёркі лічацца знакам д'ябла.

8_225.jpg

Як бачым, старт у Алімпіяды ў Парыжы аказаўся вельмі скандальным. Застаецца спадзявацца, што ўсё ж падобныя скандалы адыйдуць на другі медыйны план, а на першае месца выйдуць алімпійскія рэкорды.