Парыж напярэдадні Алімпіяды. ФОТА

Засілле блашчыц у гатэлях і аблавы на бяздомных. Паводле беларускага афіцыёзу, менавіта гэтыя дзве з'явы галоўным чынам характарызуюць побыт французскай сталіцы ў чаканні Алімпійскіх гульняў. Аўтар «Новага Часу» напярэдадні адкрыцця Алімпіяды прайшоўся па Парыжы, каб на свае вочы спраўдзіць, ці так гэта. 

Наконт блашчыц цяжка сказаць, паколькі ў кожнай гасцініцы верагодна свая абстаноўка. А вось наконт бяздомных можна паспрачацца. Калі нейкую частку клашараў і дэпартавалі на час з Парыжа, то агульны пейзаж гэта слаба змяніла. Маргіналаў можна сустрэць літаральна паўсюль. Прычым, часам іх прысутнасць з'яўляецца проста нейкім дэманстрацыйным выклікам на адрас грамадства. Напрыклад, гэты бяздомны ператварыў у свае «апартаменты» прыпынак грамадскага транспарту.

1_1025.jpg

Вось хто сапраўды пацярпеў ад Алімпіяды, дык гэта прадаўцы букіністычных кніг. Яны даўно аблюбавалі для сваёй дзейнасці набярэжныя Сены. Па ходзе падрыхтоўкі да Алімпіяды «лафа» скончылася — большасць бібліяфілаў пагналі прэч з набярэжных. Там, дзе ішоў бойкі гандаль, сёння можна бачыць толькі сіратлівыя закрытыя боксы. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што для барацьбы кнігалюбы нават аб'ядналіся і стварылі прафсаюз. Але, як бачым, гэта не надта дапамагло. 

2__7__8.jpg

А вось хто відавочна вырашыў пагрэць рукі на Гульнях, — гэта ўладальнікі сувенірных буцікоў. Шапікі перапоўнены таварамі з алімпійскай сімволікай. Зрэшты, мяркуючы па вонкавым выглядзе турыстаў, апошнія пакуль аддаюць перавагу традыцыйнаму набору сувеніраў з выявай Эйфелевай вежы і карцін імпрэсіяністаў. 

3__6__4.jpg

Аператыўна падмітусіліся да пачатку Алімпіяды і ў мясцовым раёне «чырвоных ліхтароў». Гаворка пра славутую плошчу Пігаль і наваколлі, дзе куды не плюнь секс-шопы. Манекены ў іх вітрынах зараз вельмі часта ўпрыгожаны алімпійскай атрыбутыкай. Гэта яшчэ не ўсё. Унутры магазінаў, дзе здымаць забаронена, спартыўная тэма актыўна выкарыстоўваецца для рэкламы сексуальных цацак. Відовішча, трэба сказаць, не для прыхільнікаў кансерватыўных каштоўнасцяў.

4__3__5.jpg

Як сцвярджаў класік, «Парыж — гэта свята, якое заўсёды з табой». У апошнія дні гэта хутчэй не свята, а будпляцоўка, якая вакол цябе. Пры гэтым відавочна будаўнікі адстаюць ад графіка. То там, то сям яны імкнуцца дабудаваць спартовыя аб'екты. Асабліва шмат канструкцый на Сене. Мусіць, тут пройдуць галоўныя мерапрыемствы ў рамках адкрыцця. 

5_657.jpg

Своеасаблівым сімвалам парыжскага доўгабуда з'яўляецца знакаміты сабор Нотр-Дам-дэ-Пары, які некалькі гадоў таму пацярпеў ад пажару. Мяркуючы па наяўнасці вакол комплексу будаўнічых кранаў, сабор усё яшчэ на капітальным рамонце. 

6_490.jpg

Затое ў горадзе маса сілавікоў усіх гатункаў: спецназ, жандармерыя, паліцыя, нейкія агенты ў цывільным і г.д. Зрэшты, на агульную атмасферу гэта не ўплывае. Паліцыя трымаецца ў баку ад публікі. Але нязручнасці звычайныя сітуены і госці сталіцы ўсё роўна ад сілавікоў адчуваюць. У цэнтры горада заблакаваныя цэлыя кварталы, напрыклад, усе выхады на плошчу Канкордыі. 

7_350.jpg

Пакуль больш за ўсё пацярпелі ад гэтых мер звычайныя французы, што падаюць дакументы на візу ў амерыканскае консульства, якое знаходзіцца якраз тут. Паліцыя доўга фільтруе іх перад тым, як пусціць да ўстановы. 

Зрэшты, гэта толькі пачатак. Заўтра пачнецца Алімпіяда, і жыццё парыжан цалкам зменіцца аж да 11 жніўня, калі спартовае свята закончыцца.