Ампутацыя пальца дзеля ўдзелу, былы пэдафіл і бан за цыгарэту: нечаканыя рэчы напярэдадні пачатку Алімпіяды

Напрыканцы гэтага тыдня ў Парыжы пачнецца традыцыйная забаўляльна-спартовая праграма, якая бярэ пачатак яшчэ ў Старажытнай Грэцыі. Алімпійскія гульні сёньня – гэта ўсё яшчэ прэстыж, але ўсё часьцей – проста бізнэс. Вакол грандыёзнага па памерах мерапрыемства ўжо адбыліся шэраг скандальных падзеяў. 

Паліцыя напагатове

Паліцыя напагатове

Як вядома, дэлегацыі Беларусі і краіны, якая распачала поўнамаштабную вайну ў 2022 годзе на Алімпіядзе ня будзе. Замест гэтага будуць удзельнічаць паасобныя спартоўцы ў некаторых відах спорту у нэйтральным статусе. Гэтае пытаньне дастаткова абсмактанае з усіх бакоў, таму і спыняцца на ім ня будзем. Што яшчэ нечаканага здарылася напярэдадні адкрыцьця?

Забастоўкі

Супрацоўнікі аэрапортаў Парыжа зьбіраюцца пачаць страйк у дзень адкрыцьця Алімпіяды. Прафсаюз, які прадстаўляе інтарэсы супрацоўнікаў аэрапортаў Парыжа, падаў апавяшчэньне аб правядзеньні забастоўкі 26 ліпеня.

Прафсаюз патрабуе павялічыць прэміі супрацоўнікам аэрапортаў з 300 да 1000 эўра. Страйк будзе праведзены, бо пагадненьне аб аплаце працы, падпісанае з кіраўніцтвам на мінулым тыдні, прывяло толькі да «частковага і невялікага прагрэсу». Ён працягнецца з 5 раніцы пятніцы да 7 раніцы суботы. У выніку будзе парушаны рух у аэрапортах «Руасі - Шарль-дэ-Голь» і «Арлі», а таксама ў «Бавэ».

Авіякампаніі, якія загадзя былі папярэджаныя аб магчымай забастоўцы, скарэктавалі расклад палётаў. Раней ужо было вядома, што ў дні Алімпійскіх гульняў праз парыжскія аэрапорты будуць праходзіць да 350 тысячаў чалавек за суткі.

Чакаецца, што страйкаў будзе вельмі шмат

Чакаецца, што страйкаў будзе вельмі шмат

Апроч гэтага артысты, якія павінны ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Парыжы 26 ліпеня, прыгразілі ўласным страйкам. Аб гэтым паведамляецца са спасылкай на прафсаюз «Усеагульная канфэдэрацыя працы». Незадаволенасьць артыстаў зьвязаная з умовамі працы, у тым ліку аплатай, а таксама яны адзначаюць парушэньне працоўных дамоваў.

Перамовы з аргкамітэтам Парыжа-2024 і агенцтвам, якое працуе над цырымоніяй адкрыцьця, на дадзены момант не прывялі да прагрэсу. Папярэдне плянавалася, што каля 3000 танцораў, музыкаў і актораў выступяць у шоў.

Глядзіце таксама

Хіджабам – не!

Яшчэ ў верасьні летась стала вядома, што французскім спартоўкам забароняць апранаць хіджаб на спаборніцтвах Алімпіяды. Тады вярхоўны камісар ААН па правах чалавека асудзіў гэтае рашэньне. Там у ААН увогуле неблагія спецыялісты па ХАМАС і хіджабам, атрымліваецца, гледзячы на іх рыторыку.

А напярэдадні Алімпіяды праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай:

«Адхіленьне французскіх спартовак, якія носяць хіджаб, ад выступу на Алімпійскіх гульнях парушае міжнародныя законы аб правах чалавека і выкрывае дыскрымінацыйную крывадушнасьць Міжнароднага алімпійскага камітэта», — гаворыцца ў заяве.

«Гэта агаляе расісцкую гендэрную дыскрымінацыю, якая ляжыць у аснове доступу да спорту ў Францыі», — адзначыла прадстаўніца арганізацыі Ганна Блюс.

Вось так дасталося на словах французскім спартовым функцыянэрам. Ну а мы нагадаем вярхоўнаму камісару ААН і Ганьне Блюс, што нашэньне хусткі ў дзяржаўных школах і ўрадавых будынках Францыі па-за законам з 2004 года, а ў 2010 годзе Францыя забараніла публічнае нашэньне хіджабу, які закрывае твар.

Ізраіль і палестынцы

Алімпійская зборная Ізраіля па футболе

Алімпійская зборная Ізраіля па футболе

ФІФА адклала рашэньне аб адхіленьні (!) Ізраіля ад футбола па запыце палестынцаў.

Кіроўны орган футбола павінен быў прыняць рашэньне ў суботу на пазачарговым паседжаньні рады пасьля таго, як два месяцы таму вырашыў правесьці незалежную юрыдычную ацэнку прапановы палестынцаў. Гэтае рашэньне павінна было быць прынятае за чатыры дні да пачатку алімпійскага футбольнага турніру, дзе Ізраіль згуляе ў адной групе зь Японіяй, Малі і Парагваем.

Аднак на днях ФІФА заявіла, што адсунула тэрміны, паколькі «неабходна больш часу для завяршэньня гэтага працэсу з належнай асьцярожнасьцю і паўнатой», што азначае, што рашэньне будзе прынятае пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў.

Дарэчы, каманды палестынцаў на футбольным турніры ў Парыжы ня будзе, таму Ізраіль зможа перамагчы іх толькі на полі боя, а не на футбольным.

Футбол пасьля Эўра ў Парыжы

Жаночая зборная Бразыліі едзе на турнір

Жаночая зборная Бразыліі едзе на турнір

На алімпійскіх футбольных турнірах па традыцыі выступаюць не нацыянальныя зборныя, а моладзевыя, да 23 гадоў. У складзе можа быць толькі 3 футбалісты, старэйшыя за гэты ўзрост. У выніку, у складзе 16 камандаў, што прабіліся на турнір адсутнічаюць шматлікія зоркі, але не толькі па ўзроставай прычыне.

Сярод 16 камандаў не так шмат сапраўды моцных: гэта зборныя Францыі, Аргентыны і Гішпаніі.

Аднак футбольныя клюбы, за якія выступаюць спартоўцы, збольшага забаранілі сваім зоркам ехаць на Алімпіяду. Гэтая забарона спрацавала і з галоўнай французскай зоркай Кіліянам Мбапэ, які толькі на днях афіцыйна быў прадстаўлены ў новым клюбе – мадрыдзкім Рэяле.

Аргентынскі брамнік Эміліяна Марцінэз быў гатовы судзіцца са сваім клюбам – Астан Вілай, але ў выніку вядома ня будзе, як ня будзе і яго самога ў Парыжы.

Іншую зорку паўднёваамэрыканцаў – Алехандра Гарнача – не адпусьціў Манчэсьцер Юнайтэд. А Леанэль Мэсі таксама прапускае не самы статусны турнір – і ўзрост ужо сур’ёзны і траўма.

Махамэд Салах, эгіпецкая зорка Лівэрпуля не будзе гуляць па тых жа прычынах.  А Ламіна Ямаля, які падыходзіць па ўзросту, пабаяліся адпускаць праз рызыку атрыманьня траўмы.

Глядзіце таксама

Ампутацыя пальца дзеля Алімпіяды

Гулец зборнай Аўстраліі па хакеі на траве Мэцью Доўсан ампутаваў фалангу пальца, каб выступіць на Гульнях-2024 у Парыжы. Незадоўга да старту Алімпіяды Доўсан зламаў палец правай рукі. Спартовец палічыў за лепшае ампутаваць пашкоджаную фалянгу, а не накладваць на яе гіпс.

«Я прыняў усьвядомленае рашэньне, і параіўся з плястычным хірургам. Рашэньне было прынятае не толькі дзеля ўдзелу ў Алімпіядзе, але і дзеля далейшага жыцьця. Лепшым варыянтам для мяне было адрэзаць верхнюю частку пальца», – сказаў Доўсан.

На Алімпіядзе-2020 у Токіа зборная Аўстраліі з Доўсанам у складзе заваявала срэбра. Пасьля такога ўчынку варта чакаць перамогі.

Пасьля тэрміну за пэдафілію – наперад, да вяршыняў Гульняў

Стывен ван дэ Вэльдэ

Стывен ван дэ Вэльдэ

Валейбаліст, які адбыў тэрмін за пэдафілію, будзе жыць на Алімпіядзе-2024 асобна. Пра гэта паведаміў Нацыянальны алімпійскі камітэт Нідэрляндаў. У заяўку зборнай гэтай краіны па пляжным валейболе раней увайшоў Стывен ван дэ Вэльдэ. У 2017-м годзе спартовец, якому зараз 29 гадоў, выйшаў на волю пасьля адбыцьця турэмнага тэрміну за згвалтаваньне 12-гадовай дзяўчыны.

«Ван дэ Вэльдэ па ўласным жаданьні будзе пражываць у іншым месцы і не будзе размаўляць з прэсай падчас свайго знаходжаньня ў Парыжы. Ван дэ Вэльдэ называе гэты сэксуальны гвалт самай вялікай памылкай у сваім жыцьці і шкадуе аб наступствах для ўсіх, каго гэта закранула. Пасьля вяртаньня ў спорт ён выступаў на ўсіх міжнародных турнірах. Але ягоны ўдзел у Алімпіядзе зноў выклікаў рэзананс у сусьветных медыя», – заявілі ў НАК Нідэрляндаў.

У 2014 годзе ван дэ Вэльдэ пазнаёміўся ў сацсетцы з 12-гадовай дзяўчынкай з Вялікай Брытаніі. Праз некалькі дзён ён прыехаў у Англію, каб сустрэцца зь ёй, а праз нейкі час паміж імі адбылася інтымная сувязь, пры гэтым валейбаліст, па паведамленьнях брытанскіх СМІ, ведаў аб узросьце.

Валейбаліст быў прысуджаны да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня. Частку тэрміну ён адбыў у Англіі, а потым быў пераведзены ў Нідэрлянды, дзе быў вызвалены і вярнуўся да гульні ў 2017 годзе.

Алкаголь і цыгарэта адправілі дадому японку

Сэка Міята

Сэка Міята

Капітан жаночай зборнай Японіі па спартовай гімнастыцы Сэка Міята была адлічаная са складу і не выступіць на Гульнях-2024 у Парыжы. 19-гадовая Міята прызналася, што паліла і ўжывала алкаголь падчас трэніровачнага збору ў Манака. Яна патлумачыла, што адчувала моцны ціск у сувязі са спаборніцтвамі.

У Японіі паленьне і ўжываньне алкаголю забароненае асобам маладзейшым за 20 гадоў.

Федэрацыя гімнастыкі Японіі паведаміла, што замена спартоўкі, верагодна, ня будзе дазволеная, бо яе зьняцьце не зьвязанае з траўмай ці хваробай.

Украінскае пытаньне

Украінскія спартоўцы не будуць паціскаць рукі расейцам на Алімпіядзе ў Парыжы. Пра гэта распавёў прэзідэнт НАК Украіны Вадзім Гутцайт.

«Мы дамовіліся з міжнароднымі федэрацыямі, дзе неабходна вітаць спартоўцаў падчас сустрэчы, а таксама пасьля матча. Дамовіліся, што ўкраінцы не вітаем адзін аднаго з расейцамі, не паціскаем руку», — сказаў Гутцайт.

Зрэшты, расейскіх спартоўцаў так мала, што іх можна проста не заўважыць.

Глядзіце таксама

Перагляд вынікаў Алімпійскіх гульняў 1900 года

Так—так, на заканчэньне вось такая нечаканая інфармацыя. Падзеі 124 гадовай даўніны былі нядаўна перагледжаныя. Міжнародны алімпійскі камітэт зазірнуў у вынікі Алімпійскіх гульняў 1900 года, якія праходзілі ў Парыжы.

Згодна з рашэньнем выканкама МАК, Францыя атрымае срэбраны мэдаль у мужчынскай роварнай гонцы на 25 км.

Тады мэдаль заваяваў грамадзянін Вялікай Брытаніі Лойд Гільдэбранд. Але нядаўняе дасьледаваньне паказала, што нягледзячы на ​​грамадзянства, спартовец вырас у Францыі, а таксама выступаў за французскі клюб да і пасьля Гульняў-1900.

На падставе гэтай інфармацыі МАК вырашыў выправіць пратакол, каб прысудзіць узнагароду Францыі замест Вялікай Брытаніі. Раней для пачатку вайны паміж гэтымі сёстрамі хапала і меншага.