Нейтральны статус, роўнасць і братэрства. Беларусы едуць на Алімпіяду
Стала вядома, хто з беларускіх спартсменаў возьме ўдзел у сёлетніх Алімпійскіх гульнях, што вось-вось пачнуцца ў Парыжы. Па «нейтральнасці» некаторых з іх ёсць пытанні.
Міжнародны алімпійскі камітэт апублікаваў спіс беларускіх спартсменаў, якія будуць выступаць на Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы. Пра гэта ідзе гаворка на афіцыйным сайце.
Допуск атрымалі 16 спартсменаў у розных відах спорту:
- веласпорт: Ганна Цэрах;
- скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская;
- цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадская, Яўген Ціханцоў;
- барацьба: Абубакар Хаслаханаў;
- тхэевандо: Георгій Гурцыеў;
- акадэмічнае веславанне: Яўген Залаты, Таццяна Клімовіч;
- плаванне: Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко;
- стральба: Дар'я Чупрыс, Аляксандра Пятрова;
- веславанне на байдарках і каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
Гульні-2024 пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Раней МАК апублікаваў аналагічны спіс расійцаў, якія будуць выступаць на Алімпіядзе-2024. Таксама стала вядома, што Украіна будзе прадстаўлена самай малой колькасцю спартсменаў у сваёй гісторыі на Алімпіядзе-2024.
«Трыбуна» прайшлася па апублікаваным спісе і знайшла трошкі цікавага.
Праваабаронцы супраць
Нешматлікім беларускім атлетам, якія прайшлі сіта праверкі на нейтральнасць і атрымалі допуск да Алімпіяды, не даюць расслабіцца. Яшчэ на пачатку ліпеня стала вядома, што ўкраінскае Мінспорту і Алімпійскі камітэт Украіны накіравалі афіцыйны ліст у МАК з патрабаваннямі не дапускаць да Гульняў некаторых быццам бы нейтральных атлетаў з Беларусі.
Невядома, як паставіўся МАК да звароту ўкраінцаў, але атлеты, да якіх выставілі прэтэнзіі, усё-ткі збіраюцца ў Парыж.
Таксама не было ніякай рэакцыі на лісты праваабарончай арганізацыі «Global Rights Compliance» (GRC), у якіх выказвалася занепакоенасць наконт допуску некаторых атлетаў з Беларусі і Расіі.
Прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі, якая аб'ядноўвае юрыстаў-міжнароднікаў і экспертаў і спецыялізуецца на пытаннях міжнароднага гуманітарнага права, адпраўляла ў МАК некалькі лістоў, і ўсе яны засталіся без адказу. Так што ў арганізацыі вырашылі апублікаваць сабраныя доказы таго, што некаторыя дапушчаныя атлеты могуць быць і не нейтральнымі. Такім чынам «Global Rights Compliance» спадзяецца паўплываць на алімпійскіх функцыянераў.
Некаторыя доказы ў дакладзе GRC супадаюць з тымі, што прыводзілі ўкраінцы ў сваім лісце. Так, праваабаронцы зафіксавалі сувязь з лукашэнкаўскімі «сілавікамі» стралка Дарʼі Чупрыс і весляра Яўгена Залатога, а таксама лайкі «праваенных допісаў» ад Георгія Гурцыева. Адзначаецца і сувязь з «сілавікамі» плыўчыхі Анастасіі Шкурдай, аднак тэлеграм-допіс, на які спасылаюцца аўтары, датаваны сярэдзінай 2021-га года, а скрыншот з сайта так званага Мінабароны прыведзены без указання дат. Так што ніякіх пацвярджэнняў таго, што плыўчыха мае дачыненне да сілавікоў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года, у дакладзе няма.
Фігуруе ў тэксце праваабаронцаў і скакун на батуце Іван Літвіновіч, праўда, не праз удзел у рэжымных мерапрыемствах ці лайкі сумнеўных допісаў скакухі ў даўжыню Мірончык-Івановай, як гэта было ў лісце ўкраінцаў. GRC звярнула ўвагу на тое, што ў чэрвені мінулага года батутыст удзельнічаў ва Усерасійскіх спаборніцтвах памяці Героя СССР лётчыцы Еўдакіі Носаль. Удзельнікі турніра спаборнічалі і атрымлівалі ўзнагароды «на фоне масіўнага банера з партрэтам Носаль у савецкай форме з вялікай георгіеўскай стужкай і мноствам савецкіх ваенных медалёў».
«Global Rights Compliance» адзначае, што, паводле крытэраў нейтральнасці, «спартсмены не могуць удзельнічаць у "любой дзейнасці [...] звязанай з [...] падтрымкай вайны на Украіне [...] на любым афіцыйным абʼекце"». Такая падтрымка, у прыватнасці, уключае выкарыстанне колераў георгіеўскай стужкі і любой іншай ваеннай сімволікі і лозунгаў.
Але апроч згаданых беларускіх спартсменаў, пра якіх пісалі і раней, ёсць у дакладзе GRC і пара новых імёнаў.
Абубакар Хаслаханаў, барацьба
«Беларуская федэрацыя барацьбы» магла адправіць на Алімпіяду адразу шасцярых атлетаў, ухваленых МАК, але ў Парыж пакуль едзе толькі Хаслаханаў. Астатніх адчапіў рэжымны бок, бо МАК адсеяў беларускіх фаварытаў.
Раней Хаслаханаў не фігураваў у спісах атлетаў, якія нейкім чынам не адпавядаюць крытэрам нейтральнасці, аднак GRC звярнула ўвагу на ўдзел беларуса ў жніўні 2022-га ў турніры памяці Героя Расіі Аліхана Каліматава, арганізаванага «Федэрацыяй барацьбы Расіі» і федэральным Міністэрствам спорту.
У справаздачы падкрэсліваецца, што гэты турнір быў сканцэнтраваны на ўшаноўванні і ўслаўленні супрацоўніка ФСБ, забітага ў 2007 годзе. Барцы спаборнічалі на фоне яго партрэта і нейкіх заяваў у яго гонар. У GRC нагадваюць, што ФСБ брала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і ажыццяўленні ўварвання ва Украіну (праз уплыў і прапаганду, сабатаж, спробы ліквідацыі ўкраінскага ўрада, суправаджэнне расійскіх войскаў і г.д.) і нясе адказнасць не толькі за акупацыю ўкраінскіх тэрыторый, але і за зверствы, якія на ёй адбываліся.
Акрамя таго праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што на турніры прысутнічалі расійскія вайскоўцы ў поўным баявым абмундзіраванні. А таксама прысутнічаў мясцовы кадэцкі корпус.
Аліна Змушко, плаванне
Пра беларускую плыўчыху раней таксама не гаварылі, але прадстаўнікі GRC знайшлі лайк, які, на іх думку, ставіць нейтральнасць пад сумнеў. Дзяўчыне спадабаўся допіс расійскай актрысы Ганны Хількевіч, у якім тая піша, што «настае новы час» і што гэта «час сілы і час магчымасцей». Затым Хількевіч адзначае, што «не трэба адмаўляць і пісаць, што мы не маем да гэтага ніякага дачынення» і што «маскі з усіх скінутыя на ўсіх узроўнях грамадства і ва ўсіх краінах». Далей яна кажа: «Я бачу, як Захад цісне і спрабуе падарваць сілу і моц Расіі, якая расце» і сцвярджае, што рускі дух «не зламаць». Пазней яна піша, што ў «гэты цяжкі час нашаму прэзідэнту [Уладзіміру Пуціну] асабліва патрэбная падтрымка», і заяўляе, што адбудуцца вялікія перамены ў сусветным парадку.
«Global Rights Compliance» адзначае, што гэта відавочны допіс у падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну — асабліва ўлічваючы тое, што зʼявіўся ён усяго праз некалькі тыдняў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Невядома, як адрэагуе на гэтыя довады МАК, але прэзідэнт «Global Rights Compliance» Уэйн Джордаш лічыць, што сваёй бягучай дзейнасцю спартыўная арганізацыя «фактычна адмывае сваю пазіцыю ў спорце», не ўжывае належным чынам устаноўленыя ёй правілы, якія вызначаюць, хто з расійскіх і беларускіх спартсменаў можа выступаць у Парыжы.
«Калі б яны не выступілі з гэтымі прынцыпамі і не прасоўвалі іх, пазіцыя МАК была б менш абуральнай», – лічыць Джордаш.