Сабаленка не паедзе на Алімпіяду, Азаранка — пад пытаннем

17 чэрвеня стала вядома, што да і так вельмі сціплага беларускага прадстаўніцтва на Алімпіядзе не далучыцца адна вельмі важная персона – рэальная прэтэндэнтка на медаль. Прычым не далучыцца па ўласнай ахвоце. Трэцяя ракетка сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка заявіла, што не паедзе ў Парыж, растлумачыўшы рашэнне правіламі WTА, якія тычацца абавязковых турніраў.

Фота getty images

Фота getty images

«Я не буду гуляць на Алімпіядзе праз правілы WTA з абавязковымі турнірамі. Мне давядзецца чымсьці ахвяраваць. На жаль, мне давядзецца ахвяраваць Алімпіядай», – заявіла падпісантка за Лукашэнку.

Словы Сабаленкі цяжка перакласці на больш простую мову, але «Трыбуна» паспрабавала.

У жаночым тэнісе існуе рэйтынг. У яго залік ідуць пункты, набраныя на 18 турнірах за год. Спартсмен можа паўдзельнічаць і ў большай колькасці спаборніцтваў, але залічаць яму толькі 18 (19-м у якасці бонуса ідзе выніковы турнір WTA, але на яго трапляюць толькі найлепшыя). Сярод 18 турніраў ёсць абавязковыя. Трэба паўдзельнічаць у чатырох турнірах Вялікага шлему і 7 турнірах серыі Masters з 10, што праводзіць WTA. Пункты з гэтых турніраў абавязкова ідуць у рэйтынг. Калі нешта прапусціла — атрымліваеш у рэйтынг нуль пунктаў. Замяніць абавязковыя турніры іншымі немагчыма.

Верагодна, пра гэта гаварыла Сабаленка, калі спасылалася на правілы WTA. Але гэта не нейкія эксклюзіўныя абставіны — пра рэйтынг клапоцяцца ўсе топавыя тэнісісткі свету. І шмат хто з іх паедзе на Алімпіяду. Да таго ж у Сабаленкі няма праблем з колькасцю турніраў.

У кантэксце адмовы ад Алімпіяды спартсменка згадала і іншыя абставіны: «Я аддаю перавагу невялікаму адпачынку, каб быць упэўненай, што фізічна і з пункта гледжання здароўя я гатовая да хардавых кортаў. Асабліва з улікам усіх праблем, з якімі сутыкнулася за апошні месяц. Мне трэба паклапаціцца пра здароўе».

Доўгі час увогуле было незразумела, ці атрымаюць тэнісісты з Беларусі права выступаць на Алімпіядзе. Уся справа ў абмежаваннях, што накладзеныя праз вайну Расіі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, і сёння Сабаленка гуляе без сцяга і згадкі краіны, якую прадстаўляе.

Пра тое, што беларускія тэнісісты змогуць паехаць на Гульні, было абвешчана толькі ў пачатку сакавіка гэтага года. У іх інтарэсах Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) нават адмяніла абавязковую ўмову гульняў за зборную, бо і шансаў на такі выступ не было праз міжнародны бан.


Глядзіце таксама

Кіраўнік беларускай федэрацыі тэніса Сяргей Рутэнка амаль адразу заявіў, што ідзе падрыхтоўка дакументаў для заяўкі Вікторыі Азаранкі і Арыны Сабаленкі на Алімпіяду. Паводле яго слоў, спартсменкі на той момант ужо рыхтаваліся да галоўнага старта чатырохгоддзя. Аднак пазней Рутэнку прыйшлося ўдакладняць, што Азаранка «пакуль» згоды на ўдзел не дала, а вось Сабаленка, як вынікала з кантэксту, паехаць у Парыж пагадзілася.

«Мы можам заявіць [на Алімпіяду] толькі па рэйтынгу. І па ім праходзяць Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка, а таксама Вікторыя Азаранка, але пакуль яна згоды не дала. Адказалі толькі Аляксандра і Арына», — казаў лукашыст.

13 чэрвеня ў СМІ з'явілася інфармацыя, што ITF пацвердзіла трапленне Сабаленкі, Азаранкі і Сасновіч у папярэдні спіс удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

Пры гэтым Азаранка ніяк не каментавала свой магчымый удзел у Гульнях. А вось Сабаленка пра гэта заяўляла публічна, прычым яшчэ за пару месяцаў да рашэння ITF. Тады рэжымная спартсменка радавалася інфармацыі пра допуск, якую агучыў МАК. Казала, што вельмі чакае Алімпіаду і спадзяецца, што будзе здаровая, каб выступіць на высокім узроўні.

Што праўда, праз паўтара месяца ўпэўненасці ў словах спартсменкі паменела. Маўляў, і графік у гэтым сезоне вельмі шчыльны («усе турніры былі прылепленыя адзін да аднаго»), і пераходы з грунту на траву і назад незразумела наколькі карысныя для арганізма, але ў цэлым яна б хацела паспаборнічаць на Алімпійскіх гульнях, праўда, без удакладнення на якіх.

«Я вельмі радая ўдзельнічаць у яшчэ адной Алімпіядзе, я проста спадзяюся прыбыць на мерапрыемства маральна і фізічна падрыхтаванай, я сапраўды хачу там спаборнічаць», — нібыта апраўдавалася Сабаленка.

Калісьці грунт — а менавіта на ім будуць гуляць у алімпійскім Парыжы — лічыўся праблемным пакрыццём для Сабаленкі.

Але ў апошнія гады сітуацыя выправілася. Прадстаўніца Беларусі двойчы станавілася пераможцай у Мадрыдзе, двойчы прабівалася ў фінал Штутгарта. Летась гуляла ў паўфінале «Ралан Гарос». У гэтым годзе там выбыла з чвэрцьфіналу, але не абышлося без медычных праблем.


Глядзіце таксама

Відавочна, што Беларусь страціла сваю асноўную медальную прэтэндэнтку ў тэнісе, хаця папярэдні алімпійскі досвед у Сабаленкі быў зусім не станоўчы — у Токіа яна выбыла ўжо ў другім коле. Сёння ўвогуле вялікае пытанне, хто ўсё ж паедзе ў Парыж. 34-гадовая Азаранка працягвае захоўваць маўчанне. Больш за тое, варта прыгадаць яе адмову ехаць на Алімпіяду-2020. Тады Азаранка спасылалася на цяжкасці, звязаныя з пандэміяй, але зазначала, што мае намер прадставіць Беларусь на наступных Гульнях. Але ці не перадумала яна? Апошнім часам прыярытэтам для спартсменкі выглядае час побач з сынам.

Цікава, што яшчэ ў сакавіку на адным з тэнісных сайтаў з'яўляўся інсайд, што ні Сабаленкі, ні Азаранкі няма ў спісе магчымых удзельніц Алімпіяды. ITF тады зняпраўджвала гэтую інфармацыю. На сёння мы маем адмову Сабаленкі, нягледзячы на фармальную магчымасць паехаць на турнір. А якім будзе канчатковае слова Азаранка?

Ёсць яшчэ 30-гадовая Сасновіч. На днях яна якраз выпала з топ-100 рэйтынга WTA.

Найлепшы выступ беларускі ў гэтым сезоне — выхад у 1/8 фіналу на турніры ў Чарльстане. На «Ралан Гарос» жа яна вылецела ў другім кваліфікацыйным раундзе, прайграўшы Зейнэп Сонмез з Турцыі (7:6, 3:6, 4:6).

4 ліпеня ITF апублікуе канчатковы спіс удзельнікаў Гульняў у Парыжы.