Сабаленка і Азаранка — ідэальныя нейтральныя спартсменкі. Рэжым не ведае, як да іх прымазацца
Міжнародная федэрацыя тэніса дазволіла беларускім тэнісістам удзельнічаць у Алімпіядзе ў нейтральным статусе. І, выглядае, гэты статус тут вельмі дарэчны. Настолькі, што рэжым Лукашэнкі цяпер не ведае, як атрымаць фармальнае дачыненне да зорак сусветнага тэніса — і патэнцыйных медалістак Парыжа-2024.
Што такое нейтральны статус
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну (у тым ліку з комплекснай дапамогай Беларусі) спартсмены дзвюх краін-суагрэсарак аказаліся ў міжнароднай ізаляцыі. Іх зрабілі персонамі нон-грата на чэмпіянатах свету і Еўропы, у Кубках свету і іншых важных спаборніцтвах.
Так доўжылася два гады, пасля чаго міжнародная спартыўная супольнасць змяніла падыходы. З набліжэннем Алімпіяды, якая пройдзе ўлетку ў Парыжы, МАК (Міжнародны алімпійскі камітэт) ініцыяваў вяртанне атлетаў РФ і РБ да стартаў, але ў нейтральным статусе. Федэрацыі па відах спорту прыслухаліся да рэкамендацый, і частка беларусаў ужо спаборнічае, і сям-там нават выйграе медалі.
Логіка МАК і прыхільнікаў такога рашэння простая. Маўляў, мы па-ранейшаму на баку Украіны, Масква і Мінск вінаватыя ў гэтай вайне, але асобныя спартсмены — яны ж ні пры чым. Пры ўмове, вядома, калі свядома і публічная не падтрымалі агрэсію. Значыць, людзей трэба аддзяліць ад іх дзяржаўнай прыналежнасці і дазволіць вярнуцца ў вялікі спорт.
Аддзяліць — гэта значыць, пазбавіць сцяга, гімна, іншай сімволікі. У афіцыйных пратаколах ніяк не пазначаць іх грамадзянства. Ну, кшталту, вось тут у нас стартуе француз, тут нарвежац, а тут проста Мікола з планеты Зямля. У гэтым ёсць пэўная (хаця і небездакорная логіка), якую коратка можна звесці да недапушчальнасці калектыўная адказнасці і выканання правоў чалавека.
Датычна тэнісу неабходна ўдакладніць, што тут ізаляцыя аказалася частковай. Беларусаў забанілі на ўзроўні камандных турніраў, у індывідуальным разрадзе яны працягнулі гуляць. Менавіта падчас вайны (2023 і 2024) Сабаленка двойчы перамагла ў Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. А яшчэ запомнілася спробамі ўседзець на двух крэслах падчас адказаў на пытанні журналістаў пра вайну і Лукашэнку — выказвалася цьмяна, расплывіста, каб нікога не пакрыўдзіць.
Азаранка сутыкнулася з падобнымі цяжкасцямі, напрыклад, украінскія спартсменкі адмаўляліся паціскаць ёй руку пасля матчаў. Тым не менш яна паводзіла сябе крыху больш выразна. У 2022 годзе яна перадала дзецям у Дняпры і Запарожжы амуніцыю і інвентар для заняткаў тэнісам і была гатовая паўдзельнічаць у дабрачынным зборы дапамогі для Украіны. Азаранка заявілі ў адпаведны дабрачынны турнір, але праз пратэсную пазіцыю ўкраінскіх удзельніц да матчаў у выніку ўсё ж не дапусцілі.
І вось цяпер дзве найлепшыя беларускія тэнісісткі атрымалі магчымасць «нейтральна» згуляць на Алімпіядзе. З неблагімі шанцамі на медалі, у тым ліку ў парных спаборніцтвах. Сабаленка на сёння — другая ракетка свету, Азаранка — 30-я.
Абедзве тэнісісткі цяпер далёка ад Беларусі
Зоркі сусветнага тэнісу сёння з’яўляюцца і ўласна грамадзянкамі сусвету. Прычым сусвету заходняга, што цалкам зразумела.
Вікторыя Азаранка жыве ў ЗША больш за дзясятак гадоў. Там яна мае нерухомасць, там у яе былі бойфрэнды — справа, як кажуць, маладая. Ад аднаго з амерыканцаў у 2016-м у Лос-Анджэлесе нарадзіла сына. Потым пара разышлася, былі гучныя судовыя працэсы за права апекавацца дзіцем. Выйграўшы тыя суды, беларуска пераехала з заходняга на ўсходняе ўзбярэжжа Штатаў — у Маямі.
То-бок жыццё ідзе, Азаранка ўжо 34. Не будзе дзівам, калі ў яе сёння ёсць у ЗША не толькі нейкі ВНЖ, але і пашпарт. Пры гэтым у СМІ можна знайсці звесткі пра тое, што Вікторыя з'яўляецца рэзідэнтам Манака — таксама зразумелы ход, бо ў гэтым княстве невялікія падаткавыя стаўкі.
Арына Сабаленка маладзейшая за Азаранка на дзевяць гадоў. У яе жыццё толькі пачынаецца, але і гэтая тэнісістка ўжо вызначылася з тым, дзе кінуць якар. Яна яго кінула таксама ў ЗША, і таксама ў Маямі, штат Фларыда. Там у яе ёсць дарагая нерухомасць, там яе ўсё задавальняе.
Год таму пасля перамогі ў Аўстраліі ў Сабаленка спыталі, куды яна цяпер паедзе на невялікі адпачынак. Можа, у Беларусь? «Думаю, я паеду ў Маямі. Цяпер я там жыву», — адказала спартсменка.
Іншым разам на пытанне, дзе яна плануе жыць, беларуска адказала: «Раней я думала пра Маямі, але цяпер мне больш падабаецца Нью-Ёрк». Наўрад ці такія адказы спадабаюцца калектыўнаму рэжыму Лукашэнкі, але, як бачна, яго меркаванне спартсменку не надта хвалюе.
І вось з усяго гэтага паўстае просты тэзіс: нейтральны статус вельмі пасуе менавіта гэтым тэнісісткам. У Беларусі іх бачаць рэдка (апошні раз увогуле невядома калі), усе іх актывы, дамы, усё іх жыццё праходзіць па-за межамі вядомага «кавалачка зямлі». Нейкі час таму медыя пісалі, што Азаранка нават выставіла на продаж свой дом на Мінскім моры.
То якая тут прывязка да Беларусі? Хіба толькі пашпарт — і тое пры наяўнасці дазволаў на пражыванне за мяжой. І самае цікавае, што ў падтрымцы беларускіх уладаў гэтыя спартсменкі абсалютна не маюць патрэбы. Што тыя ўлады, выглядае, моцна напружвае.
Рэжым скардзіцца, што цяжка прымазацца да тэнісістак
Рэжым Лукашэнкі любіць трымаць людзей у залежнасці ад сваёй волі. Класіка аўтарытарызму: залежныя больш паслухмяныя і лаяльныя, пры неабходнасці іх лёгка можна прыціснуць. Адсюль заўсёднае змаганне Лукашэнкі з прыватнікамі, «буржуйчыкамі», «яйкагаловымі» айцішнікамі, якія шмат зарабляюць. Пасля 2020 года гэтая змаганне набыло новыя формы, зрушыўшы Беларусь у бок таталітарызму.
У спорце залежнасць ад дзяржавы заўсёды была вельмі моцнай і грунтавалася найперш на фінансаванні. Адпаведна спартсменаў можна было лёгка выкарыстоўваць для прапаганды, тым больш сам Лукашэнка спрэс выстаўляе сябе фізкультурнікам нумар адзін.
Усё гэта працягваецца дагэтуль, але адметнасць у тым, што калі спартсмен паспяховы на міжнароднай арэне ды яшчэ атрымлівае асноўны даход за мяжой, то яго амаль немагчыма прыціснуць. У гэтым сэнсе наданне беларусам нейтральнага статусу стварае для рэжыму пэўны выклік. Калі ты нейтральны, ды яшчэ і фінансава незалежны, то рэжыму няпроста выкарыстаць цябе ў прапагандысцкіх мэтах. Дый той таксічны рэжым табе абсалютна непатрэбны.
Варта адзначыць, што большасць беларускіх спартсменаў, нягледзячы на «нейтральнасць», адправіцца на Алімпіяду за дзяржаўны кошт. Як бюракратычна гэта аформіць — справа тэхнікі. І ў гэтым улады бачаць свой унёсак, сваю дапамогу атлетам у «складаныя часы». І сваё права потым прысабечыць частку алімпійскіх поспехаў. Але вось з тэнісісткамі выпадак асобны.
Былы гандбаліст Сяргей Рутэнка, якога чамусьці паставілі кіраваць федэрацыяй тэніса, нядаўна скардзіўся на гэтую сітуацыю ў інтэрв’ю каналу «Беларусь 5». Кажучы пра Сабаленка і Азаранка, ён нагадаў, што праз абмежаванні яны «не выступалі ў камандных спаборніцтвах апошнія два гады», а цяпер, маўляў, ім яшчэ і прысвоілі нейтральны статус. У выніку, лічыць чыноўнік, узнікае пытанне: «Хто тады будзе арганізоўваць пераезд спартсменаў, пражыванне і да таго падобнае?».
Насамрэч адказ ён выдатна ведае: абедзве тэнісісткі лёгка могуць забяспечыць сябе самі. За сваю кар’еру яны ўжо зарабілі не адзін мільён долараў, то пры жаданні не праблема выдаткаваць крыху на паездку ў Парыж. У выпадку поспеху гэтыя грошы яшчэ і спрацуюць як інвестыцыі — на карысць чарговага рэкламнага кантракту.
Але і ад дзяржаўнай дапамогі яны, калі што, не адмовяцца, бо грошы не пахнуць. Іншая справа, што прыдбаць прапагандысцкіх бенефітаў з іх тэарэтычных перамог будзе не так проста.
Жывучы на Захадзе, беларускую дыктатуру яны не хваляць — маўчаць. На радзіму амаль не ездзяць. Калі раптам нехта з іх стане чэмпіёнкай, то нават зацягнуць чэмпіёнку ў Мінск будзе складана. Не кажучы пра тое, што тая ж Сабаленка, як некалі, прыйдзе на прыём да Лукашэнкі. Крытыкі потым не абярэшся, што яна цудоўна разумее.
На такі выпадак адказ у тэнісістак, здаецца, ужо гатовы. Вы куды пасля перамогі? «У Маямі, я там жыву».