Тэнісістку Азаранка спыталі пра выбары і пратэсты 2020-га. Што яна адказала?
Жыць у ЗША, быць паспяховай і фінансава незалежнай — і ўсё роўна трымаць рот на замку, каб крый божа не пакрыўдзіць дыктатара.
Вядомая беларуская тэнісістка, былая першая ракетка свету Вікторыя Азаранка ў твітары адмовілася адказваць на пытанне чытача аб пратэстах у Беларусі. Яе спыталі: «Ці верыце вы ў празрыстасць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020-м, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў вашых суайчыннікаў?»
Азаранка, якая старанна пазбягае адказаў на пытанні аб пратэстах у Беларусі і вайне ва Украіне, спачатку праігнаравала паведамленне карыстальніка, а пасля наогул выдаліла яго. Гэта заўважыла «Св*бода», якая апублікавала скрыншот.
Адметна, што пытанне было зададзена не проста так, а ў рамках прапанаванага самой тэнісісткай дыялогу з падпісчыкамі.
Іншая вядомая тэнісістка з Беларусі — Арына Сабаленка — адкрыта падтрымлівае палітыку Лукашэнкі, але апошнім часам таксама ўхіляецца ад прамых адказаў на такія пытанні.
Раней пазіцыю страуса, які хавае галаву ў пясок, заняла знакамітая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава. Нягледзячы на тое, што яна даўно жыве за мяжой і з'яўляецца жонкай легендарнага нарвежскага біятланіста Оле-Эйнара Б'ёрндалена, нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе сілавікі жорстка і без аніякіх падстаў збілі яе брата Мікіту Домрачава, рашыцца заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі спартоўка не змагла.
Пры гэтым варта адзначыць, што апошнім часам нават самыя вядомыя беларускія атлеты, якія раней сімпатызавалі Лукашэнку і мелі ад яго шмат прывілей, пазбягаюць публічна падтрымліваць дыктатара.
Апошні красамоўны выпадак з гэтага шэрагу адбыўся нядаўна з той жа Сабаленка.
На турніры ў нямецкім Штутгарце ёй давялося пракаментаваць словы Лукашэнкі аб яе гульні і ранейшым паражэнні на спаборніцтвах у Маямі. Сабаленка ў сваёй прамове фактычна дыстанцыявалася ад дыктатара.
Нагадаем, тады Лукашэнка раскрытыкаваў памылкі спартсменкі: «А што прайграла шэсць падвойных памылак у апошняй гульні і мала трапляла нават у корт? Я яшчэ з ёй буду разбірацца з гэтай нагоды».
— Я не ведаю, што
сказаць. Ён можа каментаваць маю гульню, каментаваць усё, што хоча. Я не маю
нічога агульнага з палітыкай, — сказала Сабаленка на прэс-канферэнцыі. — Я проста спартсменка з Беларусі. Я проста імкнуся рабіць усё
лепшае, што магу, у маім відзе спорту. І спрабую канцэнтравацца на сабе.
Калі ўкраінцы
будуць ненавідзець мяне больш пасля яго прамовы, што я магу зрабіць? Калі ім
лягчэй ад таго, што яны мяне хейцяць, я рада дапамагчы ім у гэтым. Яны могуць
гэта рабіць. Але ў астатнім...
Калі б я магла спыніць вайну, я б гэта зрабіла. Але, на жаль, гэта не залежыць ад мяне і не знаходзіцца пад маім кантролем. Я стараюся не чытаць гэтыя каментары ў інтэрнэце, я стараюся канцэнтравацца на сабе і маёй гульні, а не хвалявацца з нагоды гэтай сітуацыі.