«Я адчуваю сур'ёзныя пакуты з нагоды ўсёй гэтай сітуацыі». Мікіта Домрачаў — пра сваё збіццё і атрыманы штраф
23 лістапада брата славутай біятланісткі Дар'і Домрачавай судзілі па адміністрацыйнай справе, распачатай яшчэ 11 кастрычніка. Хлопец быў затрыманы падчас Марша годнасці, калі ехаў на ровары па набярэжнай Свіслачы. Падчас затрымання яго білі — гэта трапіла на відэа, знятае з акна будынка побач.
Суддзя Аляксандр Брычкоў прызнаў Мікіту Домрачава вінаватым ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве і аштрафаваў на 540 рублёў — 20 базавых велічынь.
— Я быў гатовы да горшага развіцця падзей, — пракаментаваў свой прысуд «Еўрарадыё» Мікіта, які працуе архітэктарам. — Я рады, што так усё скончылася.
— Як вы ставіцеся да таго, што вас спачатку збілі, а цяпер вы яшчэ і атрымалі штраф?
— Гэта ненармальна, але цяпер у нашай краіне дзеюцца значна горшыя рэчы. Людзей забіваюць на вуліцах, у сваіх дварах. Гэта поўнае беззаконне. Я не магу змірыцца з гэтым, але я баюся гэтай негатыўнай сітуацыі. Я баюся за сябе, сваіх родных і блізкіх. Я адчуваю сур'ёзныя пакуты з нагоды ўсёй гэтай сітуацыі.
Я чытаў, што каля 30 тысяч затрыманых — і ніводнага апраўдальнага прысуду няма (калі быць больш дакладнымі, пасля выбараў у Беларусі адбылося каля 30 тысяч затрыманняў, звязаных з пратэстамі, а апраўданыя ў судах ёсць, але такіх выпадкаў нікчэмна мала. — Еўрарадыё). Хутчэй за ўсё, такі ёсць загад — усім даваць пакаранне. Я не ведаю, хто за гэтым стаіць, але такая рэальнасць.
— Вы абскардзілі дзеянні сілавікоў?
— Скаргі я не падаваў. У Следчым камітэце была гутарка, дзе я даваў паказанні наконт гэтай сітуацыі. Яны сказалі, што будуць разбірацца з гэтым. Накіравалі на экспертызу, знялі факт майго збіцця. Быў выклік з іх боку, яны разбіраліся з гэтым пытаннем, але нейкіх дадатковых дадзеных ад іх я не атрымліваў. Я не хацеў выводзіць гэтую сітуацыю на большы напал супрацьстаяння, нейкім чынам правакаваць улады на нейкія крокі ў адказ. Я даверыўся нашым структурам, Следчаму камітэту — гэта іх праца. Я гэтую сітуацыю перажыў.
— Як зараз ваша здароўе?
— У мяне ёсць наступствы траўм: я па-ранейшаму адчуваю галаўныя болі, у мяне парушаны сон, я адчуваю трывогу, не магу займацца фізкультурай, хоць кожны дзень да гэтага бегаў і вёў актыўны лад жыцця. Я прайшоў абследаванне і знаходжуся на лячэнні і пад наглядам раённай паліклінікі. У той жа час я разумею, што ўсё магло скончыцца значна горш.