Лявон Вольскі: Заўсёды знойдуцца людзі, якія табе растлумачаць, што ўсё робіш не так

Як выдатна, што ёсць на нашым кантыненце краіны, дзе на «дзяржаўным мерапрыемстве» зайграе найстарэйшы мэтал-гурт. Лявон Вольскі на Budzma.org дзеліцца ўражаннямі ад адкрыцця Алімпіяды ў Парыжы і піша пра тое, што яму асабіста нагадала нашумелая сцэна з вобразам Дыяніса. 

ljavon_volski_alimpijada.png

«Вось паслухайце „Песьняроў“»

Што ні рабі, чым ні займайся, заўсёды знойдуцца людзі, якія табе растлумачаць, што ты ўсё робіш ня так. Вось пачынаеш займацца музыкай, пішаш свае першыя каструбаватыя песьні і чуеш: «Гэта ў вас нейкі дзікі роў атрымліваецца, а ня музыка. Абы-што!». А далей абавязкова прагучыць нешта пра традыцыі. Напрыклад: «Вось паслухайце „Песьняроў“! Прыемнымі чыстымі галасамі сьпяваюць прыгожыя мэлядычныя песьні. Вось у каго трэба вучыцца!». Гэтаму крытыку абсалютна абыякава, што ты хочаш вучыцца не ў «Песьняроў», а ў гурта «Motorhead», ён і пра існаваньне гэтага гурта нічога ня ведае, а вось — выказвае сваё аўтарытэтнае меркаваньне. 

Кампэтэнтнае меркаваньне з-за сьпіны: «Мазьня нейкая! Калякі-малякі!»

Ці то ты, апантаны авангардным мастацтвам, пішаш абстрактную карціну і чуеш кампэтэнтнае меркаваньне з-за сьпіны: «Мазьня нейкая! Калякі-малякі! Перш, чым браць у рукі пэндзаль, паглядзеў бы карціны Шышкіна. Ці то Хруцкага. Вось у іх — сапраўднае мастацтва. Як на фатаздымку — не адрозьніш». А іншы, адукаванейшы, крытык, безумоўна загаворыць пра традыцыі. Маўляў, для нашае славянскае культуры гэты беспрадмэтны фармалізм чужы. Штучна перасаджаны на нашую глебу з Захаду. 

alimpijada_2024_adkryccjo.png

«Ня трэба, сынок, хадзіць з такой фрызураю!»

Ці то проста адгадоўваеш доўгія валасы і чуеш усьлед: «Зусім ужо дайшлі! Ходзяць патлатыя, незразумела, хто пайшоў — хлопец ці дзяўчына». А нехта старэйшы, напоўнены да краёў жыцьцёвым досьведам, паўшчувае: «Ня трэба, сынок, хадзіць з такой фрызураю! Паглядзі вакол — ва ўсіх хлопцаў акуратныя кароткія стрыжкі. Бо гэта закладзена ў нашых традыцыях — мужчыны мусяць хадзіць з кароткімі валасамі, а жанчыны — з доўгімі». 

А як жа ж нашыя шматвекавыя традыцыі?!

Ня варта спрачацца з гэтымі крытыкамі. Іх не пераканаеш. Для іх у сьвеце ніколі нічога не зьмянаецца, і ўсе рэчы знаходзяцца на сваіх звыклых мейсцах. А калі нешта парушае раз і назаўсёды ўсталяваны парадак, гэта выклікае законнае, здавалася б, абурэньне. А як жа ж нашыя шматвекавыя традыцыі?! Вы што там, зусім звар’яцелі?

Для людзей гэтага сьветапогляду адкрыцьцё Алімпіяды мусіць адбывацца на стадыёне. Традыцыйна. Як заўсёды. Ідуць каманды, нясуць сьцягі. Усё ўрачыста, прыгожа. Афіцыйна! Гімны, маршы, сур’ёзная музыка. А ня ўсе гэтыя сьпевы на вадзе пад акампанэмэнт раялю, які ахоплены полымем. Не (якое дзікунства!) Марыя Антуанэта з адсечанай галавой пад пахаю! Не выступ мэталёвага гурту з опэрнай сьпявачкай (што, у французаў хіба няма нармальных выканаўцаў, абавязкова было ставіць гэты мэтал на «сьвятая сьвятых» — адкрыцьці Алімпіяды?)! І, безумоўна — ня сьпевы паўаголеных трансгендэраў, якія сабраліся за доўгім сталом, і ўсё гэта нагадвае вядомае палатно Леанарда! Не!!! Гэта парушэньне ўсіх хрысьціянскіх і эўрапейскіх традыцыяў і каштоўнасьцяў! Нават зьдзек зь іх! Гэта нізка і амаральна! 

Падчас цырымоніі адурыцця Алімпіяды-2024 у Парыжы. Скрыншот з трансляцыі

Падчас цырымоніі адурыцця Алімпіяды-2024 у Парыжы. Скрыншот з трансляцыі

Празрысты намёк, які цяжка не заўважыць

Лішне казаць, што мне гэтае адкрыцьцё вельмі спадабалася. І хаця спрачацца з крытыкамі не рэкамэндуецца, зазначу, што я ўбачыў у нашумелай застольнай сцэне не «Таемную вячэру», а іншы твор мастацтва — «Баль багоў» — з Апалёнам і Дыянісам (бо навошта гэты Дыяніс у «Таемнай вячэры»?). Апалён, як і належыць богу сонца, мае карону з прамянямі. А баль гэты адбываўся акурат напярэдадні крывавае Траянскае вайны. І гэты празрысты намёк цяжка не заўважыць нават няўзброеным вокам. Але цяжкаўзброеныя вочы крытыкаў-традыцыяналістаў заўважылі зусім іншае. Як ім і належыць. 

Дыяніс на адкрыцці Алімпіяды 2024. Малюнак Лявона Вольскага

Дыяніс на адкрыцці Алімпіяды 2024. Малюнак Лявона Вольскага

Мы прызвычаіліся не заўважаць кічава-эстрадны трэш «Славянскага базару» ці то агратрэш «Дажынак». Хто будзе крытыкаваць гэтыя «падзеі дзяржаўнага ўзроўню», маўляў, і так усё ясна.

Але як выдатна, што ёсьць на нашым кантынэнце краіны, дзе на «дзяржаўным мерапрыемстве» зайграе старэйшы мэтал-гурт, прагучыць «Imagine» і шчодра размаляваныя бяскрыўдныя старажытнагрэцкія пэрсанажы прасьпяваюць жыцьцялюбную песеньку.

Vive la France!

Лявон Вольскі, Budzma.org