Ад праглынання кружэлак да скачкоў праз бочкі. Гульні, якія маглі, але не сталі алімпійскімі
У Парыжы скончыліся Алімпійскія гульні. Не многія ведаюць, што спартыўных дысцыплін, за якімі мы маглі назіраць, магло быць куды больш. Размова пра спаборніцтвы, што мелі шанцы стаць алімпійскімі, але па нейкіх прычынах засталіся незапатрабаванымі Міжнародным Алімпійскім Камітэтам (МАК).
А ёсць гульні, якія былі алімпійскімі дысцыплінамі, але пазней пазбавіліся гэтага статусу. Напрыклад, спаборніцтва трубачоў. У антычныя часы трубачы спаборнічалі, выступаючы на спецыяльных платформах. У гэты час суддзі хадзілі міма, ацэньваючы чысціню і гучнасць гуку. Сапраўдным геніем тут быў нейкі Герадор, які меў такія вялізныя лёгкія, што дзьмуў адначасова ў дзве трубы.
У праграму Алімпійскіх гульняў, якія адрадзілі ў ХІХ стагоддзі, уваходзілі не менш цікавыя віды спорту: заплывы з перашкодамі, гонкі на паветраных шарах, конны скачок і нават турнір пажарных каманд.
Скачкі праз бочкі
Вялікія амбіцыі мелі энтузіясты такога незвычайнага занятку, як скачкі праз бочкі. Гульня ўзнікла ў Галандыі ў пачатку ХХ стагоддзя, калі канькабежцы пачалі спаборнічаць, хто за адзін скачок пераскочыць максімальную колькасць бочак. Рэкорд — 12 бочак — усталяваў адзін амерыканец. У 1951 годзе былі прадуманы правілы, і пачаў праводзіцца рэгулярны чэмпіянат у ЗША. У 1994-м канадская федэрацыя скачкоў праз бочкі спрабавала зацікавіць МАК. Аднак у МАК вырашылі, што бяспека здароўя скакуноў не забяспечана.
Бег на «шлангах»
У канцы ХІХ стагоддзя нехта звярнуў увагу, што ў багністых раёнах французскай Брэтані сяляне ходзяць на вялізных хадулях. Прычым брэтанцы навучыліся нават бегаць на «шлангах» — так называліся тыя хадулі. Узнікла ідэя зрабіць спорт алімпійскім. А адзін з энтузіястаў нават прайшоў у 1891 годзе на такіх хадулях з Брэтані да Масквы (там праходзіла сусветная выстава). Іншыя энтузіясты арганізоўвалі паказальныя гонкі з канямі і нават перамагалі іх. Зрэшты, «шлангі» на Алімпіяду так і не патрапілі.
Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў прыдумляць новыя віды спорту — скрыжоўваць ужо існуючыя дысцыпліны. Так, 1912 у Нью-Ёрку вырашылі спалучыць тэніс і катанне на каньках. Аднак калі справа дайшла да канкрэтных спаборніцтваў аказалася, што гуляць у тэніс на ледзяным корце няпроста. Спартсменаў пераследавалі траўмы. У выніку ідэя заглухла.
Аўтапола
З той жа вобласці і аўтамабільнае пола, дзе трэба было на аўтамабілі загнаць мяч клюшкай па полі ў заліковую зону, нягледзячы на перашкоды супернікаў. Гульня з'явілася на хвалі росту папулярнасці машын у Штатах. Першапачаткова машыны на полі сутыкаліся і нават пераварочваліся. Аднак паступова «аўтапалісты» навучыліся гуляць без аварый. Аўтапола актыўна развівалася па ўсёй Амерыцы і пачало пранікаць у Еўропу. Аднак Першая сусветная вайна пераключыла ўвагу грамадства на іншыя тэмы. Акрамя таго, першапачатковае абаянне ад шоу неўзабаве прайшло.
Бокс на конях
Нечым падобным на аўтапола быў конны бокс. Гульцы, якія сядзелі на канях лупілі адзін аднаго як баксёры. Спорт узнік у кайзераўскай Германіі сярод афіцэраў, якія разлічвалі зрабіць яго такім жа папулярным як звычайны бокс. Але ў выніку іх чакала страшнае расчараванне: конскі бокс сапраўды стаў папулярным, але толькі ў выглядзе кірмашовых забаў. Ды і тое на кароткі час.
Сядзенне на флагштоку
У 1924 годзе галівудскі каскадзёр Элвін Кэлі, які меў ад прыроды вялізны таз, прапанаваў праводзіць турнір па сядзенні на флагштоках на час. І сам жа неўзабаве ўстанавіў рэкорд, праседзеўшы на флагштоку 49 дзён (!). Такі подзвіг выклікаў цікавасць да праектаў Кэлі, але пачалася Вялікая дэпрэсія, і амерыканцам стала не да сядзення на флагштоках.
Глытанне рыбак
Студэнцкая супольнасць з пачатку ХХ стагоддзя была сапраўднай лабараторыяй ініцыятыў па стварэнні новых відаў спорту. Напрыклад, у 1939-м у Гарвардзе глыталі жывых рыбак. Эстафету падхапілі студэнты іншых ВНУ. Калі рахунак пайшоў на тры сотні праглынутых за адзін сеанс рыбак, дырэкцыі ўніверсітэтаў пачалі біць трывогу і спаборніцтвы забаранілі з-за пагрозы для здароўя студэнтаў.
Зрэшты, студэнты хутка прыдумлялі іншыя заняткі. Напрыклад, елі грамкружэлкі ці набіваліся ў тэлефонныя будкі. Пасля таго, як у Дурбане (ПАР) у адну будку ўмясцілася 25 чалавек, мода перакінулася на ўніверсітэты ЗША і Еўропы. Аднак рэкорд паўднёвых афрыканцаў пабіць не ўдалося. Тады студэнты пачалі набівацца ў машыны ці ў туалетныя кабінкі. Тут лаўры належаць вучням каледжа з Паўднёвай Дакоты. У 1959 у туалетнай кабінцы змаглі змясціцца 37 чалавек.
На гэтым спіс спартовых дысцыплін, якія маглі б патрапіць на Алімпіяду, не вычэрпваецца. І няма сумневаў, што будзе папаўняцца. Само жыццё штурхае людзей прыдумляць новыя арыгінальныя віды спаборніцтваў, якім, на жаль, стаць алімпійскімі дысцыплінамі вельмі складана.