«Мірны атам» і грошы для рэжыму. Навошта Лукашэнку яшчэ адна АЭС?
У Расіі шмат грошай праз санкцыі закрытыя ўнутры краіны, а Лукашэнка адчайна мае патрэбу ў гэтых грошах. Рэжыму ўсё адно, што за гэта будуць разлічвацца наступныя пакаленні беларусаў.
![Беларуская АЭС. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Беларуская АЭС. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_aes_ekanomika_zyccjo_2024_fota_novy_czas__6_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717422982&w=528)
Беларуская АЭС. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што думае пра другую АЭС у Беларусі, ідэя стала набываць усё больш адчувальныя рысы. Уладзімір Пуцін, будучы ў траўні з візітам у Мінску, сказаў: «Мы, безумоўна, настроеныя і далей дапамагаць беларускім сябрам развіваць уласную атамную галіну». А кіраўніцтва «Расатама» запэўнівае, што гатова рэалізаваць праект.
Між тым, і да першай АЭС шмат пытанняў. Чаму ж дакучлівая думка пра другую атамную станцыю лунае ў галовах вялікага беларускага начальства?
Адказ крыецца ў разуменні прыроды падобнага кшталту мегапраектаў у беларускай эканоміцы і палітыцы, піша Алесь Гудзія на «Позірку».
Аперацыя па засваенні вялізнага аб'ёму сродкаў
АЭС для эканомікі Беларусі — гэта значна больш, чым проста замена аднаго віду паліва іншым. Тут, дарэчы, няма нават гаворкі пра дыверсіфікацыю пастаўшчыка: як газ, так і ядзернае паліва Беларусь атрымлівае з Расіі.
Значна важней тое, што пашырэнне аб'ёмаў генерацыі электраэнергіі азначае сур'ёзныя змены ў тэхналагічнай і вытворчай інфраструктуры краіны. Праект АЭС на самой справе выглядае як аперацыя па засваенні вялізнага аб'ёму сродкаў. Яны патрэбныя як непасрэдна для ўзвядзення АЭС, так і для падтрымкі многіх галін нацыянальнай эканомікі замовамі пры будаўніцтве станцыі.
Калі ўласныя рэсурсы сціплыя ды, да таго ж, дзейнічаюць заходнія санкцыі, такі праект можа падтрымаць беларускую эканоміку на плаву.
Глядзіце таксама
![Хто атрымлівае выгаду ад лукашэнкаўскай АЭС? Беларуская АЭС — падарунак для Расіі?](/img/v1/images/b74e7f845f25fe403cf91ffa0d8e7c43_xl.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ужо рэалізаваны праект Беларускай АЭС закрануў далёка не толькі саму станцыю. Гэта і развіццё Астраўца, дзе яна размешчана, і будаўніцтва энергетычнай інфраструктуры па ўсёй краіне для перадачы новых аб'ёмаў энергіі.
Будаўніцтва АЭС стымулюе развіццё новых вытворчасцей, арыентаваных на прадукцыю, што заснавана на электраэнергетыцы. Гэта стварае дадатковыя працоўныя месцы і ўзмацняе эканамічную актыўнасць. Напрыклад, такое маштабнае будаўніцтва ўдыхнула жыццё ў беларускі будаўнічы комплекс, які да гэтага доўгія гады пакутаваў ад недахопу буйных праектаў як унутры краіны, так і за мяжой.
Дзякуючы АЭС электрамабілі і гарадскі электратранспарт маюць шанцы распаўсюдзіцца шырэй. Будаўніцтва такога складанага аб'екта патрабуе высокакваліфікаваных спецыялістаў, што спрыяе развіццю навукі і тэхналогій у краіне.
Энергетычная залежнасць ад Расіі не паслабляецца
Падкрэслім, што пры гэтым Беларусі давялося адмовіцца ад ідэі развіваць энергетыку без атама, хоць гэтая ідэя выглядала практычна кансэнсуснай пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Калі ж было вырашана будаваць АЭС пад Астраўцом, прапагандзе давялося пераконваць насельніцтва ў адваротным, канструяваць новы, неіснуючы запыт у грамадстве.
«Народ разумее, што альтэрнатывы будаўніцтву атамнай станцыі ў Беларусі сёння няма», — пераконваў Лукашэнка чыноўнікаў у 2008 годзе, а за год да гэтага паставіў усіх перад фактам: «Мы пабудуем уласную электрычную атамную станцыю. Нас да гэтага жыццё падштурхнула».
Па сутнасці, колы зноў паставілі наперадзе каня: спачатку было прынята прыватнае рашэнне, якое постфактум абвясцілі меркаваннем грамадства.
Характэрна, што пераконваць беларускіх грамадзян у перавагах такога праекта цяпер было б прасцей. Тэма дыверсіфікацыі энерганосьбітаў за кошт развіцця атамнай энергетыкі актыўна абмяркоўваецца як у размешчаных у рэгіёне краінах ЕС, так і ў краінах-партнёрах.
Напрыклад, прапановы будаваць АЭС ужо гучаць у Эстоніі. У Польшчы нават выбралі тып будучага рэактара. Рыхтуецца развіваць атамную энергетыку Узбекістан.
Здавалася б, выбар беларускіх уладаў аказаўся верным. Але, па сутнасці, гэта той правільны адказ, які дае зламаны гадзіннік двойчы на суткі.
Глядзіце таксама
![«Расатам» — не толькі пра атам: карпарацыя нясе «рускі мір» «Расатам» — не толькі пра атам: як атамная карпарацыя нясе «рускі мір»](/img/v1/images/skrynszot_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У адрозненне ад Беларусі, дзе будаўніцтва АЭС неабходна галоўным чынам як донар аб'ёмаў работ для эканомікі ў цэлым, суседнія краіны імкнуцца з дапамогай АЭС умацаваць сваю энергетычную незалежнасць, дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў ва ўмовах нестабільных цэн і палітычнай турбулентнасці. І калі Узбекістан таксама будзе арыентавацца на расійскія тэхналогіі, то Эстонія і Польшча, наадварот, будуць ад іх свядома адмаўляцца.
Даць грошай могуць толькі Пекін ды Масква
У адрозненне ад прыведзеных вышэй прыкладаў, для Беларусі рэалізацыя падобных мегапраектаў — гэта больш пытанне выжывання цяперашняй мадэлі эканомікі, а не эфектыўнасці і развіцця.
Ключавое пытанне — за кошт чаго рэалізуецца праект і дзе знайсці спонсара для такога кшталту авантуры.
Чаму авантуры? Таму, што, абвясціўшы пра будаўніцтва першай АЭС, выразнага разліку эканамічнай эфектыўнасці яе працы насельніцтву і экспертнай супольнасці не прадаставілі. Няма відавочных сведчанняў такой эфектыўнасці і пасля завяршэння будаўніцтва. Праз тое, што Мінск сапсаваў адносіны з краінамі Еўрасаюза, правалілася ідэя прадаваць ім электраэнэргію з АЭС. Эканомія газу, якая, паводле слоў чыноўнікаў, дасягнутая дзякуючы запуску станцыі, не канвертавалася ў зніжэнне кошту электраэнергіі.
А вось неабходнасць аддаваць Расіі крэдыт на будаўніцтва, наадварот, больш чым відавочная.
Якраз у гэтым годзе Беларусь павінна пачаць выплаты па гэтым крэдыце. Адзначым, што з крэдытнай лініі ў 10 млрд. долараў выдаткавалі крыху больш за палову — 5,63 млрд. Да таго ж, валюта разліку з недружалюбнага долара пераведзеная на саюзны расійскі рубель, а пачатак выплаты запазычанасці быў адкладзены на год. Але нават з улікам усяго гэтага штогадовыя плацяжы і выплата асноўнай сумы доўгу ўяўляюць сабой вялікую нагрузку на бюджэт.
Зрэшты, як ідзе справа са знешнім доўгам Беларусі, сказаць цяжка. Падрабязнасці на гэты конт схаваныя з грамадскага доступу, як і многія іншыя звесткі пра актуальны стан беларускай эканомікі.
Як вынік, ва ўмовах санкцый кола партнёраў, якім улады патэнцыйна могуць прапанаваць для фінансавання праекты накшталт другой АЭС, звузілася, па сутнасці, да Кітая і Расіі.
Пекін цяпер не спяшаецца прадастаўляць Беларусі магчымасці рэалізоўваць такія праекты. Для ўсходніх партнёраў мы ўжо не такія цікавыя, як раней — праз тыя ж санкцыі і нестабільнасць у рэгіёне.
Глядзіце таксама
![На Астравецкай АЭС сур'ёзныя праблемы? Небяспечная АЭС, якую трэба закрываць — такі «падарунак» Лукашэнка зрабіў народу](/img/v1/images/1030796355_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Разам з тым, не спяшаецца і беларускі бок, улічваючы папярэдні досвед супрацоўніцтва. Раней Беларусь ужо рэалізоўвала шматмільённыя праекты пад кітайскія крэдыты з апорай на кітайскія ж тэхналогіі. Абсталяванне не заўсёды адпавядала стандартам, а яго абслугоўванне выклікала нараканні. Гэта зніжала эфектыўнасць рэалізаваных праектаў і ў рэшце рэшт абарочвалася стратамі.
Затрымліваць выплаты па кітайскіх крэдытах Беларусь асцерагаецца, пераносіць тэрміны, як у выпадку з расійскімі даўгамі, не можа, таму плаціць дакладна ў тэрмін. Толькі ў прадпрыемстваў прыбытку ад такіх праектаў часцяком няма, таму даўгі кладуцца дадатковымі выдаткамі на дзяржаўны бюджэт — гэта значыць, на нас з вамі.
У выніку крэдыторам апошняй надзеі для рэалізацыі беларускіх мегапраектаў застаецца Расія. Там ва ўмовах санкцый назіраецца празмернасць сродкаў, закрытых унутры краіны. А з беларускага боку ў прадпрыемстваў ёсць багаты досвед узаемадзеяння з расійскімі партнёрамі: правілы гульні тут добра зразумелыя і тым, і іншым.
За чый кошт банкет?
Выгады для Расіі ад будаўніцтва другой АЭС у Беларусі відавочныя: гэта задзейнічанне магутнасцей «Расатама», які губляе сусветныя рынкі, узмацненне энэргетычнай і фінансавай залежнасці хаўрусніка.
Акрамя таго, такі праект — гэта значныя аб'ёмы работ для шырокага кола іншых расійскіх кампаній. Усё абсталяванне і найбольш дарагія работы па яго мантажы выконваюцца расійскімі падрадчыкамі, паколькі ў Беларусі пакуль няма такіх кампетэнцый. Але нават астатнія аб'ёмы работ лепшыя, чым нічога, для беларускай будаўнічай галіны і прамысловасці.
Глядзіце таксама
![Белгідрамет даў справаздачу па забруджанасці тэрыторыі Беларусі «Радыяцыйны фон у норме». Ці выклікае праблемы «мірны атам»?](/img/v1/images/_belarus_zima_snezan_pryroda_fota_iljustracyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Такім чынам, ідэя другой АЭС для Беларусі цалкам укладваецца ў паняцце працы па прынцыпе «ёсць такая схема». У яе рамках паняцце эфектыўнасці адыходзіць на другі план, саступаючы месца вырашэнню праблем тут і цяпер. Расійскі ўдзел тут цалкам лагічны, бо такога кшталту схемы добра знаёмыя як тамтэйшаму бізнэсу, так і палітычнаму класу.
Прывід другой беларускай АЭС мае ўсё больш шанцаў матэрыялізавацца. Зрэшты, задума можа ўвасобіцца неабавязкова ў выглядзе атамнай станцыі. Гэта можа быць іншы, не менш амбіцыйны, але напэўна дарагі і неэфектыўны з эканамічнага пункту гледжання праект.
Горш за ўсё тое, што ў доўгатэрміновай перспектыве разлічвацца за падобнага кшталту авантуры давядзецца новым пакаленням беларусаў.