«Радыяцыйны фон у норме». Ці выклікае праблемы «мірны атам»?

Белгідрамет расказаў, як сябе адчуваюць беларускія землі паблізу атамных энергетычных аб'ектаў. «Невялікія адхіленні» там заўважылі толькі ў зоне адчужэння.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Аляксандр Трусаў адсправаздачыўся адносна ўзроўню радыенуклідаў у розных частках нашай краіны за 2022 год. Так, адхіленні ад нормы ў большы бок заўважаны ў Брагіне і Слаўгарадзе, а таксама ў водах рэчкі Ніжняя Брагінка, што тлумачыцца блізкасцю да зоны адчужэння Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. На іншых тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, «назіраецца стабільны радыяцыйны фон». Паводле слоў супрацоўніка Белгідрамета, новых тэндэнцый і адхіленняў ад шматгадовых значэнняў няма. Але наколькі гэтыя значэнні адпавядаюць норме, не ўдакладняецца.


Што датычна Беларускай АЭС, то тут «параўнальны аналіз вынікаў шматгадовых назіранняў паказвае, што перавышэнняў якіх-небудзь параметраў па радыяцыйным фоне не фіксуецца», цытуе «БелТА» словы Трусава. Удакладняецца, што зона назірання складае 12,9 км вакол станцыі.


Прадстаўнік Белгідрамета заяўляе, што ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока «не аказаў аніякага ўплыву на радыяцыйную абстаноўку ў краіне», а між тым нядаўна была інфармацыя, што ў красавіку мінулага года на БелАЭС адбылося апраменьванне супрацоўнікаў станцыі, пасля чаго аб'ект закрылі на рамонт — ажно на паўгода. Міністэрства энергетыкі назвала гэтую інфармацыю «фэйкам».