Гаспадар, прэм'ер, чалавек: а якім Рамана Скірмунта бачылі вяскоўцы?
Адзін з бацькоў-заснавальнікаў Беларускае Народнае Рэспублікі меў буйныя надзелы зямлі ў былым Пінскім павеце ВКЛ. Ці запомнілі яго жорсткім панам жыхары вёсак, што належылі да маёнткаў роду Скірмунтаў на Палесьсі? Дакумэнты паказваюць адваротнае. Згадаем пра гэта ў 85-ю гадавіну забойства Рамана Скірмунта.
Найкаштоўнай крыніцай інфармацыі і зьвестак пра былога прэм'ера-міністра БНР зьяўляецца праца беларускага гісторыка Аляксандра Смалянчука. Праз доўгія гады дасьледаваньня і запісу вусных успамінаў людзей, якія бачылі, чулі і жылі поруч з Раманам Скірмунтам, ён здолеў аформіць ідэальную працу пра лёс шляхціча пад назваю «Жыцьцяпіс грамадзяніна Краю». Як слушна адзначае гісторык, Край для патрыётаў мусіць пачынацца ў самым сэрцы, у месцы, адкуль паходзяць яны і іх прашчуры. Для Рамана Скірмунта гэта было Палесьсе, а дакладней – Парэчча ля Пінска.
Соф’я Хвясюк, якой было ўсяго 6 гадоў, калі Скірмунта расстралялі камуністы ў 1939 годзе, згадвала: «Такіх паныв як наш пан, то нігде такей душы, наверное, не було. Очэнь-очэнь буў добры. Сочувствовал каждому бідному, помогал бідным. Як горыць хата, ці што, ці хлеў, да згарыць корова, плачуць людзі. Прыходзіў Скірмунт: «Ты не бійся, это згорэла не твоя корова, а моя». Даваў на корову. Это я ўжо чула ад бацька. А калі землю прадаваў, хто бідны, стараўся цэну зьнізіці, ну, помогці людзям бідным. І он быв очэнь-очэнь хорошы. А наш ужо Скірмунт быв такі сочувственны каждому бідному чоловіку. Он помогав усім людзям. У яго людзі робылы, у пана. І вот моей племеньніцы дзядзька робыў у яго. Забралі яго в армію, так он обеспечаў родзіцелей. Землю кусочак даваў, садзілі картоплі і обеспечаў корову сенам. Такі быв чоловік… I з свово кармана, своіх грошаў...
І хто бідны ходылы по грыбы, і мой хозяін ходыв… Занясуць да пана і стануць перад яго воротамі. Палац быў. Пастройкі былы – красота! Але спалілі ж.
А він выйдзе і нікогда не отправіць дзяцей. Дасць по пару грошыкаў або канфетамі і забярэ тыя грыбочкі. Он понімал каждого чоловіка з полуслова. Він людзей шкодоваў. Не хватае ў каго хліба ўвесну, то прыдзе да пана пазычыць. Той дасць пуд ці два, ці тры. І аддаваць не трэба. Хто більш, тот хоць трохі аддасць. Рабочым і плаціў, і корміл. Хліб даваў».
Раман Скірмунт разам з Эдвардам Вайніловічам належылі да кансэрватыўна-хрысьціянскай плыні беларускага адраджэньня, і ў адрозьненьні ад прадстаўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады прытрымліваліся правых поглядаў.
Гісторыя «скірмунтаўскага Парэчча» пачалася задоўга да нараджэньня будучага палітыка і грамадзкага дзеяча. Калі прадзед Рамана Сымон Скірмунт выкупляў маёнтак Моладава на Піншчыне ў Агінскіх, то Парэчча зьяўлялася толькі фальваркам. Доўгі час менавіта Моладава было цэнтрам гаспадарчых ініцыятыў Скірмунтаў. Толькі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя гэты цэнтар зьмясьціўся ў Парэчча Пінскага павету, — пісаў спадар Смалянчук.
Рыгор Цярэшка з Парэчча ўзгадваў:
«Трапіць да пана Рамана Скірмунта было проста Пастукаемся і зойдзем. Не тое, што зараз. Не дабрацца да якога прэдсэдацеля. А тады: «Паночку, так і так, дзело ёсьць». І ён дапамагаў»
Парэчча ў апісаньні Ігнацыя Аніхімоўскага ў 1876 годзе
Парэчча нагадвае невялікае замежнае мястэчка. Прыгожы двухпавярховы палацык, устроены з камфортам, аточаны напоўненымі кветкамі скверамі і стылёвымі альтанкамі, аплеценымі плюшчом і дзікім вінаградам. Франтон упрыгожаны фантанам. З вокнаў адкрываецца прыемны від на Ясельду, якая цячэ каля сквераў і дубовага парка, шырока разьліваецца і губляецца за даляглядам.
Паўсюль пануе суровы парадак. Усё адбываецца ва ўласьцівы час. Нават штодзённае жыцьцё пана Скірмунта прыстасавана да фабрычнага званка. Калі глядзіш на гэтых рацыянальна актыўных людзей, пачынаеш разумець, якой каштоўнасьцю зьяўляецца працоўны час.
Ганна Пракопчык з Моладава дзеліцца ўспамінамі: «А пан добры буў, добры! Неколы ў нас згорылы сараі. Тоды ж було по шэсьць хат во дворы, по сем хат. А ў нас згорылы, згорылы, хто-то заполіў, да згорылы.
Коровы там булы, збіжжо. У аўгусту місяцу згорылы. Ну, а ў нас жа сям’я велыка, корова була, і тая згорыла. А пан прыіхаў, мама плача, а пан прыіхаў, да кажа: «Не плач, – він так говорыў, по нашэму говорыў, – не плач. Твоя корова не згорыла, это моя». – «А ты, Міхал, заўтра прыдзіш у крэдзенец – гэто, у кантору, неколы казалы крэдзенец, – до мене». Ну, пойшоў тато. Пан деньгі на корову даў, 100 злоты, а корова була 80 злотых. Ну, корову купілы. А я малая ж була, пасьвіла на конюшыне ў пана ўжэ ж бесплатна. А тая корова здохла, здохла тая корова. Ну, што ж зробыці. У нас жа гурт, сем’я, малыя. Він почуў… Тата не ідзе два дні до яго, ужэ до пана, а він ужэ почуў, што корова здохла. Да вызывае, да кажа: «Міхал, а чаго ты не кажаш, што коровы нема?», а ён кажа: «Ну, што ж, пане, так ж далы мне корову вы».
Тато молоко возіў, неколы ў пана кіньмі возіў тато, а млечарня була, вот,
зара, дзе дачы, на Рудцы, там млечарня була. А він кажа: «Давязеш молоко, – даў запіску. – Вот, скілько цепер корова стоіць?» Он кажа: «Не знаю, пане». «Там тобі дадуць грошай, в млечарне і, коб дзіці не булы без молока!» Такі разговор буў. Ну, тато кажа, я ему ўжэ і руку поцаловал. Другу корову за два місяцы куплялі».
Мітрафан Доўнар-Запольскі ў Парэччы
У 1890 годзе Парэчча наведаў падчас Палескай экспедыцыі малады навуковец Мітрафан Доўнар-Запольскі. Пазьней на старонках газэты «Віленскі весьнік» ён паведаміў, што Парэцкая фабрыка стала першай у імпэрыі, дзе працоўныя атрымлівалі пэўную долю ад прыбыткаў. Назіраючы за трэцім пакаленьнем парэцкіх працоўных, большасьць якіх былі пісьменнымі, дасьледчык адзначыў іх вонкавую адметнасьць ад сялянаў. Таксама зьвярнуў увагу на габрэяў, што працавалі ў фарбавальні.
У Моладаве, якое знаходзілася на адлегласьці 8 км ад Парэчча, захоўваліся традыцыі шляхетна-арыстакратычнага ладу жыцьця. Жыхары маёнтка быццам спрабавалі спыніць час.
Надзея Ганута з вёскі Клетнае распавядала: «Яго порыцкіе любілі. Він бы жыв бы, мо, і цяпер яго бы ніхто не почапаў. Він гэтакі хфайны быў чоловік, што кажного чоловіка пошкодуе, дзе які былі бідны люды. Каторы гультаяваты былы, то тым бывало і дасьць, і пошкодуе, і поратуе… Прыедуць за штрахіўкаю… А там одын такі чоловік быв бідны-бідны, але гультаёваты… Яго хацелі оштрафоваты, а він прыехаў і сказаў:
«Не надо штрафоваты, потому што він бідны чоловік. Яго надо поратоваты, не штрафоваты».
Хвайны быў порыцкі пан… Там яго любілы всі. На яго зроду ніхто не сказаў, потому што він людзей ратоваў. І там людзі былі богаты. Мінэ яблыкамі частаваў. Завядзе міне в сад: «Выбірай, яке табе вкусныя…» Оцец робыў у того пана. Хвабрыкантам быв, Рыжко Васілій. Нам і сена дасьць пан. Коло паньскага поля даў поўгектара мойму бацьку. Даў за яго работу… Мы там всэ врэмя пахалі. Він добры быв чоловік. Жартуе бывало з бабамі, і нігды не зазьліцца на тых бабэ й, што бабы там ні зробляць... У яго злосьці не было. І завшэ сьміхом у яго выходзіло…»
Раман Скірмунт у артыкуле «Пані з Муру» (1934), які быў разьвітаньнем з памерлай сястрой Канстанцыяй, задаўся пытаньнем пра вытокі фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці. Паводле Скірмунта, усё пачынаецца з выхаваньня, апрача таго, «паходжаньне і традыцыя ствараюць моцны падмурак, а асяродак, у якім жывем, мацуе яго або нішчыць».
7 кастрычніка 1939 года, праз 20 дзён пасьля прыходу «вызваляльнікаў», Раман Скірмунт быў расстраляны ў родным Парэччы бальшавікамі.