Аляксей Дзікавіцкі: «Нават сталінскі рэжым, калі прызнаў майго дзеда “ворагам народу” ды пасадзіў у лагер, не сканфіскаваў пабудаваную ім уласнымі рукамі хату»
На бацькоўскую хату кіраўніка «Белсата» наклалі арышт. «Дом не мае нейкай надта вялікай вартасці, калі прадаваць, але гэта самае дарагое для мяне месца на зямлі», — падкрэсліў Дзікавіцкі.
Сёння стала вядома, што лукашэнкаўцы арыштавалі бацькоўскую хату выканаўцы абавязкаў дырэктара «Белсату». Пра гэта Аляксею Дзікавіцкаму стала вядома сёння, піша «Белсат». Арышт быў накладзены 26 верасня.
Калі на маёмасць чалавека накладаюць арышт, ён не мае магчымасці ёй распараджацца: нельга прадаць, падарыць, абмяняць яе альбо ажыццявіць іншыя падобныя дзеянні, удакладнілі ў «Белсаце».
Хату, якую хочуць забраць лукашэнкаўцы, пабудаваў дзед Аляксея Дзікавіцкага каля 100 гадоў таму ў вёсцы Мястковічы (цяпер Пінскі раён Берасцейскай вобласці).
«Я рос там да школы, адтуль вёз на могілкі дзядоў і бацькоў, гэта самае дарагое для мяне месца. Калісьці дзядуля з бабуляй дазволілі на шмат гадоў вучыцца там дзецям, пакуль у вёсцы будавалі школу», – кажа кіраўнік каналу.
«Лукашэнкаўская хунта ідзе далей — хоча забраць гэты дом пад Пінскам, які я атрмаў ад дзядулі ў спадчыну»
Пазней Аляксей Дзікавіцкі даў больш разгорнуты і эмацыйны каментар на сваёй старонцы ў Facebook. Прыводзім яго цалкам:
«Нават сталінскі рэжым, калі прызнаў майго дзеда Аляксея “ворагам народу” ды пасадзіў у лагер, не сканфіскаваў пабудаваную ім уласнымі рукамі ў 20-я гады мінулага стагоддзя хату.
А цяперашняя лукашэнкаўская хунта ідзе далей — хоча забраць гэты дом пад Пінскам, які я атрмаў ад дзядулі ў спадчыну. Дом, куды дзед прывёз сваю жонку — маю бабулю, дзе нарадзіўся бацька, дзе мяне гадавалі і вучылі гаспадарцы да школьнага ўзросту, адкуль вёз дзядулю, бабулю, маці і бацьку на могілкі.
Ён не мае нейкай надта вялікай вартасці, калі прадаваць, але гэта самае дарагое для мяне месца на зямлі.
Следчы камітэт, што праўда, пакуль афіцыйна паведаміў толькі пра “арышт нерухомасці”, каб я не мог нічога з бацькоўскай хатай зрабіць. Але як толькі ў крымінальнай справе абвесцяць “вырак” - сканфіскуюць.
Даведаўшыся пра гэта, адзін з калегаў-палякаў нагадаў, што менавіта так царскія ўлады каралі нашых паўстанцаў. Гісторыя паўтараецца, цяпер так новыя ўзурпатары караюць экстрэмістаў, кіраўнікоў “экстрэмісцкіх арганізацыяў”, а такой арганізацыяй рэжым даўно ўжо лічыць “Белсат”.
Я, вядома, не збіраюся маўчаць (ці замаўкаць), але слаць праклёнаў тым, хто робіць такую подласць, не буду — яны і без мяне атрымаюць сваё. А мы сваё — абавязкова вернем.
Добра, што ў хаце ўжо няма бацькоў — жылі там на пенсіі. Іначай высялялі б? Недалёка могілкі, дзе ляжаць яны і яшчэ некалькі пакаленняў маіх продкаў. Прыкра, што побач з імі ўсё гэта адбываецца».
Рада БНР: Будучы дэмакратычны ўрад вольнай Беларусі павінен правесці максімальна жорсткую люстрацыю
Аляксей Дзікавіцкі — сябра Рады БНР. Рада выпусціла афіцыйную заяву:
«Рада БНР расцэньвае гэта як чарговы акт пераследу беларусаў за грамадзянскую пазіцыю, пераследу, які распачаўся адразу пасля прыходу да ўлады стаўленіка расійскіх спецслужбаў Лукашэнкі і пасля 2020 набыў характар масавага тэрору.
Рада БНР перакананая, што будучы дэмакратычны ўрад вольнай Беларусі павінен ня толькі аднавіць у грамадзянскіх і маёмасных правах усіх тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі прамаскоўскага лукашысцкага рэжыму, але і правесці максімальна жорсткую люстрацыю. Кожны супрацоўнік сілавых, а па-сутнасьці, карных органаў рэжыму (КДБ, МУС, Следчага камітэту, пракуратуры і г.д.), які меў дачыненне да пераследу беларусаў за іх палітычную да грамадзянскую пазіцыю альбо прафесійную дзейнасць (як у выпадку з журналістамі непраўладных СМІ ці медыкамі, якія дапамагалі параненым у 2020-м), павінен пажыццёва быць пазбаўлены права службы ў дзяржаўных структурах і права абірацца ў органы ўлады, а іх служба прарасійскаму рэпрэсіўнаму рэжыму не павінна залічвацца ў працоўны стаж».