Германія расследуе «бізнес на цыбулі» саксонскага дэпутата ў Беларусі

На палях цыбулі ў Беларусі, якія належаць нямецкаму дэпутату Ёргу Дарнау, магла выкарыстоўвацца праца зняволеных. У партыі «Альтэрнатыва для Германіі» віталі пачатак расследавання.

Пратэстная акцыя ў Лейпцыгу супраць Ёрга Дарнау. Фота: DW

Пратэстная акцыя ў Лейпцыгу супраць Ёрга Дарнау. Фота: DW

Пракуратура ў федэральнай зямлі Саксонія пачала папярэдняе расследаванне ў дачыненні да сябра правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) Ёрга Дарнау (Jörg Dornau), паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на агенцтва dpa. 

Дэпутата саксонскага парламента падазраюць у тым, што на палях цыбулі ў Беларусі выкарыстоўвалася праца зняволеных.

У рэгіянальным аддзяленні партыі віталі, што справа супраць Дарнау расследуецца «на падставе фактаў». 

«Мы давяраем незалежнай саксонскай судовай сістэме», — заявіў генеральны сакратар рэгіянальнага аддзялення АДГ Ян Цверг (Jan Zwerg). 

Па словах Цверга, абвінавачванні супраць Дарнау ў СМІ ў асноўным «супярэчлівыя»: адны кажуць аб прымусовай працы, іншыя сцвярджаюць, што зняволеныя выконвалі працы «добраахвотна». 

«Да высвятлення абставінаў справы для нас дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці», — падкрэсліў палітык. Сам Дарнау не адказаў ні на запыт DW, ні на запыт dpa.

Штраф за беларускую цыбулю для нямецкага дэпутата

Раней журналісты выдання Reform.news пагаварылі з беларусам, якога ў лютым 2024 года асудзілі на 15 сутак арышту за лайк у сацыяльных сетках. Мужчына ананімна распавёў, што яго ўтрымлівалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) у горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. 

Паводле яго слоў, арыштаваных вывозілі на працу на сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе ён разам з іншымі зняволенымі перабіраў цыбулю для адной з гандлёвых сетак. Падпрыемства, якое прыцягвала да сельскагаспадарчых работ арыштаваных, паводле журналістаў, — гэта ТАА «Цыбулька-Бел». Часткова яно належыць Ёргу Дарнау.

Нагадаем, як пісаў НЧ у канцы верасня, паводле Reform.news, работнікам плацілі каля 5 еўраў за працоўны дзень, а працу, нібыта, кантраляваў сам немец-гаспадар.

Затрыманы актывіст прыгадваў: «Нас завезлі ў сховішча. Люты месяц, падвал, адзежа як у каго. Там рукі і ногі мерзлі. Сняданак у 7:00 гадзін раніцы. Да 18:00 без ежы і піцця. Цыбуля смачная.

Згоду на працу падпісвалі штодня. Калі брыгадзір палічыў, што затрыманы працуе добра, то яму налічылі заробак. Лідскаму ЦІП плацілі 30 рублёў, затрыманым — каля 20. Цыбулю перабіралі для гандлёвай сеткі “Еўраопт”», — распавёў зняволены аб умовах працы.

Са слоў асуджанага на 15 сутак арышту, паміж прадпрыемствам «Цыбулька-Бел» і Лідскім ЦІП была падпісаная дамова падраду. Таксама ён адзначыў, што праца не была прымусовай. Заробленыя грошы павінны былі пайсці ў кошт утрымання ў ЦІПе.

Выданне Reform.news сцвярджае, што прадпрыемства, якое прыцягвала да сельскагаспадарчых работ арыштаваных, — гэта ТАА «Цыбулька-Бел». Часткова яно належыць Ёргу Дорнау. 

Прадпрыемства «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 года ў аграгарадку Гуды Гродзенскай вобласці.

Гэтую інфармацыю ў красавіку 2024 года высветліла нямецкае выданне Welt am Sonntag. Дэпутат схаваў гэтыя даныя, за што парламент Саксоніі аштрафаваў яго 7 жніўня на 20 862 еўра.

Дэпутатка ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Юльянэ Пфайль расказала Радыё Свабода, што штраф у 20 862 еўра, які спагналі з Дарнау, прызначылі на падставе звестак, што былі пададзеныя самім дэпутатам. Прэзідыум патрабаваў ад дэпутата даць падрабязную інфармацыю, але той адказаў далёка не на ўсе пытанні.

«Падобныя паводзіны дазваляюць думаць, што за гэтым стаіць нешта большае», — сказала Пфайль, каментуючы момант, што Дорнаў не раскрыў падрабязных звестак пра тое, якую выгаду атрымліваў насамрэч.

Пфайль адзначыла, што ў Нямеччыне вядзенне бізнесу нават у краіне з дыктатарскім рэжымам, як у Беларусі, не з’яўляецца чымсьці забароненым. Але пры гэтым сённяшні закон абавязвае ўсіх дэпутатаў паведамляць пра ўвесь свой бізнес і паралельныя даходы.

Парламенцкі дырэктар і прадстаўнік ва ўнутрыпалітычных пытаннях фракцыі «Звяз 90-х/Зялёныя» ў саксонскім парламенце Валянцін Ліпман сказаў Свабодзе, што бізнес Дарнау ў Беларусі паказвае, наколькі бессаромна прадстаўнікі AfD заключаюць пагадненні з аўтакратычнымі сістэмамі. Паводле яго, неабходна задацца пытаннем, якія сустрэчныя паслугі Дарнау аказвае рэжыму Лукашэнкі ў Германіі.

«Такія людзі павінны быць не ў парламенце, а ў фокусе контрвыведкі», — канстатаваў нямецкі палітык.

Нямецкі юрыст Фердынанд Мюлер 25 верасня — якраз пасля публікацыі Reform.news — ініцыяваў расследаванне супраць Дарнау — падаў заяву аб завядзенні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.

Паводле dw.comwww.svaboda.org