Хронікі рэпрэсій за 9 кастрычніка. Набыў моц прысуд у дачыненні да фігурантаў справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»
У Беларусі 8 новых палітвязняў, загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі РПЦ судзілі за «экстрэмізм», новыя пасадкі і навіны пра пераслед. Самае галоўнае ў нашым матэрыяле.
18 гадоў калоніі: мінчука асудзілі па трох палітычных артыкулах, а таксама за «згвалтаванне малалетняга»
У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме 29 жніўня асудзілі 35-гадовага Алега Вярцінскага. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў:
ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);
ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы);
ч. 3 арт. 167 (іншыя дзеянні сэксуальнага характару, учыненых з ужываннем гвалту, у дачыненні да заведама малалетняга);
ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Беларусі).
Прысуд вынес суддзя Аляксандр Рудэнка.
Набыў моц прысуд у дачыненні да 20 фігурантаў справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»
Паведамляецца, што судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда, з улікам меркавання прадстаўніка Генпракуратуры, пакінула апеляцыйныя скаргі абвінавачаных без задавальнення, а прысуд — без зменаў.
Нагадаем, прысуд па крымінальнай справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» быў вынесены 1 ліпеня — 20 фігурантам прызначылі агулам 206,5 гадоў зняволення і вялікія штрафы.
У Мінску затрымалі начальніка змены адной з арганізацый
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў абразе дзейнай улады і міліцыянтаў у Telegram-чатах.
Як мы адзначалі раней, ГУБАЗіК мае два сцэнары ў дачыненні да затрыманых за палітыку беларусаў — калі чалавек шмат зарабляе, то яны пішуць «чаго яму не хапала ў жыцці», а калі не — то «як ён збіраўся змяняць краіну, калі не можа змяніць сваё жыццё». У гісторыі з гэтым затрыманнем быў абраны першы сцэнар — мужчыну прымусілі назваць свой заробак у амаль 4-5 тысяч рублёў.
У Беларусі +9 новых палітвязняў
Гэта Дзяніс Андрошчык, Ганна Васілюк, Раман Парфёнаў, Мікалай Пратасевіч, Арцём Басалай, Валерый Раўкоўскі, Анастасія Ільніцкая, Аляксандр Пратасюк, Аляксей Мартынаў.
На сёння 1287 чалавек прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі.
Палітвязням у жодзінскай турме штодзень на паўторы ўключаюць «стэндапы» Лукашэнкі
Як распавядае былая палітзняволеная Наталля Кукішава, перыядычна супрацоўнік турмы зачытваў па радыё артыкулы прапагандысцкай газеты «СБ. Беларусь сегодня».
«Напачатку ўвогуле ўключалі кожны дзень. Адно і тое ж. І чым больш мы перакрыквалі радыё, тым грамчэй нам яго ўключалі. Даходзіла да таго, што ад гучнага радыё мы не чулі адна адну. Тады мы пераставалі размаўляць, бо гэта было бессэнсоўна.
Надзіральнікі яўна ўсведамлялі, што адбываецца і што яны робяць. Калі б не разумелі, што Лукашэнку не ўключалі б. Але перавыхаваць нас такім чынам немагчыма. Як кажуць, калі ў цябе ёсць любімая песня, пастаў яе на гадзіннік, і ў цябе больш не будзе любімай песні».
Зняволеныя, якія раней ставіліся нейтральна да выказванняў палітыка, знаходзячыся ў інфармацыйнай ізаляцыі пачыналі яго ненавідзець, распавядае суразмоўца «Вясны».
Былога палітвязня асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
8 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна былога палітзняволенага Арцёма Грыба судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Судовы працэс узначальваў суддзя Генадзь Шэвель, піша «Гомельская Вясна».
Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Арцём — жыхар Рэчыцы, асуджаны на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле «народнага» арт. 342 КК. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у кастрычніку 2022 году мужчына выйшаў на волю.
У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі РПЦ
4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзелі адміністрацыйную справу датычна жыхара абласнога цэнтра Васіля Чарнякова. Яго абвінавачвалі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс узначальваў суддзя Дзяніс Дрэбязаў. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Васіль Чарнякоў працуе загадчыкам канцылярыі Гомельскага епархіяльнага упраўлення Беларускага экзархату Расійскай праваслаўнай царквы. Таксама ён з'яўляецца захавальнікам унікальных абразоў, якія зберагаюцца ў храме-музеі пры епархіі.