Хронікі рэпрэсій за 10 кастрычніка: сілавікі «зачышчаюць» Віцебшчыну?

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі асноўныя навіны пра пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_8_2_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1428 дзён, Дзяніс — 1308

***

9 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд у дачыненні да траіх мужчын. Іх абвінавацілі паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна» са спасылкай на прэс-рэліз суду.

Аляксандра Клімашэвіча і Яўгена Бычко прысудзілі да года калоніі, а Сяргея Нічыпарука да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Вядома, што Бычко затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. На відэа, апублікаваным сілавікамі, мужчына сказаў, што яго затрымалі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Таксама ён расказаў, што выходзіў на праезную частку разам з пратэстоўцамі, якія «агрэсіўна рэагавалі на міліцыянтаў».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за пратэсты ў жніўні 2020 года ў Брэсце асудзілі як мінімум 61 чалавека.

***

У Глыбокім затрымалі як мінімум пяць чалавек. Сцвярджаецца, што ўсе яны ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паводле інфармацыі «Медыязоны», адзін з затрыманых падпісаны ў сацсетках як Віталь Жыла.

Акрамя гэтага, затрымалі мужа і жонку з Глыбокага, якіх прымусілі на «пакаяльным відэа» прызнацца ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Як паведамлялася раней, паводле звестак «Віцебскай Вясны», затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК («Арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

***

Суд арыштаваў ксяндза Юрыя Бараўнёва з Крулеўшчыны Віцебскай вобласці на 10 сутак. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Хрысціянская візія».

Пра затрыманне святара стала вядома 7 кастрычніка. Паводле інфармацыі канала, з 2020 года праз адміністрацыйныя арышты ў Беларусі прайшоў 31 ксёндз, з іх 13 — з Віцебскай дыяцэзіі.

***

9 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску разглядалі справу ў дачыненні да Барыса Аўлукова. Мужчыну абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП). Чым скончыўся працэс, праваабаронцам невядома.

Як паведамляе ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!», Аўлукоў шмат гадоў займаецца рыэлтарскай дзейнасцю ў абласным цэнтры, узначальвае агенцтва «Персанальны рыэлтар».

Судзіў яго Уладзімір Царыкаў.

***

Праваабаронцы даведаліся, што памёр на днях ад інсульту Аляксей Тамілаў, які ў сакавіку мінулага года трапіў пад «хапун». У яго знайшлі падпіскі на недзяржаўныя медыярэсурсы, піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

Пры затрыманні мужчыну жорстка збілі наглядчыкі — ён трапіў у рэанімацыю з пнеўматораксам, зламанымі рэбрамі і пераломам калена. Разумеючы наступствы, сілавікі сталі пагражаць Аляксею, што супраць яго ўзбудзяць крымінальную справу, калі ён вырашыць напісаць заяву аб збіцці.

Мужчына не верыў у поспех абскарджвання і не стаў нікуды звяртацца.

У панядзелак, 7 кастрычніка, ён памёр ад інсульту.

Аўтаслесар Аляксей Тамілаў быў неабыякавым да жыцця Віцебска. Партал TUT.BY у 2016 годзе рабіў з ім інтэрв'ю.

9 кастрычніка 2020 года Аляксея аштрафаваў суддзя суда Кастрычніцкага раёна Уладзімір Царыкаў за ўдзел у шэсці 6 верасня.

***

У Рагачове звольнілі з працы дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна. Ён вядомы ў горадзе не толькі як шматгадовы кіраўнік адукацыйнай установы, але і як краязнаўца. Мясцовая дзяржаўная газета шматкроць друкавала яго краязнаўчыя матэрыялы пра гісторыю Рагачоўшчыны, піша «Гомельская Вясна».

На 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёна было запланаванае пасяджэнне, на якім Аляксандра Самуілавіча планавалі судзіць паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Працэс вяла суддзя Аксана Гусева.

Крыніца ў Рагачове паведаміла, што Лейкіна пераследуюць за тое, што ён ставіў «лайкі» пад нейкімі допісамі ў сацыяльных сетках і такім чынам нібыта распаўсюджваў інфармацыю, якая змяшчалася ў тых допісах.

***

64-гадовага Аляксандра Судніковіча, якога затрымалі памежнікі пры незаконным перасячэнні літоўскай мяжы, будуць судзіць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Судніковіча абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (арт.361-1 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч.2 арт.368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Судовы працэс над мужчынам пачнецца 1 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе.

Судніковіч доўгі час жыў у штаце Фларыда, ЗША. Напрыканцы траўня яго затрымалі беларускія памежнікі пры спробе незаконнага перасячэння мяжы з Літвой разам з іншым беларусам Андрэем Пупкевічам.

У роліку, які апублікаваў тэлеграм-канал Памежнага камітэта, Судніковіч кажа, што ў 2021 годзе пакінуў каментар, які ўхваляе забітага пры спробе затрымання Андрэя Зэльцэра. У канале памежнікаў напісана, што мужчына з лютага знаходзіцца ў міжнародным вышуку як падазраваны па артыкуле аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК). У аб'яднанні былых сілавікоў BELPOL «Медыязоне» пацвердзілі асобу затрыманага.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 617 дзён, Максіма Знака — 611 дзён, Мікалая Статкевіча — 608 дзён, Ігара Лосіка — 599 дзён, Віктара Бабарыкі — 537 дні, Сяргея Ціханоўскага — 467 дні, Уладзіміра Гундара — 430 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1286 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1402 чалавекі. Сярод іх — 175 жанчын і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.