«Хімія» была кашмарам. Гісторыя былога палітвязня і яго ўцёкаў ад карнай сістэмы
Былы палітвязень Арцём Мядзведскі здолеў уцячы з «хіміі» і без дакументаў хавацца ад сілавікоў 39 дзён унутры краіны.
Былому палітзняволенаму Арцёму Мядзведскаму за адзін камень, які ён выкаціў на праезную частку падчас масавых акцый пратэсту ў жніўні 2020 года, прысудзілі тры гады абмежавання волі паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса. Прысуд паклаў пачатак няпростым падзеям у жыцці мінскага кухара-сушыста, якія давялося выпрабаваць за час зняволення ў розных СІЗА, у ПУАТ № 45, у калоніі «Воўчыя норы»: рабская праца, уцёкі з «хіміі» і штрафныя ізалятары.
Мядзведскага затрымалі на працы 19 кастрычніка 2020 года. На адным з відэа з акцыі пратэсту каля гандлёвага цэнтра «Рыга» яго апазналі сярод тых, хто перакрываў вуліцу — Арцём выкаціў валун на праезную частку. Пасля трох «акрэсцінскіх» сутак, яго перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага і абвінавацілі ў «масавых беспарадках» па арт.293 КК. Дзякуючы адвакату абвінавачанне ўдалося перакваліфікаваць на 342-гі артыкул («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), піша «Вясна».
«Хімія» ў Сушках — гэта рэальны кашмар
– На «Валадарцы» мяне трымалі каля трох месяцаў. Напачатку было даволі складана адаптавацца, хаця асабліва не было з чым параўноўваць. Канешне, я перажываў, увесь час разважаў, колькі дадуць, бо маглі даць і пяць гадоў, і болей. Стараўся не думаць пра тое, пераключаўся на шахматы і чытаў кніжкі. Потым, калі абвінавачанне змянілі на 342-гі артыкул, стала лягчэй. Я разумеў, што будзе неяк прасцей, бо ўжо вялікага тэрміну не будзе. У камеры са мной быў блогер Аляксандр Кабанаў, які стараўся нечым дапамагчы і падтрымаць. Я рыхтаваўся да максімуму, да трох гадоў калоніі, а атрымаў тры гады «хіміі». Нават весялей напачатку стала. Падумаў, што гэта ж не калонія, але рэальна гэта было кашмарам. Накіравалі ў вёску Сушкі Кобрынскага раёна, у ПУАТ № 45, — расказвае Арцём.
«Хімія» складалася з асобнага невялікага будынка ў два паверхі, двара і трохі далей — жывёлагадоўчай фермы. Аніякай крамы паблізу таксама не было. Сярод станоўчага Арцём адзначае магчымасць пазваніць родным, паглядзець у вольны час фільм і самому гатаваць ежу:
— Да нас прыязжала двойчы на тыдзень аўталаўка. Выбар прадуктаў быў невялікі, здараліся выпадкі, калі прадавалі пратэрмінаваныя прадукты, быў выпадак, калі нехта купіў каўбасу, а яна была ўжо цвілая, з плесняй. Часам вазілі ў краму, але мы, «палітычныя», заўжды былі пад кантролем — адных нікуды не выпускалі. Наконт працы: што ў «Воўчых норах», што ў Сушках — аднолькавае пекла. Пры дапушчальных 70 працоўных гадзінах на тыдзень мы былі вымушаныя працаваць па 200 і больш гадзін.
Спачатку Арцёма накіравалі ў брыгаду паляводаў, дзе плацілі вельмі мала. Пазней перавялі працаваць на ферму, дзе ўмовы працы былі зусім невыноснымі: не выдавалі зменнае адзенне, не было дзе змыць бруд, працавалі ад цямна да цямна, з пятай гадзіны раніцы і да позняга вечара. А калі ўлічыць дарогу, то вярталіся на «хімію» апоўначы.
– Перад накіраваннем на працу трэба было спачатку прайсці медкамісію, але нас ніхто не аглядаў, усё аформілі за нас і пячаткі паставілі, што здаровыя. Да гэта спрычынілася «кадравічка» Марына Вольская. Яна арганізавала сістэму, пры якой лекары з Камянецкага шпіталя выпісвалі даведкі аб прыдатнасці да цяжкай працы ў шкодных умовах нават на інвалідаў.
Калі ў каго здаралася высокая тэмпература, ці які кавід, то на «хіміі» не было нейкага асобнага памяшкання для хворых. Быў выпадак, калі пачалі па тры-пяць чалавек адразу хварэць. Тады захварэлых пераводзілі ў «ленінскі» пакой, а там вельмі холадна, асабліва зімой.
Неяк я працаваў на полі пад дажджом і захварэў, была высокая тэмпература. Мне кажуць: «Пераходзь у ленпакой». Я захожу туды, хацеў нару сваю перацягнуць. А мне забараняюць, кажуць што нельга, цягні назад, бо ёсць месца на другім ярусе. Я адказваю ім, што не магу там, вельмі слабы і магу зваліцца адтуль, таму не магу выканаць вашае распараджэнне і буду ляжаць на падлозе. Яны здзівіліся: як гэта на падлозе?
Якраз у аднаго хворага паднялася тэмпература да 40. Выклікалі «хуткую». Тады, каб не паказваць дактарам гэтыя ўмовы, дазволілі перацягнуць маю нару.
Увогуле, «хімікам» стараліся «хуткую» не выклікаць. Арцём згадвае, што быў выпадак, што даводзілася ў цяжкай сітуацыі тэлефанаваць самім:
– Памятаю, адразу чатырох з «каронай» забралі ў шпіталь. А аднаму «хіміку» свіння наступіла на нагу, і пачалося загнаенне. Прыкладна праз дні чатыры ён пачаў мучыцца. Толькі потым пагадзіліся выклікаць «хуткую», яму зрабілі аперацыю, але няякасна, па выніку, як потым расказвалі, яму былі вымушаныя выдаліць палец на назе, паколькі пачалося заражэнне. Выходзіць, што атрымалася вытворчая траўма, а начальства гэтага баялася. Яму выпісалі парушэнне нібыта за ўжыванне алкаголю і толькі за пару тыдняў да заканчэння тэрміна вызвалілі ад адбыцця пакарання.
Наконт лістоў з волі — сітуацыя падобная да калоніі. Напрыклад, мне павінна была напісаць дзяўчына. Чакаў-чакаў, але ліста не атрымаў. Яна яшчэ адзін адправіла — і яго не перадалі. Калі прывозяць пошту, уся карэспандэнцыя забіраецца, і потым яе ўсё адно правяралі супрацоўнікі ПУАТ. Кажуць табе: вось ліст ад родных, раскрывайце канверт, а потым бралі і чыталі самі. Ну, гэта, канешне, трызненне, таму што ва ўсіх былі тэлефоны і можна было ўсё, што трэба, сказаць голасам. Навошта пісаць ў лістах тое, што не трэба.
Уцёкі з «хіміі», новы суд і «Воўчыя норы»
У Арцёма на «хіміі» былі складаныя адносіны з адным з аператыўнікаў маёрам Аляксандрам Куісам. Сярод персаналу ПУАТ-45 Куіс вылучаўся асаблівай жорсткасцю і «чэкісцкім» мысленнем. Яго дзейнасць накіравана на сістэматычнае прычыненне пакут людзям, якія аказаліся ў яго ўладзе.
Яшчэ ад самага пачатку ён пагражаў пераламаць хлопцу ногі, калі той вырашыць збегчы, а падчас адной з сутычак Арцём атрымаў страсенне мозгу і зноў трапіў у бальніцу.
Якраз тады з’явілася відэа з каровамі на ферме, усе пачалі шукаць аўтараў. Відэа на волю было дасланае з тэлефона Арцёма. Таму ён пачаў задумвацца пра пабег, пакуль яшчэ знаходзіўся ў шпіталі:
– Уцячы з «хіміі» магчыма, але ў маім выпадку было няпроста: па-першае, далёкае месца, побач, недзе сем кіламетраў, была польская мяжа, а яшчэ не было дакументаў, нас пастаянна правяраюць, паўсюль стукачы. Можа, было і па-дурному ўцякаць адтуль без дакументаў, але я рашыўся, паколькі лічыў, што больш там не вытрымаю. Але пачалася якраз вайна ва Украіне, і я разумеў, што туды я не патраплю, нават праз рэкі-балоты. Думаў, зловяць і яшчэ тэрмін накінуць. Але рашыўся. 39 дзён я хаваўся ў Беларусі, але на мяне ўсё адно выйшлі.
Арцём Мядзведскі правёў два месяцы на здымнай кватэры ў невялікім гарадку, дзе яго і затрымалі ў красавіку 2022 года. Яго адвезлі зноў на «хімію», далі 20 сутак штрафнога ізалятара, якія ён адбываў у Камянцы. Там жа адбыўся суд аб замене рэжыму абмежавання волі на калонію. Пасля двух тыдняў знаходжання ў жахлівых умовах СІЗА №7 у Брэсце Арцёма этапавалі ў «Воўчыя норы».
Цалкам прачытаць інтэрв'ю з былым палітзняволенымАрцёмам Мядзведскімможна тут.