«Як жыць далей, я пакуль не ведаю». Ірына Шчасная — пра сваё зняволенне і выхад з калоніі

За апошнія месяцы 115 палітычных вязняў выйшлі на волю па так званым «памілаванні». Большасць з іх амаль цалкам адбылі свае тэрміны. Сярод іх была і рэдактарка ТГ-канала «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная.

Ірына Шчасная. Фота: «Белсат»

Ірына Шчасная. Фота: «Белсат»

Улады Беларусі з пачатку ліпеня 2024 года пачалі выпускаць на свабоду палітвязняў. Але на волю выходзяць толькі тыя, хто амаль адседзеў свой тэрмін, а таксама людзі з цяжкімі захворваннямі. Адна з тых, хто была вызваленая і цалкам адбыла свой тэрмін, — актывістка і журналістка Ірына Шчасная, рэдактарка некалькіх папулярных тэлеграм-каналаў, у тым ліку «Мая краіна Беларусь». Яна праходзіла па адной крымінальнай справе з палітыкам Паўлам Севярынцам, якога асудзілі на 7 гадоў. Саму Ірыну асудзілі на 4 гады калоніі — паводле артыкула аб «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Пасля таго, як Шчасная выйшла з калоніі, яна з'ехала з краіны, хоць, паводле яе слоў, рабіць ёй гэтага не хацелася. Але з'ехаць давялося, бо жанчыне не хацелася зноў аказацца пад арыштам. Яна расказала карэспандэнту «Настоящего времени»Раману Васюковічу, у якіх умовах цяпер адбываюць свае тэрміны палітычныя зняволеныя ў Беларусі.

За час зняволення Ірына прайшла два ізалятары: у Мінску і Магілёве, а таксама калонію № 4 у Гомелі. Там цяпер знаходзяцца палітык Марыя Калеснікава, журналістка Кацярына Андрэева і іншыя палітзняволеныя жанчыны. Цяжэй за ўсё, расказвае Ірына, ёй было менавіта ў калоніі.

«Ты там знаходзішся ў зусім бяспраўным становішчы. З табой можна рабіць што хочаш, гаварыць табе што хочаш, пагражаць табе як хочаш, — падкрэслівае яна. — Я, калі гаварыла з такімі ж "палітычнымі", як і я, заўсёды задавала ім пытанне: чаму яны (супрацоўнікі калоніі) сябе паводзяць так, як быццам мы адсюль ніколі не выйдзем?»

Паводле слоў Ірыны, да палітычных зняволеных у беларускіх СІЗА і калоніях асаблівае стаўленне — у горшы бок.

«Звычайныя "зэчкі" могуць сядзець разам піць гарбату, адна адну частаваць цукеркамі, печывам. Але калі я пачастую цукеркай "палітычную", мы з ёй разам адправімся на камісію па пакаранні і ў нас будзе спагнанне аж да ШІЗА», — расказвае Шчасная.


Глядзіце таксама

Ірына лічыць, што ўлады працягнуць пазбаўляць палітвязняў перадач і спатканняў і забараняць ім перапіску — таму што выкарыстоўваюць асуджаных па палітычных артыкулах як закладнікаў у перамовах з Захадам, спадзеючыся на зняцце санкцый.

«На мой погляд, ціск на палітвязняў — гэта адзін са сродкаў дасягнення пачатку нейкага дыялогу з Захадам», — заўважае Ірына.

Апошнімі месяцамі ўлады ўсё часцей не выпускаюць на свабоду тых палітвязняў, хто ўжо адбыў свой тэрмін, і дадаюць ім новыя артыкулы, як правіла, за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Гэта дае ім магчымасць трымаць чалавека за кратамі яшчэ гады два, а часам і больш.

Ірына Шчасная таксама не ведала, ці выпусцяць яе пасля адбыцця тэрміну на волю.


Глядзіце таксама

«Выхад з калоніі быў нейкім страшным, незразумелым. У мяне не было нейкага выразнага плану, што я буду рабіць далей, — расказвае дзяўчына. — Я толькі ведала, што я выходжу з наглядам — гэта тая ж самая "хатняя хімія". Тры парушэнні — і мяне зноў чакае калонія».

Пра тое, што ўлады выкарыстоўваюць палітвязняў у таргах аб зняцці эканамічных абмежаванняў, адкрыцці межаў і аднаўленні транзіту з краінамі ЕС, адкрыта расказваюць у эфірах праўладных тэлеканалаў, напрыклад у тэлеграм-канале прапагандыста Азаронка.

Як паведамляюць праваабаронцы цэнтра «Вясна», па палітычных прычынах у зняволенні ў Беларусі застаюцца больш за 1280 асуджаных. З ліпеня гэтага года на волю выйшлі толькі 115 чалавек.

Цяпер Ірына спрабуе аднавіцца фізічна і маральна. Апошняе, расказвае былая палітзняволеная, ёй даецца складаней за ўсё.

«Маральна я яшчэ не гатовая. Ёсць і непаразуменне з блізкімі, вядома, ім хочацца, каб я хутчэй у эміграцыі наладзіла нейкія сацыяльныя сувязі. Але любое новае знаёмства для мяне — гэта каласальны стрэс, — расказвае дзяўчына. — Адзінае, чаго я хачу на гэты момант, — гэта сядзець дома і нікуды не выходзіць. Як выбрацца з гэтага стану і як жыць далей, я пакуль яшчэ не ведаю».