«Рэжым толькі і чакае, каб мы нарэшце закрылі раты». Ганна Златкоўская — пра канфіскацыю маёмасці

Рэжым працягвае помсціць беларусам за 2020-ты год. Следам за адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі пацягнуліся канфіскацыі маёмасці пратэсна настроеных людзей. Такім чынам чыноўнікі помсцяць і пісьменніцы Ганне Златкоўскай, якая з'ехала з Беларусі, але працягвае выказвацца супраць рэжыму.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар

8 кастрычніка ў кватэру, дзе прапісаная пісьменніца Ганна Златкоўская і жыве яе мама, прыйшлі сілавікі. Яны правялі ператрус па крымінальнай справе ў дачыненні да беларускі. Праўда, што за справа, паведаміць адмовіліся. Да гэтага Следчы камітэт наклаў арышт на лецішча пісьменніцы. Златкоўская жыве ў Вільні і актыўна крытыкуе беларускіх чыноўнікаў і чыноўніц, а таксама востра выказваецца на палітычныя тэмы. «Маўчала б — нічога б не было», — такая фраза даволі часта прылятае актыўным беларусам, на якіх сілавікі заводзяць палітычныя справы. Ганна вырашыла не маўчаць. Чаму — пісьменніца разважае ў калонцы рэфлексіі і болю для «Зеркала».

Усё, што адбываецца часам здаецца сюрам, калі б не прыносіла столькі перажыванняў і болю. І ўсё ж узнікае, хай і наіўнае, пытанне. Чаго так баіцца рэжым і Лукашэнка? Улада захопленая, нелаяльныя да дыктату беларусы выгнаныя з краіны, іншыя сядзяць, тыя, што засталіся на волі, ціхія, бо любая акцыя пратэсту азначае зняволенне.

Так, для Еўропы Саша так сабе чалавек. Але ён жа абраў усходняга суседа і яго бессэнсоўную вайну, відавочна, еўрапейцам і без 2020-га давялося б перакрэсліваць любыя адносіны.

Толькі дыктатар усё роўна працягвае пераследаваць «збеглых», атакаваць і шантажаваць. Не падабаецца, мабыць, што не змоўклі, не згубіліся ў нетрах еўрапейскіх гарадоў, а ўпарта цягнем на сабе любімую Беларусь з надзеяй, што яна ўсё-ткі стане свабоднай ад чырвона-зялёнага прыгнёту. Аказалася, што палітыка існуе і функцыянуе і за мяжой. Стаўка на эміграцыю прайграла. Застаецца ў такой сітуацыі ціснуць і знішчаць тыя карані, якія засталіся ў нас на радзіме.

І, буду сумленная, гэтая тактыка сапраўды хвалюе. Не хочацца губляць дачу, якая дасталася мне ад бабулі з дзядулем, у якую мы ўкладвалі столькі сіл. Будавалі новы домік, ставілі сеткаваты плот, марылі, што калі-небудзь пабудуем альтанку і зробім прыгожы мангал. Мама высаджвала кветкі, даглядала маліну, збірала яблыкі, песціла наш маленькі загарадны свет, які прыносіць заўсёды столькі цяпла і спакою. Калі мяне пытаюцца, па чым я больш за ўсё сумую ў Беларусі, я заўсёды адказваю: лецішча.


Глядзіце таксама

Улетку ў будні я імчалася з сынам у наш домік, прыхапіўшы усялякіх смачняшак, каб падаць у цень дрэва на раскладанку і пісаць тэксты. А сын гуляў, насіўся па двары з мячом. У выхадныя ўжо з сям'ёй і сябрамі сядзелі за круглым старым сталом, накрытым аксамітным абрусам, адганялі мух і пчол, пілі шампанскае з разьбяных куфляў і гаварылі, гаварылі... І гэта адны з самых шчаслівых успамінаў.

Арыштавалі не проста лецішча — арыштавалі душу. І хоць камусьці падасца дурным перажываць за матэрыяльныя каштоўнасці, нашы кватэры і дамы — частка нашага жыцця там, якога мы і так пазбаўленыя. Але ўсё ж было чаканне ўсё гэта вярнуць у свабоднай краіне.

Ведаеце, у гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін момант, які хацелася прагаварыць. Калі беларусы ўнутры Беларусі абвінавачваюць тых, хто з'ехаў, у тым, што яны ходзяць на канцэрты, забаўляюцца, падарожнічаюць, еўрапеізуюцца, як бы аддаляючыся, людзі забываюць, што, акрамя спроб жыць, беларусы не маўчаць. Актыўнічаюць, дапамагаюць палітвязням, робяць хай маленькія, але справы. Каб не губляць сувязь з радзімай, з тымі, хто аказаўся пад катком рэпрэсій. І за гэта нармальна так прылятае.

Рэжым жа толькі і чакае, каб мы нарэшце закрылі раты, перасталі ўдзельнічаць у любых палітычных акцыях, пакінуўшы на полі бою толькі самых смелых, тых, хто страцілі наогул усё. Але аднойчы і яны стомяцца, бо без падтрымкі цяжка ўсім, нават самым стойкім.


Глядзіце таксама

Наша пасіўнае бязмоўе — права на легітымнасць таго, хто скраў і працягвае красці жыцці тысяч людзей з адзінай мэтай — заставацца ва ўладзе. Страшна насамрэч не толькі тым, хто ў Беларусі. Тут таксама страшна. Страшна бачыць спалоханыя вочы мамы, якая толькі-толькі зачыніла дзверы за «сілавікамі». Жахліва ўсведамляць, што не можаш нічым ёй дапамагчы і ніяк супакоіць. І бяда яшчэ ў тым, што вінаватая ў яе пакутах я. Маўчала б, сядзела б ціха ў сваёй Вільні — нічога б гэтага не было (але гэта не дакладна). І хоць я не зрабіла нічога супрацьзаконнага (разважаючы разумна), ёсць разуменне, што калі беларусаў садзяць за «лайкі», то са мной усё відавочна.

І такіх прыкладаў шмат, побач суцэльныя «экстрэмісты» і «тэрарысты» з пратэрмінаванымі пашпартамі і надзеямі, што ўсё дрэннае калі-небудзь ды заканчваецца.

Толькі вера і трымае на плаву, што беззаконне і бязмежжа аднойчы стануць толькі чорнымі старонкамі ў гісторыі. А пакуль застаецца толькі сказаць: «Мама, даруй, што не маўчу і не магу спакойна глядзець на тое, як нявечаць родную Беларусь».