Хронікі рэпрэсій за 11 кастрычніка: з аўкцыёна прадалі офіс Эдуарда Бабарыкі

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

hroniki_represij2_8_3.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1429 дзён, Дзяніс — 1309

***

З аўкцыёну прадалі офіснае памяшканне, якое належыць палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку. Лот на пляцоўцы электронных таргоў «Белюрзабеспячэнне» заўважыла «Зеркало».

На электроннай пляцоўцы 10 кастрычніка быў прададзены невялікі (30,9 м2) офіс на першым паверсе будынка па вуліцы Шорнай у Мінску. Памяшканне прадалі за 155 445 рублёў, на таргі зарэгістраваліся два ўдзельнікі.

Як піша «Зеркало» са спасылкай на сэрвіс Kartoteka.by, па гэтым адрасе цяпер зарэгістравана дзеючае ТАА «Флексамір». Сфера дзейнасці арганізацыі — мантаж і ўсталяванне прамысловых машын і абсталявання.

Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам Віктарам Бабарыкам 18 чэрвеня 2020 года. Пазней Віктар Бабарыка быў прысуджаны да 14 гадоў калоніі па артыкулах аб «атрыманні хабару» і «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (арт.арт.430 і 235 Крымінальнага кодэкса).

Эдуарда Бабарыку суд прысудзіў да 8 гадоў калоніі па артыкулах аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «ухіленні ад выплаты падаткаў» (арт.243 КК) і «распальванні варожасці» (арт.130 КК). Пазней суд дадаў яму яшчэ два гады да тэрміну — ужо паводле артыкула аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».

***

У Мінгарсудзе сёння пачала разглядацца справа Марыны Леановіч. Ёй выстаўленае абвінавачанне паводле двух артыкулаў: «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 і ч.2 арт.361-2 КК) і «Фінансаванне ці іншае фінансавае забеспячэнне вайны» (ч.2 арт.361-3 КК).

Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна піша артыкулы для беларускай «Вікіпедыі», робіць ілюстрацыі і пераклады на беларускую мову, а таксама піша вершы. Дзяўчына вядзе ўсе сацсеткі па-беларуску, але пад псеўданімамі, паведамляе «Наша Ніва».

Пасля вайны Марына з'ехала жыць у Грузію. Пра яе затрыманне было напісана ў «Твітары» ў кастрычніку 2023 года. Невядома, чаму дзяўчына вярнулася ў Беларусь.

Справу разглядае суддзя Алена Шылько.

***

Сілавікі затрымалі маці дваіх дзяцей з Мінска, былую ўдзельніцу арганізацыі «Моладзь БНФ», відэа з ёй апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».

На відэа затрыманая мінчанка кажа, што ў 2007 годзе цікавілася беларускай мовай і культурай і была ўдзельніцай «Моладзі БНФ», але потым сышла з арганізацыі. Яна кажа таксама, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах, у чатах «заклікала перакрываць дарогі і абражала сілавікоў».

У відэа сілавікоў паказаны скрыншот перапіскі мінчанкі, у паведамленні яна піша, што з'яўлялася «старшынёй Фрунзенскага раёна "Моладзі БНФ"» і што яшчэ 11 гадоў таму «на яе была заведзеная справа». Таксама яна піша, што ў яе двое дзяцей.

Па якіх артыкулах затрыманая мінчанка і што з ёй цяпер — невядома.

***

Сілавікі затрымалі маляра-тынкоўшчыка, які ў Тэлеграм-чатах пакідаў каментары пра Лукашэнку. Ролік з ім апублікаваны ў праўладным тэлеграм-канале, піша «Медыязона». Па якім артыкуле мужчына затрыманы, не ўдакладняецца.

На міліцэйскім відэа мужчына кажа, што пісаў «негатыўныя каментары» і «абражаў» Аляксандра Лукашэнку.

У відэа прыведзены каментары, якія прыпісваюцца затрыманаму. Сярод іх — «не забудзем і не даруем», «прыкарытныя чэрці» і іншыя.

Відэафайл з ім падпісаны цытатай з мультфільма «У краіне нявывучаных урокаў»: «Казнить нельзя помиловать».

***

48-гадовага IT-спецыяліста з Сянно Валерыя Мефодзіенку будуць судзіць па некалькіх крымінальных артыкулах праз данаты, пра гэта піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Яго абвінавачваюць па артыкулах аб «фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.2-290-1 КК, чч.1 і 2 арт.361-2 КК).

Справу айцішніка 21 кастрычніка ў закрытым рэжыме пачне разглядаць Віцебскі абласны суд.

***

11 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе «Вясна».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзянку Расіі Дар'ю Давыдзенка-Тарасік, тэсціроўшчыцу Надзею Каранкевіч, ілюстратарку Наталлю Левую.

Міністэрства інфармацыі 11 кастрычніка абнавіла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго ўнеслі telegram-канал «За Союзное Государство Беларуси и России». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Мядзельскага раёна 9 кастрычніка. На гэты канал падпісаныя амаль 1700 чалавек.

Таксама ў спіс трапілі:

  • Telegram-каналы: «Vtb.nardep.online» і «Кропка»;
  • Youtube-канал: «ТОЧКА НЕВОЗВРАТА», 
  • інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала з ідэнтыфікатарам @malina_shorts;
  • суполкі ў «Аднакласніках»: «Я-ПАТРЫЕТ. I хачу размауляць на роднай мове !!!», «Реальная Беларусь»; «Туров – Родина моя», «Мы из Житкович», «Беларускi мiлiтарыст», «Беларуская мова – Белорусский язык»;
  • аккаунт в TikTok: @helpsosrussia;
  • суполка ў «ВКонтакте»: «Свабода АRT ǀ Беларусь»;
  • суполкі ў Facebook: «Народная парламентская партия Республики Беларусь», «Беларуская служба Польскага радыё»;
  • сайт «Актыўным быць файна» (abfby.org) і яго старонкі ў сацсетках;
  • старонкі ў «Х»: «Real Dmitry Smirnov», «Сярожка», «Frederic Petit»;
  • старонкі ў Instagram: «belarus.verein.at», «genna_dii74», «volhaklaskouskaya», «lichtar_by», «belarusian_ny», «prostymi.slovami.channel», «tatsiana_ktl», «artisanaleks», «e.voevodov», «elizaveta.k.art», «maryna_singh».

***

У Беларусі новыя палітвязні, паведамляе «Салідарнасць».

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяцярых чалавек. Гэта Сяргей Юнчыц, Алена Ляснеўская, Ала Дзясятнік, Таццяна Васільева, Уладзімір Лазарэвіч.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 618 дзён, Максіма Знака — 612 дзён, Мікалая Статкевіча — 609 дзён, Ігара Лосіка — 600 дзён, Віктара Бабарыкі — 538 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 468 дзён, Уладзіміра Гундара — 431 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1290 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1408 чалавек. Сярод іх — 176 жанчын і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.