Расійскіх войскаў у Беларусі амаль не засталося. Дык ужо і не акупацыя?
У некаторых праціўнікаў рэжыму жаданне паставіць таўро на ўзурпатары такое моцнае, што рэфрэн аб акупацыі, марыянетачнасці, поўнай страце незалежнасці яны паўтараюць, здаецца, ледзь ці не з асалодай. Але праўда значна больш складаная за палітычныя схемы, асабліва з прымешкай прапаганды, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку».
Частка апазіцыі нейкі час актыўна прасоўвала тэзіс, што Беларусь акупавана Расіяй. Але вось цяпер аказваецца, што расійскіх войскаў на беларускай тэрыторыі засталося з гулькін нос. Дык што, трэба казаць пра дэакупацыю?
Лукашэнка сам папоўз у імперскую пастку
Паводле звестак маніторынгавага праекта «Беларускі гаюн» (якія пацвярджаюць і ў Кіеве), у Беларусі цяпер не больш за 2 тысячы расійскіх вайскоўцаў. З іх 1450 — на РЛС «Волга» пад Баранавічамі і вузле сувязі пад Вілейкай. У гэтых двух пунктах расійскі персанал знаходзіцца ўжо дзясяткі гадоў. Плюс да 600 чалавек цяпер — на двух аэрадромах. Лёгка здагадацца, што гэтыя кантынгенты заточаны на абслугоўванне і ахову аб'ектаў, а не на штурм рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах.
Гэта зусім не люты 2022-га, калі пад маркай сумесных вучэнняў Крэмль завёў у Беларусь некалькі дзясяткаў тысяч вайскоўцаў з масай цяжкай тэхнікі, каб пайсці на Кіеў. Таксама не засталося цяпер лагераў для падрыхтоўкі расійскіх мабілізаваных, практычна прыбрана авіяцыя РФ.
Зразумела, што парай тысяч сваіх службовых Масква не ў стане чыста ваенным чынам кантраляваць тэрыторыю саюзніка. Няма на гэтай тэрыторыі і класічнай акупацыйнай адміністрацыі. Лукашэнка сядзіць у сваім крэсле ўжо трыццаты год, руліць уласнаручна створанай вертыкаллю. Іншая справа, што мазгі ў многіх ягоных чыноўнікаў і асабліва сілавікоў — прарасійскія.
Пры гэтым несумненна, што ступень залежнасці рэжыму ад Крамля каласальна ўзрасла ў выніку падаўлення пратэстаў 2020 года і саўдзелу ў агрэсіі. Але гэта не імперыя захапіла Беларусь, а яе кіраўнік выбраў шлях далейшай прывязкі да імперыі, каб захаваць крэсла. Ён сам папоўз у гэтую пастку.
Марыянетка марыянеткай, але...
Могуць сказаць: якая розніца, галоўнае — вынік: Лукашэнка — марыянетка Уладзіміра Пуціна, незалежнасці няма (Беларусь — ужо дэ-факта расійская правінцыя, кажа літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа).
Ну, марыянетка марыянеткай, аднак за паўтара года вайны прымудрыўся-такі не паслаць на яе ніводнага свайго салдата. Пры тым што розныя папулярныя каментатары натхнёна распавядалі, як Пуцін выкручвае «малодшаму брату» рукі. Быццам самі падглядалі за гэтым з кута крамлёўскіх палат або з-за кусціка ў Сочы.
Ага, так выкручвае, што ўсякія эканамічныя пернікі сыплюцца на Мінск, як з рога багацця. Значыць, Лукашэнка змог неяк пераканаць магутнага візаві ў тым, што цяперашняя мадэль сімбіёзу іх рэжымаў аптымальная і небяспечных эксперыментаў не трэба.
Дый Кіеў, дзе любяць казаць пра расійскую акупацыю Беларусі, мяркуючы з усяго, прадаўжае закулісныя гульні з яе правадыром (пра што той сам некалькі разоў прагаворваўся). Навошта дамаўляцца з марыянеткай?
Так, палітычная суб'ектнасць Лукашэнкі аслабла, але яе не варта скідаць з рахункаў. Возьмем сюжэт з перамяшчэннем «Вагнера» ў Беларусь. Канспіролагі раздзімалі версію, што гэта хітры план Пуціна для новай атакі на Украіну з поўначы ці нават удару па Еўропе. Пры гэтым па змоўчанні мяркуючы, што «малодшага брата» ў такім выпадку ніхто і пытацца не будзе.
Але цяпер канспіралогія рассыпалася, што і прадракаў аўтар гэтых радкоў. Усё больш відавочна, што рашэнне прыбраць частку мяцежнай ПВК у Беларусь было спантанным, сітуатыўным. Цяпер прыгожынскае дзецішча фрагментуюць. Лагер пад Асіповічамі скурчваецца, дый у прынцыпе ён апынуўся пад каўпаком сілавікоў Лукашэнкі, не зацікаўленага ў боесутыкненнях з NATO.
Таксама відавочна, што ён не хоча поўнага закрыцця меж з боку ЕС. У апошнія тыдні нелегалаў, якія рвуцца туды, стала менш, іх паток Мінскам відавочна рэгулюецца. Хоць была папулярная версія, што і ў гэтай справе руліць Крэмль, а «малодшы брат» толькі бярэ пад казырок.
Ядзерка: планы Крамля і амбіцыі беларускага правадыра супалі
Тым часам у Беларусь патроху паступаюць кампаненты расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Ёсць свежае пацвярджэнне ад праекта «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Днямі намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Рабкоў заявіў, што працэс размяшчэння ТЯЗ у Беларусі «ідзе па графіку».
Цікава, што, па даных украінскай выведкі, першыя ядзерныя боегалоўкі былі дастаўлены толькі ў канцы жніўня, а да гэтага праводзіліся толькі «маштабныя трэніроўкі з ядзернымі імітатарамі». Між тым і Пуцін, і Лукашэнка апошнія месяцы беглі наперадзе паравоза і хваліліся, што працэс ужо ідзе поўным ходам.
Гэты працэс таксама можна трактаваць як нейкую гібрыдную акупацыю. Масква праз кантроль за ТЯЗ, што размяшчаецца ў Беларусі, робіць яе сваёй ядзернай закладніцай. І тут мы не бачым рук. Калі ў выпадку нападу РФ у 2022-м на Украіну з беларускай тэрыторыі Лукашэнка спрабуе выглядаць не пры справах (маўляў, сам даведаўся з тэлевізара), то ў выпадку ТЯЗ ахвотна падкрэслівае, што сам стаў ініцыятарам.
І сапраўды падобна, што тут планы крамлёўскага ядзернага шантажу гарманічна зліліся з марамі і жаданнямі самога беларускага аўтакрата. Ён бачыць у ядзернай дубінцы, якую спрабуе паказаць сваёй, дадатковую гарантыю захавання ўлады. Маўляў, ворагі пабаяцца лезці на ядзерную дзяржаву.
Не выключана, што хітры кіраўнік трымае ў галаве і магчымасць адціснуць у Расіі гэты арсенал, калі там у выніку паражэння ў вайне супраць Украіны пачнецца развал. У такой сітуацыі можна будзе яшчэ і патаргавацца з Захадам, каб зняў санкцыі і не адпраўляў у Гаагу.
Аналізаваць, а не хайпаваць
Вядома, усе гэтыя варыянты віламі па вадзе пісаныя. Пакуль прывязка рэжыму да Масквы выглядае амаль фатальнай. Праз нейкі час расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі можа ўзмацніцца.
Але Лукашэнка, пры тым што калідор у яго стаў нашмат вузейшым, працягвае манеўрыраваць на ўнутры- і знешнепалітычным полі. Часам гэта выглядае нязграбна, аднак у шэрагу выпадкаў — па-майстэрску.
У некаторых праціўнікаў рэжыму жаданне паставіць таўро на ўзурпатары такое моцнае, што рэфрэн аб акупацыі, марыянетачнасці, поўнай страце незалежнасці яны паўтараюць, здаецца, ледзь ці не з асалодай. Такі погляд перашкаджае аб'ектыўна аналізаваць сітуацыю ў краіне і вакол яе.
Бо дзяржаўнасць пакуль не страчана, а гэта важны плюс для лёсу перамен.
Увогуле, тым, хто спрабуе асэнсаваць беларускае пытанне (а тым больш намацаць яго рашэнне), не варта спрашчаць рэфлексію да канспіралагічных мыльных бурбалак, на якіх можна злавіць хайп.