Прэзідэнт Літвы: дэ-факта Беларусь стала часткай Расіі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі NATO звярнуў увагу, што вельмі важна быць на правільным баку гісторыі. Асабліва цяпер, калі Беларусь стала дэ-факта часткай Расіі.

Фота з сайта bobruisk.ru

Фота з сайта bobruisk.ru

"Пуцін пачаў з Украіны. Але ясна, што ў яго ёсць больш маштабныя планы, такія як разбурэнне ўсёй архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі", — заявіў Науседа падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі NATO  ў Вільні ў панядзелак, 30 траўня.

Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што NATO таксама атрымлівала патрабаванні і ўльтыматумы Расіі "з выразнымі намёкамі наконт Балтыйскага рэгіёну".

Прэзідэнт Літвы адзначыў: у сувязі з тым, што дэ-факта Беларусь стала часткай Расіі, бяспека ў Балтыйскім рэгіёне рэзка змянілася, а час для рэагавання NATO зводзіцца да нуля. "Таму мы павінны зрабіць усё, каб Пуцін ніколі не адважыўся праверыць нашы межы і рашучасць NATO", — сказаў літоўскі лідар.

Науседа настойвае, што вайна ў Еўропе патрабуе неадкладных зменаў у палітыцы стрымлівання і бяспекі NATO, а таксама звяртае ўвагу, што Сілы перадавога базавання NATO, якія знаходзяцца ў Літве, неабходна ўмацаваць, павялічыць кантынгент з ўзроўню батальёна да брыгады.

"Мы таксама павінны зразумець, што Расія — гэта пагроза, якая доўга не знікне. Таму мы павінны выразна агучыць, што Расія ўяўляе сабой вялікую і доўгатэрміновую пагрозу для ўсяго еўраатлантычнага рэгіёну", — сказаў літоўскі кіраўнік.

Расія свядома пайшла на разбурэнне сусветнага парадку — і цяпер, пасля 24 лютага, не можа быць ніякіх ілюзій, і неабходна ўсвядоміць, што "сумневы, пасіўнасць і міралюбнасць будуць толькі спрыяць далейшай агрэсіі".

Прэзідэнт Літвы сказаў, што ён быў шакаваны заклікамі да Украіны перадаць свае тэрыторыі Расіі, каб пакласці канец вайне. "Мы жывем у вельмі цяжкія і цёмныя часы, але мы ёсць адзін у аднаго, а таксама нашы агульныя каштоўнасці. Гэта фундамент, які мы ніколі не павінны падвяргаць сумневу або прадаваць. У нас таксама ёсць агульнае абавязацельства — быць на правільным баку гісторыі", — падкрэсліў літоўскі лідар.

 Паводле www.delfi.lt