Супраць удзелу ў вайне і ядзернай зброі. Аналітыкі расказалі пра думкі беларусаў

Сярод прыхільнікаў і праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі захоўваецца кансэнсус: абсалютная большасць выступае супраць удзелу Беларусі ў баявых дзеяннях. «Не ўсё так адназначна» для прыхільнікаў Лукашэнкі і з ядзернай зброяй у Беларусі, аднак, што цікава, пра шмат якія гучныя навіны яны не заўсёды ведаюць.

nevajne.png.webp

Апытанне шляхам анлайн-панэлі было праведзена ў межах праекта «Беларускі трэкер перамен», піша «Еўрарадыё». «Анлайн-панэль» азначае, што размеркаванні адказаў у выбарцы могуць значна адрознівацца ад размеркаванняў адказаў сярод беларусаў. Выбарка схільная да шэрагу зрухаў — на гэта ўплывае і opt-in bias («эфект самаадбору»), і склад выбаркі, што адрозніваецца ад генеральнай сукупнасці ўсіх беларусаў.

Гэтыя даныя могуць паказваць дынаміку грамадскай думкі і розніцу паміж сегментамі грамадства. Але з аб'ектыўных прычын даследаванне не паказвае дакладнага памеру сегментаў і агульнага размеркавання думак у грамадстве ў цэлым.

Не — вайне, але падтрымаем розныя бакі

Як ёсць сур'ёзны раскол паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады, так дзеліцца беларускае грамадства і па стаўленні да расійскай вайны ва Украіне.

«Сегментам сацыяльнага канфлікту па-ранейшаму характэрна супрацьлеглае ўспрыманне вайны. Зацятыя прыхільнікі дзеючай улады больш за ўсіх падтрымліваюць Расію і часцей лічаць, што яна перамагае. Зацятыя праціўнікі рэжыму, наадварот, часцей падтрымліваюць Украіну і лічаць, што перамагае яна», — зазначаюць аўтары «Беларускага трэкера перамен».

Гэта, што праўда, не новы, а ўжо добра вядомы сацыёлагам трэнд. Захоўваецца і іншы: большасць і сярод «ябацек», і сярод «змагароў» — супраць саўдзелу Беларусі ў баявых дзеяннях.

Не — ядзернай зброі і «вагнераўцам»

Яшчэ адзін кансэнсус сярод беларусаў розных палітычных поглядаў: большасць не падтрымлівае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Нават большасць прыхільнікаў Лукашэнкі. Хаця некага прапаганда і змагла пераканаць.

«Як мы і прагназавалі ў папярэдняй справаздачы, зацятыя прыхільнікі рэжыму паволі прымаюць наратыў улады: сярод іх значна паменшылася доля тых, хто цалкам не згодны з перамяшчэннем ядзернай зброі. Сярод схільных не давяраць доля тых, хто ўхваляе  размяшчэнне зброі, крыху знізілася за кошт павелічэння долі няўпэўненых у адказе», — тлумачаць аўтары даследавання.

Пры гэтым не выключана, што ў будучыні гэтае пытанне можа стаць яшчэ адным з тых, што палярызуе грамадства. Але не проста цяпер.

«Нават зацятыя прыхільнікі рэжыму не выказваюць адназначнага даверу да групы «Вагнер» і не даюць ёй адназначна пазітыўнай ацэнкі. Адназначна негатыўна «Вагнер» успрымаюць зацятыя праціўнікі», — кажуць даследчыкі.

Але дэталі ўжо розныя: напрыклад, сярод зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі тых, хто лічыць, што «вагнераўцы» здзяйснялі ваенныя злачынствы, сумарна 6%, пры гэтым варыянт «цяжка адказаць» абралі 51%. А сярод зацятых праціўнікаў з такой думкай згодны 71%.

Не — навінам?

Яшчэ адно цікавае назіранне з даследавання: большая частка грамадства хутчэй не ведае пра падзеі, якія адбываюцца навокал. «Асабліва яскрава гэта выяўляецца, калі гаворка ідзе пра падзеі ў лагеры дэмакратычных сіл», — дадаюць даследчыкі.

Напрыклад, пра падзел на «БайПол» і «БелПол» чулі крыху больш за палову сярод зацятых праціўнікаў улады. У астатніх групах тых, хто ведае пра гэта, — абсалютная меншасць.

Аналагічная сітуацыя — з прызнаннем некаторых твораў Дуніна-Марцінкевіча, Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай «экстрэмісцкімі» ці нават выдачай міжнароднага ордэра на арышт Пуціна. 

Наконт апошняга: сярод зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі варыянт «не адбывалася ўвогуле» наконт гэтай навіны абралі 18%, яшчэ 48% абралі «першы раз чую». А сярод зацятых праціўнікаў рэжыму «штосьці чулі» і «добра інфармаваны» абралі сумарна 75%.