Валерый Сахашчык: Беларусь «падарылі» Прыгожыну
Праўстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета дэмакратычных сіл па бяспецы і абароне Валерый Сахашчык лічыць, што сітуацыя з расійскімі наймітамі ў Беларусі вельмі сур'ёзная.
З моманту прыбыцця наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусь праўрадавыя СМІ і Telegram-каналы краіны амаль штодня паведамляюць пра сумесныя трэніроўкі. Спярша, паводле паведамленняў Мінабароны, гаворка ішла пра заняткі з падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў пад Асіповічамі. Але ўжо 20 ліпеня з'явілася паведамленне пра тое, што баевікі ПВК «Вагнер» і беларускія вайскоўцы адпрацоўваюць «вучэбна-баявыя задачы» на палігоне «Брэсцкі» — недалёка ад мяжы з Польшчай.
Усяго, паводле даных маніторынгавага праекта «Беларускі гаюн», да вечара 19 ліпеня ў Беларусь прыбылі каля 3 тысяч наймітаў. У самой ПВК заяўлялі, што ў краіну будзе перакінута да 10 тысяч чалавек.
Пра тое, якія пагрозы гэтае перамяшчэнне нясе для суседніх краін і каго менавіта трэніруе ПВК «Вагнер» у Беларусі, «Deutsche Welle» пагаварыла з Валерыем Сахашчыкам, прадстаўніком Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацбяспецы. У 1990-я Сахашчык камандаваў 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгадай, цяпер знаходзіцца ва Украіне, дзе стварыў дэсантна-штурмавую роту ў складзе адной з брыгад дэсантна-штурмавых войскаў гэтай краіны.
— Ці ўяўляе пагрозу перамяшчэнне «вагнераўскіх» груп фактычна на мяжу з Польшчай — і якую?
— Я ўпэўнены, што гэта з'яўляецца пагрозай для суседзяў — для Украіны і краін Еўропы. Ніхто нам не скажа праўду, колькі іх (баевікоў. — Заўв. рэд.) будзе, якія яны заданні будуць выконваць. Наколькі я ведаю — такія размовы ходзяць у высокіх вайсковых колах, — Беларусь «падарылі» Прыгожыну, цяпер ён дзейнічае незалежна ад волі Лукашэнкі. Ніхто ў Лукашэнкі нічога не пытаецца, такім чынам павышаюць узровень яго залежнасці ад Крамля, і ў любы момант Пуцін можа зрабіць усё што заўгодна з Беларуссю. Можна толькі прагназаваць, якія задачы будуць выконваць «вагнераўцы». Я лічу, што гэта будзе прыблізна так: верагодна, будуць здзяйсняць правакацыі супраць Украіны, верагодна, будуць спрабаваць справакаваць новы міграцыйны крызіс на мяжы Польшчы, Літвы, можа, Латвіі, будуць перакідваць групы мігрантаў, можа, дадуць ім зброю, можа, пойдзе нейкая колькасць «вагнераўцаў» з імі ў Еўропу, каб дэстабілізаваць сітуацыю.
Або кантроль і кіраванне тактычнай ядзернай зброяй будуць аддадзеныя Прыгожыну, бо гэта цікавая опцыя для Пуціна: калі будзе выкарыстана ядзерная зброя, сказаць: «А я не ведаю, хто гэта зрабіў».
Сітуацыя вельмі нядобрая для суседзяў і для народа Беларусі, найперш. Мне гэта вельмі не падабаецца.
— «Вагнераўцы» ў Беларусі, на ваш погляд, падпарадкоўваюцца не Лукашэнку, а Пуціну?
— Я ўпэўнены ў гэтым.
— Кожны дзень беларускія дзяржканалы выкладваюць інфармацыю пра «вагнераўцаў», Міністэрства абароны публікуе відэа з імі. Навошта гэта прапагандзе?
— Каб напалохаць. Цяпер галоўная мэта — напалохаць сусветную грамадскасць, каб усе думалі, што немагчыма нічога зрабіць з Расіяй, нельга яе перамагчы, будуць з'яўляцца і памнажацца ўсё новыя і новыя пагрозы, будуць паказваць, што трэба садзіцца за стол перамоў і згаджацца з Пуціным.
— Ці ёсць у вас інфармацыя, хто менавіта, якія войскі з беларускага боку трэніруюцца з ПВК «Вагнер»?
— На палігоне «Брэсцкі» (ля мяжы з Польшчай) была 38-я дэсантна-штурмавая брыгада. Думаю, што, у першую чаргу, у Беларусі «вагнераўцы» будуць браць удзел у падрыхтоўцы сіл спецыяльных аперацый, сіл спецыяльнага прызначэння сістэмы МУС, можа, пасля ўжо — агульнавайсковых частак УС Беларусі.
— Як да «вагнераўцаў» ставяцца беларускія вайскоўцы? Ці можа ўзнікнуць канфлікт?
— Канфлікту я не прагназую. Ведаю, што шмат вайскоўцаў супраць прыходу ПВК «Вагнер», як і супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Але ў нас, на жаль, на працягу амаль 30 гадоў ішла такая селекцыя кіраўнікоў кадраў ва Узброеных сілах, што няма там аніводнага генерала, які мог бы ўстаць і сказаць: «Не, мы гэтага не дапусцім, гэта супраць інтарэсаў Беларусі». Усе будуць схіляць галаву і гаварыць: «Так, ёсць, зробім». Хоць у душы большасць не згодныя.