«Кашалькі» Лукашэнкі і бізнес на сувязях з рэжымам: навошта бізнесмены становяцца дыпламатамі
«Belarusian Investigative Center» сумесна з «Shadow Diplomats» правялі расследаванне адносна працы беларускіх дыпламатаў. Публікуем яго цалкам.

Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў ICIJ звярнуў увагу на супярэчлівую працу інстытута ганаровых консулаў. Ён складаецца з дыпламатаў-добраахвотнікаў, афіцыйная задача якіх — абарона замежных інтарэсаў у сваіх краінах. Аднак на практыцы ганаровыя консулы нярэдка выкарыстоўваюць свой статус для асабістага ўзбагачэння, ухілення ад праваахоўных органаў і прасоўвання палітычных планаў. З даных пра такія злоўжыванні журналісты склалі праект «Shadow Diplomats», ці «Ценявыя дыпламаты».
У выніковы спіс патрапілі 551 дзейных і былых ганаровых консулаў, якія замяшаныя ў скандалах або крымінальных справах. Над праектам ICIJ працавалі разам з незалежнай некамерцыйнай службай навін «ProPublica» і яшчэ 58 медыя-партнёрамі, сярод якіх і «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» (БРЦ).
Беларусь увайшла ў топ-20 краін з найбольшай колькасцю падазроных ганаровых консулаў. Сярод іх — «кашалькі» Лукашэнкі і бізнесмены, якія зарабілі сваё багацце на сувязях з рэжымам.
Праца ICIJ з БРЦ і іншымі партнёрамі паказала, што сістэму ганаровых консулаў дыскрэдытавалі прызначэнцы, якія злоўжывалі сваім статусам. Ён дапамагаў ім узбагачацца за кошт падаткаплатнікаў і ўхіляцца ад выканання законаў.
Царства ценяў
11 бізнесменаў у спісе «Shadow Diplomats» — дзеючыя і былыя ганаровыя консулы ў Беларусі. Наша краіна дзеліць з Індыяй 15-16 месца па колькасці ценявых дыпламатаў ва ўсім свеце. Лідары рэйтынгу — Іспанія, ЗША, Расія і Германія, дзе падазроных ганаровых консулаў больш за 20. Аднак калі супаставіць гэтыя лічбы з насельніцтвам краін і тэрыторыямі, з якіх працуюць «ценявыя дыпламаты», то Беларусь выходзіць на 5 месца са 170.

Усе падазроныя консулы з беларускімі рэзідэнцыямі — бізнесмены, і многія — героі нашых папярэдніх расследаванняў. Рээкспарт санкцыйных тавараў, кантрабанда, незаконнае будаўніцтва, гандаль зброяй і продаж лекаў па завышаных цэнах — вось няпоўны спіс спраў, у якіх замяшаныя гэтыя «ценявыя дыпламаты». Большасць з іх блізкія да рэжыму Лукашэнкі і з яго дапамогай маглі пракручваць здзелкі на шкоду беларускім падаткаплатнікам.
«Кашалькі» Лукашэнкі
У спісе «ценявых дыпламатаў» аказаўся часты герой нашых расследаванняў Сяргей Цяцерын — ганаровы консул Грузіі ў Беларусі.

Сяргей Цяцерын. Фота: «БелТА»
Падчас працы над ім мы даведаліся, што перапіска з Лукашэнкам дапамагала Цяцерыну вызваляцца ад некаторых падаткаў. Таксама з ухвалы Лукашэнкі ён атрымаў манаполію на апрацоўку пушніны для «Белкаапсаюза» і пачаў займацца гэтым па завышаных цэнах. Былі ў Цяцерына і міжнародныя праекты: ён удзельнічаў у «шэрых» схемах па рээкспарце кветак, садавіны і гародніны ў Расію.
У 2020 годзе Цяцерын прапанаваў беларускім уладам «эксперымент» па дэзынфекцыі транспарту на мяжы. Праект быў ухвалены, і кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант» атрымала манаполію на яго рэалізацыю ў пункце пропуску «Новая Гута».
На пасадзе ганаровага консула Цяцерын быў не такі актыўным, як у бізнесе. Яго галоўным дасягненнем на гэтым напрамку можна назваць адкрыццё прадстаўніцтва Грузіі на малой радзіме Лукашэнкі — у Александрыі. Адбылося гэта ў 2019 годзе, а ўжо ў 2020-м кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант» атрымала правы ўвозіць у Беларусь віно і каньякі, у тым ліку грузінскія.
Ёсць у спісе «ценявых консулаў» і былы памочнік Віктара Лукашэнкі — Аляксандр Зайцаў.

Аляксандр Зайцаў. Фота: «Дынама Брэст»
У Беларусі ён прадстаўляе інтарэсы Замбіі. Ганаровае консульства гэтай краіны адкрылася ў Мінску ў жніўні 2020 года. За некалькі месяцаў да гэтага Замбія выказала зацікаўленасць у пастаўках беларускіх трактароў, а ў Зайцава якраз былі паспяховыя бізнес-праекты ў Афрыцы. Яго кампанія «Sohra» пастаўляла туды беларускую тэхніку, у тым ліку для здабычы алмазаў у 2017 годзе.
У папярэдніх расследаваннях «БРЦ» расказваў пра ролю Зайцава ў шэрых пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расію і іншых падазроных схемах, якія ён рэалізоўваў праз «Газ Венчурэ» — беларускую фірму з кіпрскімі акцыянерамі. Бізнесмен таксама звязаны з фірмай «Кідма тэк», якая пазіцыянавалася як дачка дзяржаўнага прадпрыемства «Белспецзнештэхніка». Яна займаецца экспартам зброі і вайсковай тэхнікі.
Таксама Зайцаў — саўладальнік лагістычнай фірмы «Брэміна Груп», якую Лукашэнка асабіста вызваліў ад большасці падаткаў. Не папаўняе беларускую казну і яшчэ адзін актыў Зайцава — «Sohra Overseas», зарэгістраваны ў ААЭ, але які працуе і ў нашай краіне. Такім чынам, Зайцаў можа выводзіць недаплачаныя з дазволу Лукашэнкі беларускія падаткі ў Эміраты.
«Тытунёвы магнат» Павел Тапузідзіс — таксама ганаровы консул.

Павел Тапузідзіс. Фота: Дзмітрый Брушко
З 2015 года ён прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Грэцыі, а з 2021 — яшчэ і Румыніі. У нашай краіне ён вядомы як магнат цыгарэтнай прамысловасці. У адным з расследаванняў «БРЦ» выкрыў і яго бізнес у кантрабандзе. Высветлілася, што кампанія Тапузідзіса «Табак-Инвест» пастаўляла цыгарэты з Беларусі ў Расію, недаплачваючы пры гэтым акцызы ў беларускую казну. Паводле падлікаў расследавальнікаў, гэтая схема дадала да даходаў Тапузідзіса каля паўтара мільёна долараў. Вывучыўшы гісторыю пералётаў гэтага бізнесмена, мы таксама даведаліся, што ён — госць у сямейных адпачынках сям'і Лукашэнкі.
У спіс «Shadow Diplomats» патрапіў і кіраўнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін — ганаровы консул Бангладэш.

Аляксандр Шакуцін. Фота: minsk.gov.by
Разам з сынам ён кантраляваў беларускія кампаніі «Лагекс» і «Эксімойл». Першая пастаўляла ў Расію кветкі, а другая вывозіла адтуль нафтапрадукты. Бізнесы выкрылі ў махінацыях пад прыкрыццём беларускіх уладаў. Ільготу для кветкавага бізнесу Шакуціна сваім указам стварыў Лукашэнка. У жніўні 2011 года ён вызваліў імпарцёраў ад выплаты ПДВ пры наступным вывазе гэтых тавараў з Беларусі. У Расіі ПДВ плаціць было трэба, таму пры пастаўках туды тавараў з Беларусі іх кошт у разы заніжаўся. Гэта дазваляла беларускім рээкспарцёрам эканоміць на падатках. З нафтай усё было яшчэ прасцей: Расія бяспошлінна пастаўляла цёмныя нафтапрадукты беларускім фірмам, сярод якіх быў «Эксімойл» Шакуціна, а тыя прадавалі іх далей. Гэтую схему Лукашэнка адстойваў асабіста.
Ёсць у Шакуціна інтарэсы і ў Бангладэш, ганаровым консулам якой ён з'яўляецца. У 2016 годзе холдынг «Амкадор» выканаў кантракт па пастаўках у гэтую краіну на 50 мільёнаў долараў, а ў 2020-м дамовіўся пра новыя пастаўкі — ужо на 117 мільёнаў долараў. У 2021 годзе стала вядома пра новыя кантракты «Амкадора» з Бангладэш, але іх сума не выдаецца.
Дыпламатыя і бізнес
Аляксандр Зінгман — яшчэ адзін ганаровы консул з рэзідэнцыяй у Беларусі.

Аляксандр Зігман. Фота: «Вікіпедыя»
Са студзеня 2019 года ён прадстаўляе Зімбабвэ, і сувязі з гэтай краінай у яго сапраўды моцныя. Прыкладна за год да прызначэння Зінгман заснаваў там кампанію па здабычы золата — разам з Сяргеем Шэйманам, сынам Віктара Шэймана, «правай рукі» Аляксандра Лукашэнкі. У адным з расследаванняў «БРЦ» высветліў, што права на разведку радовішча золата Зінгман і яго партнёр атрымалі менавіта дзякуючы Шэйману-старэйшаму. Ён пралабіраваў ідэю прыватнага праекта ўзамен на пастаўкі ў Зімбабвэ беларускай тэхнікі з дзяржпрадпрыемстваў.
Свой праект у Афрыцы Зінгман і Сяргей Шэйман вялі праз фірму «Zim Goldfields», якая прыкладна за 9 месяцаў да прызначэння Зінгмана консулам якраз атрымала некалькі спецыяльных грантаў на здабычу золата ў Зімбабвэ.
Статус ганаровага консула дапамог і гендырэктару «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандру Машэнскаму.

Аляксандр Машэнскі. Фота: Дар'я Грашчанкова
Міжнародныя санкцыі пакуль абыходзяць яго бокам, але ў спіс «ценявых дыпламатаў» ён усё-ткі трапіў. Справа ў тым, што кангрэсмен Крыс Сміт заклікаў увесці персанальныя абмежаванні супраць Машэнскага за нібыта фінансавую падтрымку падаўлення пратэстаў пасля беларускіх выбараў 2020 года. Накласці санкцыі, паводле чутак, збіраліся і ў ЕС. Але Машэнскага выратавала Ісландыя — краіна, ганаровым консулам якой ён і з'яўляецца. У адным з наступных расследаванняў «БРЦ» падрабязней раскажа пра гэтага бізнесмена.
Намеснік дырэктара «Контэ Спа» і ганаровы консул Украіны Валянцін Байко таксама пакуль не станавіўся галоўным героем матэрыялаў расследавальнікаў. Але, у адрозненне ад Машэнскага, пад санкцыі ён ужо патрапіў.

Валянцін Байко. Фота: sb.by
Канада ўвяла супраць яго абмежаванні за падтрымку Беларуссю расійскай агрэсіі ва Украіне. Прычына гэтага — актыўная палітычная дзейнасць Байко: ён сенатар і чалец камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. З гэтай жа нагоды ён патрапіў у спіс «ценявых дыпламатаў».
Галоўнае — жаданне, а краіна знойдзецца
Строгіх крытэраў для прызначэння на пасаду ганаровага консула няма, таму вызначыць сувязь некаторых «ценявых дыпламатаў» з Беларусі з краінамі, якія яны прадстаўляюць, цяжка. Напрыклад, старшыня назіральнай рады банка «Рашэнне» Віктар Шаўцоў у нашай краіне адстойвае інтарэсы Філіпінаў.

Віктар Шаўцоў. Фота: skalinkina.livejournal.com
Бізнес- і якіх-небудзь іншых інтарэсаў там мы ў яго не знайшлі. І ў спіс ICIJ Шаўцоў патрапіў праз кантакты з зусім іншым урадам.
У 2004 годзе Мінфін ЗША падазраваў банк «Рашэнне», які тады называўся «Інфабанк», у датычнасці да адмывання грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Размова ішла пра сродкі, якія тагачасныя іракскія ўлады нібыта атрымлівалі ў абмен на заключэнне кантрактаў па продажы нафты. Такім чынам, лічыць Мінфін ЗША, парушалася праграма ААН «Нафта ў абмен на прадукты харчавання». Шаўцоў у той час быў старшынёй праўлення «Інфабанку».
У Беларусі да бізнесмена ўзніклі пытанні ў КДБ. У 2011 годзе яго падазравалі ў вывадзе 10 мільёнаў долараў з беларускіх будаўнічых праектаў у Венесуэле і абавязалі пакрыць шкоду. Ці вярнуў Шаўцоў грошы ў казну, невядома, але на волю выйшаў у 2012 годзе. Больш падрабязна пра гэтага бізнесмена «БРЦ» раскажа ў адным з наступных расследаванняў.
Старшыня рады заснавальнікаў ЗАТ«ПАТИО» Андрэй Балабін — ганаровы консул Чылі.

Андрэй Балабін. Фота: «Office Life»
Сваё прызначэнне на гэтую пасаду ён назваў «дзвярыма пэўных новых магчымасцей», але не ўдакладніў, ці звязаныя гэтыя «магчымасці» з інтарэсамі Сант'яга. Расследавальнікам пра сувязі Балабіна з Чылі невядома. Затое пра яго беларускую фірму «Лект» ужо ў адным з расследаванняў. Насуперак нормам закону, гэтая кампанія пабудавала шматпавярховы паркінг у Мінску на Розы Люксембург. Дырэктарам «Лект» быў чыноўнік з кіруючай пасадай у Мінархітэктуры.
Падазрэнні ў нашых калег з ICIJ выклікаў і паслужны спіс Балабіна: ён — выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і былы супрацоўнік Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Сума гэтых фактараў і забяспечыла яму пападанне ў базу «Shadow Diplomats».
Былыя консулы
Бізнесмен Упендра Махата ўжо не выконвае функцыі ганаровага консула Непала ў Беларусі.

Упендра Махата. Фота: mnsvmag.com
Аднак яго дзеянні на гэтай пасадзе не засталіся незаўважанымі. У Беларусі Махата займаўся будаўніцтвам. Напрыклад, узводзіў офісна-забаўляльны цэнтр «Galileo» каля Цэнтральнага аўтавакзала ў Мінску. Таксама, разам з Аляксандрам Шакуціным, гэты бізнесмэн за невялікія грошы прыватызаваў некалькі дзяржпрадпрыемстваў і ператварыў іх у холдынг «Амкадор».
На радзіме справы ў Махата складваліся не так добра: у 2012 годзе ён атрымаў абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Аднак гэта не замінала яму заставацца ганаровым консулам Непала ў Беларусі яшчэ некалькі гадоў.
У спісе «ценявых дыпламатаў» з Беларусі аказаўся і Аляксей Сычоў — сузаснавальнік фармацэўтычных кампаній «Націвіта» і «ВітВар».

Аляксей Сычоў. Фота: probusiness.io
Свой статус ганаровага консула Славакіі ён ужо страціў, як і частку бізнесу на радзіме. Расследаванне паказалі, што Сычоў доўгі час займаўся фэйкавым імпартазамяшчэннем і такой жа фэйкавай вытворчасцю супрацьракавых лекаў. Падчас працы над тымі гісторыямі высветлілася, што грошай, якія беларускія ўлады пераплацілі Сычову, хапіла б на выратаванне жыцця дзясяткаў дзяцей, хворых на СМА. Лячэнне гэтай смяротнай хваробы нескладанае, але дарагое. Беларусь, у адрозненне ад краін-суседак, не аплочвае яго для сваіх грамадзян.
У 2019 годзе бізнесмена абвінавацілі ў дачы хабару, і ён, не з'явіўшыся ў суд, уцёк у Славакію.
Як правіла, прызначэнне ганаровым консулам звязана з бізнес-інтарэсамі канкрэтных людзей. «Той жа Шакуцін пастаўляў тэхніку ў Бангладэш. Адпаведна, яны праявілі да яго сустрэчную зацікаўленасць. Той жа Машэнскі прадстаўляе ў нас Ісландыю, дзе ён закупляе рыбу, а яна [Ісландыя] яго адбівае ад еўрапейскіх санкцый. Гэта такая лабісцкая канструкцыя, якая замыкаецца на саму персаналію ганаровага консула», — сказаў у каментары «БРЦ» былы высокапастаўлены беларускі дыпламат Уладзімір Астапенка.
Падобнага меркавання прытрымліваецца і старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй», былы дыпламат Павел Мацукевіч. Паводле яго слоў, замежныя дзяржавы спрабуюць знайсці ў Беларусі на месца ганаровага консула прадстаўнікоў эліты, набліжанай да ўлады, каб лягчэй было вырашаць пытанні, звязаныя з прасоўваннем адносін. «Гэта можа быць палітыка, гэта можа быць эканоміка, гэта могуць быць бізнес-інтарэсы. Проста ў нас эліта з сумнеўнай рэпутацыяй», — сказаў Мацукевіч у каментары «БРЦ».

Ганаровы консул у Беларусі
Гэта першая частка матэрыялу «БРЦ» у межах міжнароднага праекта «Shadow Diplomats». Пра гэтыя «шэрыя» бізнес-схемы расследавальнікі ўжо расказвалі беларускай аўдыторыі. Цяпер жа пра блізкіх да Лукашэнкі «дзялкоў» даведаецца і сусветная грамадскасць.
Дзякуючы працы з замежнымі партнёрамі «БРЦ» раскрыў дзейнасць яшчэ аднаго «ценявога дыпламата». Гэта іншаземец, які прадстаўляе нашу краіну на еўрапейскай арэне. Пакуль ЕС уводзіў санкцыі, спрабуючы аслабіць рэжым Лукашэнкі, гэты бізнесмен нарошчваў гандаль з беларускім дзяржпрадпрыемствам, а затым выкарыстоўваў уплыў нашых дыпламатаў у асабістых мэтах.