Наперадзе — гульні на выжыванне. Якім быў апошні тур групавога этапу на ЧС па футболе
Каманды, што датэрмінова выйшлі ў 1/8 фінала, сінхронна прайгралі, што не стала сюрпрызам — амаль кожная зь іх выставіла не наймацнейшы склад. Самыя цікавыя падзеі трэцяга тура — у нашым матэрыяле. Дарэчы, мы слушна прадказалі 12 з 16 удзельнікаў плэй-оф.
Сьлёзы радасьці і смутку — напрыканцы гульняў у групах было дастаткова
ўсяго. Давайце па чарзе.
Галоўная інтрыга ў групе А разгортвалася ў гульні Эквадора і Сэнегала
Як вынік — упартая барацьба і мінімальная перамога афрыканскай зборнай 2-1, для якой выхад у раўнд плэй-оф стаў усяго другім у гісторыі пасьля 2002 года. За Эквадор не забіў іх лідэр — Энэр Валенсія, які быў аўтарам усіх 5 апошніх мячоў гэтай каманды яшчэ з мінулага мундыялю. У паралельнай гульні Нідэрлянды былі мацней за галоўных «хлопчыкаў для біцьця» — гаспадароў турніру.
У групе В чакалася эпічная гульня Іран-ЗША
Аматары чакалі шмат сутыкненьняў, і як вынік: шмат выдаленьняў у матчы. Але выйшла зусім не так. Амерыканцы выйгралі 1-0, прайшлі ў 1/8 фіналу з другога месца. Іранцам не хапіла аднаго гола — дастаткова было хоць як-небудзь зраўняць у канцы гульні, але яны не змаглі. Пасьля фінальнага сьвістка футбалісты Ірана былі спустошанымі, але амэрыканцы сталі паводзіць сябе нечакана.
Шмат хто, калі не ўсе, падышлі да гульцоў Ірана, каб падзякаваць за напружаную гульню і суцешыць.
Разам з тым у іранскіх заўзятараў адбіралі футболкі з лёзунгамі. Катарскія супрацоўнікі службы бясьпекі канфіскавалі ў аматараў зборнай Ірана майкі з надпісам «Жанчына, жыцьцё, свабода».
У другой гульні гэтага квартэту Англія вельмі лёгка справілася з суседзямі па Брытанскіх выспах — зборнай Уэльса 3-0. Двойчы забіў зорны форвард Маркус Рэшфард.
У 1/8 фінала, такім чынам, паміж сабою сустрэнуцца:
Англія — Сэнегал
Нідэрлянды — ЗША
Наш прагноз: у 1/4 трапяць Англія і Нідэрлянды.
У групе С, як і чакалася, было вельмі неадназначна
У гульні Аргентына — Польшча мы ўбачылі нарэшце добрую гульню паўднёваамэрыканцаў, але верагодна, гэта было на фоне ўжо звышбляклага выступу нашых заходніх суседзяў. Аргентына ўрэшце перамагла 2-0, Мэсі чарговы раз не забіў пенальці на мундыялі, а ўся зборная Польшчы малілася на вынік гульні, у якім сустракаліся Мэксіка і Саўдаўская Арабія. На канец другога тайму склалася фантастычная сітуацыя: паказчыкі мэксіканцаў і палякаў былі да такой ступені аднолькавымі, што калі б праз некалькі хвілінаў нічога не зьмянілася, для выяўленьня таго, хто трапіць у 1/8, прыйшлося б лічыць… атрыманыя камандамі жоўтыя і чырвоныя карткі!
Але гэтаму падліку запярэчылі саўдыты, якія на 95-й хвіліне забілі гол Мэксіцы, які нічога не вырашаў для іх асабіста: Мэксіка ўсё адно выйграла 2-1, але разам з тым Польшча атрымала квіток у наступны раўнд.
Група D была найбольш без інтрыгі
Нягледзячы на паразу зборнай Францыі супраць сваёй былой калёніі — Туніса 0-1, усе разумелі, што французы выйшлі на гульню проста дзеля неабходнасьці. Амаль увесь стартавы склад адпачываў на лаве запасных.
У іншай гульні зборная Даніі нічога не змагла супрацьставіць аўстралійцам, для якіх выйсьце ў 1/8 фінала — цуд, першы раз з 2006 года. Скандынавы, ад якіх чакалі яскравай гульні яшчэ напярэдадні чэмпіянату — сталіся па выніку адным з галоўных расчараваньняў.
У 1/8 фінала, такім чынам, паміж сабою сустрэнуцца:
Аргентына — Аўстралія
Францыя — Польшча
Наш прагноз: у 1/4 трапяць Аргентына і Францыя.
Група Е стала галоўным ньюс-мэйкерам апошняга туру
Жадалася б паглядзець на таго чалавека, які яшчэ да пачатку мундыялю мог з упэўненасьцю казаць аб тым, што бліжэй да фінальнага сьвістка трэцяга туру ў 1/8 праходзілі зборныя Японіі і Коста-Рыкі? Гэта пры наяўнасьці чатырохразовых чэмпіёнаў зборнай Нямеччыны, і чэмпіёнаў сьвету — 2010 зборнай Гішпаніі.
Але здарылася менавіта так.
Адзінае, што да канца гэтых гульняў немцы крыху змазалі сваю заржавелую машыну і забілі тройчы кастарыканцам, перамаглі ў выніку 4-2, але бясслаўна другі раз запар вылецелі з турніру на групавой стадыі.
У гульні Гішпаніі і Японіі атрымаўся трылер. Азіяты вырвалі перамогу 2-1. Вырашальны гол японцаў стаў надзвычай супярэчлівай зьявай. Адразу — і потым на працягу некалькіх дзён — спроба выказацца за ці супраць таго, што мяч застаўся ў гульні за некалькі сэкундаў да трапленьня ў гішпанскую сетку — стала галоўнай забавай заўзятараў ва ўсім сьвеце.
Судьдзя з дапамогай VAR залічыў гэты мяч. Японія і Гішпанія — у 1/8 фінала!
У групе F нечаканы пераможца
Ім стала зборная Марока, якую называюць наймацнейшай афрыканскай камандай мундыялю. У апошняй гульні яны выйгралі ў Канады. Зборная Марока — адна з галоўных сэнсацый чэмпіянату. Мараканцы выйшлі з першага месца ў складанай групе: абышлі Харватыю (другое месца на мінулым мундыялі), Бэльгію (трэцяе месца на мінулым чэмпіянаце) і Канаду. А перад стартам турніру на іх амаль не ставілі. Гэта першы выхад Марока з групы ЧС за 36 гадоў — і другі за ўсю гісторыю.
Не абышлося і без скандалаў. Падчас трансляцыі гульні Канада — Марока на турэцкім канале TRT Spor камэнтатар Алпер Бакырджыгыл пасьля гола Хакіма Зіеша на 4-й хвіліне паведаміў гледачам аб тым, што самы хуткі гол на сусьветных чэмпіянатах забіў Хакан Шукюр у 2002 годзе. З пачатку другога тайма пра гульню распавядаў ужо іншы камэнтатар. Што здарылася?
З 2016 года некалі легендарны футбаліст пражывае ў ЗША. На бронзавага прызёра чэмпіянату сьвету-2002 у стамбульскіх судах заведзена тры крымінальныя справы, яго лічаць удзельнікам забароненай у Турцыі арганізацыі і абвінавачваюць ва ўдзеле ў ваенным перавароце 2016 года. Сам жа Хакан Шукюр адмаўляе гэта і сьцвярджае, што абвінавачаньні зьвязаныя зь яго крытыкай у адрас рэжыму Турцыі.
У іншай гульні квартэту Бэльгія згуляла ўнічыю з Харватамі і разьвіталася са сваёй марай. Гэтую зборную яшчэ з пачатку 2010-х разглядалі як верагоднага трыюмфатара ўсіх наступных чэмпіянатаў. Атрымалася зачапіць мэдалі, але не перамогі. Ад Рамэлу Лукаку, Эдэна Азара і Кевіна дэ Бруйнэ чакалі больш. Гэта быў, верагодна, іх апошні турнір у складзе зборнай Бэльгіі.
У 1/8 фінала, такім чынам, паміж сабою сустрэнуцца:
Японія — Харватыя
Марока — Гішпанія
Наш прагноз: у 1/4 трапяць Японія і Гішпанія.
У групе G першую гульню прайгралі бразыльцы
Але, як і ў выпадку са зборнай Францыі — для іх гульня не мела вялікага значэньня. Камэрунцы, безумоўна, могуць радавацца. Усё ж ня кожны год перамагаеш такую каманду. Між тым зборная Бразыліі забіла менш за ўсіх у сваёй групе — усяго 3 мячы, але фінішавала першай.
За другое месца і выйсьце ў 1/8 сышліся Швайцарыя і Сэрбія. Паміж імі і па-за межамі футбольнага поля ёсьць напружаньне. Вялізная частка сэрбскіх мігрантаў імкнуцца ў Швайцарыю, што крыху бянтэжыць мясцовых. 4 гады таму на іх папярэдняй гульні футбаліст Швайцарыі з албанскім паходжаньнем паказаў выяву арла – сымбаля Албаніі, а таксама Косава.
Сэрбы лічаць, што Косава — гэта Сэрбія, таму атрымаўся грандыёзны скандал. Гэтым разам футбалісты былі больш стрыманымі, але гледачы працягвалі працаваць на скандал.
Заўзятарка паказала албанскага арла на трыбуне стадыёна. Ахова ў хуткім часе вывела фанатку з гульні.
У самой гульні было забіта 5 галоў, Швайцарыя перамагла 3-2 і рушыла ў наступны раўнд.
Апошняя група — H
Зборная Партугаліі, якая магла зрабіць тое, што і калегі, якія датэрмінова аформілі праход у 1/8 — выставіць другі склад на апошнюю гульню — не змагла. Адзначыўся Крышціяну Раналду, ён зноў выйшаў у старце, зноў не забіў, але зьдзейсьніў іншае. Пасьля кутняга, які падавала зборная Паўднёвай Карэі, ён няўклюдна адварочваўся ад мяча такім чынам, што сьпінай аддаў «галявы» пас на карэйскага футбаліста, і той забіў гол. А напрыканцы гульні карэйцы і ўвогуле вырвалі перамогу 2-1, што стала шокам для іншых камандаў групы.
Самае цікавае разгортвалася ў паралельнай гульні, дзе сышліся Ўругвай і Гана. Драма, пот і сьлёзы. Так можна апісаць гэтыю чароўную сустрэчу. Паўднёваамэрыканцы нарэшце паказалі ўдалую гульню і здолелі забіць двойчы афрыканцам. Да 90-й хвіліны гэтага было дастаткова, каб трапіць такі ў 1/8 фінала. Але ў другой гульні карэйцы забілі гол, і Ўругвай па розьніцы забітых і атрыманых галоў застаўся ні з чым. Футбалісты зборнай Уругвая накінуліся на галоўнага арбітра пасля фінальнага сьвістка. Прэтэнзіі да судьдзі складаліся ў непрызначаным пэнальці на Кавані.
Чэмпіёны сьвету 1930 і 1950 гадоў вяртаюцца дадому.
У 1/8 фінала, такім чынам, паміж сабою сустрэнуцца:
Бразылія — Паўднёвая Карэя
Партугалія — Швайцарыя
Наш прагноз: у 1/4 трапяць Бразылія і Швайцарыя.
Глядзіце футбол!