СМІ напісалі, што Кароль футбола Пеле — на мяжы смерці. Ён адрэагаваў на гэта з лякарні
Знакаміты бразільскі футбаліст, трохразовы чэмпіён свету, 82-гадовы Пеле адгукнуўся на шматлікія паведамленні ў медыя аб сваім крытычным стане. Геніяльны гулец, якога завуць Каралём футбола, сапраўды цяпер знаходзіцца ў шпіталі, але настойвае на тым, што чуткі аб ягонай смерці моцна перабольшаныя.

Нагадаем, у аўторак легендарнага бразільскага футбаліста шпіталізавалі для паўторнай ацэнкі лячэння рака тоўстай кішкі. Пазней у яго дыягнаставалі рэспіраторную інфекцыю.
У суботу з'явілася інфармацыя, што хвораму Пеле перастала дапамагаць хіміятэрапія, і цяпер яму аказваюць толькі
паліятыўную дапамогу.
У бальніцы імя Альберта Эйнштэйна заявілі, што экс-футбаліст
знаходзіцца ў стабільным стане. «Пеле таксама добра адрэагаваў на лячэнне,
звязанае з рэспіраторнай інфекцыяй, і за апошнія 24 гадзіны яго стан не
пагоршыўся», — гаворыцца ў справаздачы.
«Сябры мае, я хачу, каб усе былі спакойныя і пазітыўныя. Я моцны, поўны надзей, і я прытрымліваюся свайго лячэння, як звычайна. Я хачу падзякаваць ўсёй медыцынскай і сястрынскай камандзе за ўсю тую дапамогу, якую я атрымаў. Я вельмі веру ў Бога, і кожнае пасланне любові, якое я атрымліваю ад вас, напаўняе мяне энергіяй. І глядзіце Бразілію на чэмпіянаце свету! Вялікі вам дзякуй за ўсё», — напісаў Пеле.
