Бразілія, Францыя, Іспанія... Каму дастанецца золата ў футбольным Катары?

Спрэчка лепшых футбольных зборных планеты набліжаецца да апафеозу. Групавая стадыя, куды праз кантынентальныя адборы прабіліся ажно 32 калектывы, скінула баласт — і скіравала дамоў палову суіскальнікаў.

emblema_chempiyanatu_svetu._afitsyjny_sajt_uefa_570x270_1.jpg


Тыя, хто прабіўся ў плэй-офф, мараць дамагчыся сусветнай славы. Прагнозаў адносна патэнцыйнага трыумфатара турніру безліч. Аднак «Новы Час» факусуе ўвагу на трох камандах, чые амбіцыі выглядаюць найбольш абгрунтаванымі.

БРАЗІЛІЯ

brazil1.jpg



Козыр. Самая гнуткая (у тактычным сэнсе) зборная першынства не перастае здзіўляць. Паўднёваамерыканцы маюць найбольш разнастайную, таленавітую і бязлітасную групу наступу. Нават траўма Габі Жэзуса, што перапыніла выступ форварда на чэмпіянаце, не адбілася на прадуктыўнасці атакі бразільцаў. Хоць яны намінальна стартуюць з адным нападаючым, падчас гульні іх колькасць павялічваецца да трох, а то і чатырох — схема галоўнага трэнера Цітэ дазвяляе любому бразільцу ператварыцца ў галеадора. Да таго ж шалёны прэсінг, якім каманда душыць канкурэнтаў, складана вытрымліваць нават топ-супернікам.

Пры гэтым зборнай хапае прагматызму, каб за кошт кантролю мяча захоўваць патрэбны вынік без дадатковых высілкаў. Таму засушыць гульню бразільцам не праблема. Ды і вопыту ў спартсменаў столькі, што любая крызісная сітуацыя вырашаецца нават без умяшальніцтва трэнерскага штаба.

tite2.jpg

Трэнер. Дарэчы, пра Цітэ — ён у краіне адзін з самых паважаных спецыялістаў. Што дзіва: Бразілія звычайна апякуецца футбалістамі, а вось да настаўнікаў ставіцца грэбліва. У прыватнасці, любыя няўдачы каманды адразу асацыююць з трэнерамі. І выпраўляюць іх у адстаўку нават пасля кароткіх спадаў.

Аднак з Цітэ ўсё інакш — недарма яго называюць «татам» і гульцы, і эксперты, і журналісты. Ён удала збалансаваў лініі каманды, стварыў годную атмасферу ў распранальні, пазбег канфліктаў між зорнымі выканаўцамі ды хлапцамі з мясцовага першынства. Нават адмову ад шэрагу вядомых футбалістаў (напрыклад, Рабэрта Фірміна) ён патлумачыў так, што замест крытыкі атрымаў ухвалу грамадскасці. У выніку аўтарытэт Цітэ сёння настолькі высокі, што яго слухае нават Нэймар.

neymar.jpg

Зорка. Нэймар, адпаведна, галоўны рухавік каманды. Чалавек, чый дрыблінг патрабуе ад суперніка двух, а часам і трох апекуноў. Форвард, які на некалькі міліметрах вольнай прасторы здольны стварыць гол. Звычайна капрызны і эгаістычны, у сённяшняй зборнай ён руплівы і паслухмяны: падпарадкоўваецца каманднай тактыцы, адпрацоўвае ў абароне, пасуе партнёрам. Калі так будзе і далей, Бразілія фактычна зайграе ў 12 чалавек супраць любой 11-кі апанента — настолькі істотны ўплыў Нэймара.

Ёсць, праўда, праблема адносна высокага траўматызму бразільца. Аднак з тым размеркаваннем нагрузкі, што існуе сёння ў камандзе Цітэ, ды перавагай паўднёваамерыканцаў над большасцю супернікаў, гэта не праблема. Бо на 100 адсоткаў Нэймару давядзецца выкладацца толькі ў паўфінале ды фінале — у астатніх жа матчах большую частку чарнавой працы за яго зробяць партнёры.

ФРАНЦЫЯ

france1_1.jpg



Козыр. Паўнамоцны чэмпіён свету быццам той трансформер: нават калі губляе ключавыя дэталі, усё роўна становіцца лепей. Выляцеў валадар «Залатога мяча» і лепшы форвард Еўропы Карым Бензема — на яго месцы бліскуча праявіў сябе Аліўе Жыру і нават стаў рэкардсменам зборнай па колькасці галоў у гісторыі. Атрымаў напачатку форума траўму Люка Эрнандэс — і шанцам праявіць сябе скарыстаўся яго брат Тэа. Не здолелі паехаць у Катар ключавыя цэнтральныя паўабаронцы, Поль Пагба ды Нгало Кантэ, а на іх месцы расквітнеў Антуан Грызман… Таму сёння Францыю наўрад ці рэальна засмуціць новымі траўмамі альбо стомленасцю. Гэты калектыў ведае, як прадуктыўна перабудавацца ў рэжыме «анлайн».

didier2.jpg

Трэнер. Дзідзье Дэшам працуе з камандай ужо 10 гадоў — і мае досвед перамог на самым высокім узроўні. Пры гэтым ён актыўна ўводзіць у калектыў маладых выканаўцаў, каб змена генерацый не заспела французаў знянацку. А яшчэ ён добра ведае ўсе падводныя плыні, што чакаюць футбалістаў на першынстве свету, бо сам паўабаронцам перамог у ім у 1998-м. Таму Дэшаму давяраюць нават тады, калі яго рашэнні падаюцца спрэчнымі ці сумнеўнымі.

didier1.jpg

Дзідзье не расчароўвае: яго каманда прабілася ў чвэрцьфінал, хаця па адчуваннях яшчэ не ўключалася на максімум. Да таго ж Кільян Мбапэ набраў настолькі зайздросную форму, што яму прадказваюць перакрыццё ўсіх рэкордаў выніковасці на чэмпіянатах свету. Зараз пальму першынства ў гэтай намінацыі трымае суайчыннік форварда Жюст Фантэйн — на яго рахунку 15 галоў у фінальных частках мундыялю. Мбапэ забіў дзевяць, аднак спыняцца не збіраецца.

mbappe1.jpg

Зорка. Зразумела, што Мбапэ і ёсць цэнтрам французскага сусвету. Гэта было відавочна яшчэ ўлетку, калі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон тэлефанаваў футбалісту і прасіў не пераходзіць з «Пары Сэн-Жэрмэн» у мадрыдскі «Рэал». Мэтай было не толькі захаваць моц галоўнага клуба краіны, але і падоўжыць зіхаценне дыямента ў сталіцы Францыі.

Мбапэ сапраўды асляпляе. Фантастычныя хуткасць, тэхніка, разуменне гульні і адаптацыя нават да самых складаных абставінаў ператвараюць форварда ў гульца будучыні. Нягледзячы на адносна юны ўзрост — 23 гады  — Кільян сёння выглядае дэманічна — і пакуль складана ўявіць, як спыніць гэтага хлопца.

ІСПАНІЯ

spain2.jpg



Козыр. Тут, канешне, заўзятары думалі пабачыць Аргенціну — і адным Ліянэлем Месі перакрыць аргументы на карысць любой іншай каманды. Аднак групавая стадыя не запэўніла, што паўднёваамерыканцы здольныя адужаць увесь шлях. Акрамя генія 35-гадовага ветэрана у «альбісэлестэ» амаль няма рэсурсу. Гучныя імёны іх выканаўцаў даўно ўжо нікога не пужаюць, тады як дэфіцыт арганізацыі (прынамсі ў наступе) абнуляе камандныя высілкі. Як вынік, дзеі зборнай завязваюцца на Месі, пасля чаго гульня ператвараецца ў рулетку — адужае лідар новы выклік ці не.

Іспанія ж, наадварот, максімальна сістэмная. Тут ёсць і разуменне, як валодаць мячом, навошта гэта рабіць і куды гэта ў выніку павінна прывесці. Праз валоданне «чырвоная фурыя» высмоктвае сокі з супернікаў, бо вымушае іх проста гойсаць па полі паўтары гадзіны да разлічваць на контратакі. Калі ж рэсурсу ў апанентаў не застаецца, іспанцы іх даціскаюць — і робяць гэта наколькі цынічна, настолькі ж па-мастацку.

luis2.jpg

Трэнер. Луіс Энрыке перажыў у жыцці шмат трагедый. І няўдачы ў спорце — самае малое выпрабаванне, якое траплялася на яго шляху. Бо ці могуць звальненні з клубаў ці вылеты з топ-турніраў раўняцца са смерцю ад рака ўласнага дзіцяці?! Адпаведна, загартаванасць да стрэсаў у спецыяліста максімальная. Роўна як і разуменне, як будаваць адносіны нават з самымі складанымі гульцамі. Таму не дзіва, што велізарная колькасць спартсменаў, якім давялося папрацаваць з іспанцам, называюць яго лепшым настаўнікам у кар'еры.

luis1.jpg

Цікава і тое, наколькі вольна пачуваюць сябе спартсмены ў знешне суворай гульнявой сістэме — тут ёсць месца і крэатыву, і індывідуальным імправізацыям. Прычым права на іх маюць як вопытныя выканаўцы, так і геніі новай хвалі кшталту Гаві альбо Педры. Луіс Энрыке кожнаму з падначаленых знаходзіць на полі зону камфорту — і там паўнавартасна раскрывае патэнцыял. Дарэчы, Іспанія тым і небяспечная: пакуль ніхто не ведае, дзе столь у гэтага сплаву вопыта ды маладосці.

busquets2.jpg

Зорка. Цікава, але асобы, якая б узвышалася над астатнімі, у іспанцаў няма. Яны лёгка дзейнічаюць без «чыстых» форвардаў, пры неабходнасці без праблем мяняюць любога з абаронцаў. А ў сярэдзіну поля Энрыке лёгка скіруе ледзьве не паўскладу — кожны там адчуе сябе як дома.

Калі ўсё ж персаніфікаваць Іспанію, спынімся на Серхіа Бускетсе. У свае 34 ён застаецца маналітам апорнай зоны, на якім трымаецца гульнявы каркас сярэдзіны поля. Ветэран дастаткова дасведчаны, каб дапамагаць абаронцам, калі даводзіцца апускацца ў лінію разбурэння. І ў той жа час валодае годным першым пасам, каб разганяць наступ. Для маладых партнёраў Бускетс дарадчык і дапаможца. Для больш вопытных — гарант стабільнасці. Для Энрыке — асістэнт непасрэдна на полі, што кіруе гульню ў патрэбнае камандзе рэчышча. Недарма ў зборнай Серхіа мае мянушку «Брыгадзір» — ён і арганізуе, і кантралюе, і матывуе ўсіх навокал уласным прыкладам.

…Зразумела, што чэмпіянат свету — турнір, які не можа абысціся без нечаканасцей. Пацверджаннем таму ўжо ёсць развітанне з мундыялем Бельгіі ды Германіі пасля групавой стадыі. Таму трыумф умоўнай Харватыі ці ранні вылет з плэй-оф Партугаліі альбо Нідэрландаў трэба закладаць у нешта само сабой зразумелае. Аднак, на нашую думку, калі чэмпіянат усё ж будзе развівацца лагічна, то менавіта нехта з тройкі «Новага Часу» стане ўладальнікам Кубка свету.

З іншага боку, ці засмуцімся мы, калі прагноз не спраўдзіцца? Канешне, не. Бо ў непрадказальнасці і ёсць фішка галоўнага турніру чатырохгоддзя для зборных.