Чэмпіянат свету ў Катары. Дасье ў карыкатурах

Заканчваецца чэмпіянат свету па футболе ў Катары, за якім пільна назіралі не толькі балельшчыкі, але і карыкатурысты. У сваіх малюнках яны выявілі галоўныя прыкметныя падзеі турніра.

Турнір у Катары ўвайшоў у гісторыю яшчэ да старту. Ніколі раней не было такога заўважнага грамадскага руху за байкот мундзіялю. Многіх абурала, што чэмпіянат праходзіць у краіне, дзе пануе тэакратычная дыктатура. Не маглі забыцца пра тое, што Катар атрымаў права прымаць спаборніцтвы шмат у чым за кошт хабару чыноўнікам FIFA. Увесь свет абуралі гісторыі аб жудасным становішчы працоўных мігрантаў на будаўніцтве спартовых аб'ектаў для турніру.
Так ці інакш, байкот сапраўды меў месца. Мастак французскага Le Monde арыгінальна адлюстраваў як фанат адной са зборнай байкатуе чэмпіянат.

6_326.jpg


Другое адрозненне ад папярэдніх чэмпіянатаў свету — практычна поўная забарона на алкаголь. Для многіх гэта нонсэнс, паколькі культуру фанатаў часта цяжка ўявіць без піва. Праўда, былі і тыя, хто, падаецца, прывітаў меру. Кансерватыўнае выданне Dallas News (ЗША) апублікавала малюнак, на якім катарскія шэйхі выбіваюць банку піва ў хулігана.

2_589.jpg


Яшчэ адно дасягненне Катара — прарыў у паўфінал зборнай Марока. Ніколі раней каманды афрыканскіх краін не праходзілі так высока. Але геаграфія футбола імкліва мяняецца. На нейкім этапе мараканскія заўзятары нават паверылі ў тое, што іх улюбёнцам пад сілу ўзяць галоўны трафей. Тая мара знайшла адлюстраванне ў малюнку аднаго з афрыканскіх карыкатурыстаў. На ім мараканцы крадуць кубак свету ў прэзідэнта FIFA Джані Інфантына.

3_528.jfif


А вось у бясспрэчныя няўдачнікі спаборніцтваў можна смела запісаць зборную Германіі. «Бундэстым» другі раз запар у гісторыі не змог выйсці з групавога этапу. Фіяска стала падарункам для мясцовых правых, паколькі ў Катары нямецкія футбалісты актыўна дэманстравалі падтрымку ў абарону правоў ЛГБТ, у прыватнасці перад матчам калектыўна закрывалі раты рукой. Гэты жэст яны зрабілі перад матчам з Японіяй, які сенсацыйна прайгралі. Адзін з карыкатурыстаў паздзекаваўся з нямецкай зборнай. На яго малюнку японцы перамагаюць і радуюцца, а немцы хіба здольныя на тое, што закрываць раты.

4_491.jpg


Што да галоўнага героя турніру, то без сумневаў ім стаў Леа Месі — форвард Аргенціны. Пісаць пра яго гульню няма сэнсу. Гэта трэба глядзець. Не дарма Месі называюць «чараўніком» і нават «богам». На радзіме мясцовыя мастакі таксама параўноўваюць яго з супергероем.

5_457.jpg


Турнір вось-вось скончыцца, але звязаныя з ім разборкі, падобна, толькі пачынаюцца. У мінулую нядзелю па падазрэнні ў атрыманні хабару арыштаваная віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ева Кайлі і яшчэ шэраг асобаў. Зыходзячы з апублікаванай інфармацыі, Кайлі і астатнія падазраюцца ў атрыманні хабараў у абмен на стварэнне пазітыўнага іміджу Катара перад чэмпіянатам.
Тэма пакупкі арабскімі шэйхамі Еўрапарламента адразу стала вельмі папулярная сярод мастакоў. На гэтым малюнку шэйх заносіць у будынак Еўрапарламента хабар, супакойваючы ахоўнікаў на ўваходзе, што гэта не забароненыя металічныя прадметы.

6_335.jpg


Скандал (дарэчы адзін з самых буйных у гісторыі ЕС) толькі пачынаецца і, падаецца, будзе не менш эмацыйным, чым добры футбольны матч.