Мбапэ і Месі, вялікі двубой у фінале. Такія моцныя футбалісты, такія розныя людзі

Літаральна ў гэтыя хвіліны ідзе фінал футбольнага чэмпіянату свету, на якім сустракаюцца Францыя і Аргенціна. Лідары абедзвюх зборных, Кіліян Мбапэ і Ліянель Месі, належаць да найлепшых футбалістаў планеты, Н*ша Ніва расказвае пра іх.

 

Месі: самататрапін, аўтызм і трое дзяцей

Знакаміты аргенцінец нарадзіўся ў сям’і працаўніка сталеліцейнага завода і прыбіральшчыцы. Падчас яго маленства ў Аргенціне бушаваў цяжкі эканамічны крызіс, і бацькі Месі, як і іншыя суайчыннікі, думалі кудысьці эміграваць, напрыклад, у Аўстралію.

Ліянель мае еўрапейскія карані. Род яго бацькі паходзіць з італьянскага горада Рэканаці, і яго адтуль яго продак, Анджэла Месі, эміграваў у Аргенціну ў 1883 годзе. Іншыя яго продкі родам з Каталоніі, у тым ліку і прапрадзед Рамон Льябера Перэс. Брат Рамона, Гансаль Льябера Перэс, прапрадзед іншага вядомага футбаліста — Баяна Кркіча.

Калі Месі было 11 гадоў, у яго выявілі дужа рэдкую хваробу — дэфіцыт самататрапіну (гармону росту). Каб вылечыць яго, хлопцу давялося на працягу трох гадоў штодзень рабіць сабе ін'екцыі спецыяльнага прэпарата, якія каштавалі каля 900 даляраў на месяц. Напачатку лекі аплачваў сталеліцейны завод, дзе працаваў тата Месі, але калі здарыўся крызіс, каса ўзаемадапамогі завода перастала гэта рабіць. Адмовіўся дапамагаць і вядомы аргенцінскі клуб «Рывер Плэйт», хоць яўна таленавітага хлапчука яны на той час ужо заўважылі. На шчасце, Ліянеля пажадалі бачыць у «Барселоне», і ўжо каталонцы ўзялі на сябе яго лячэнне. У выніку хлопец вырас да 169 сантыметраў — гэта сярэдні рост мужчын у Аргенціне.

 

Гэтае фота і наступныя: commons.wikimedia.org

Ліянель — сапраўдны патрыёт. Так, ён з 13 гадоў жыве не ў Аргенціне, а ў Іспаніі, куды перабраўся са сваёй сям’ёй, каб будаваць футбольную кар’еру і вучыцца ў футбольнай акадэміі «Барселоны». Але ж сваю краіну ён не забывае: «Аргенціна — гэта мая краіна, мая сям’я. Я б абмяняў усе свае рэкорды на тое, каб зрабіць людзей у маёй краіне шчаслівымі».

Месі адданы не толькі Аргенціне, але і «Барселоне» — галоўнаму клубу ў сваім жыцці. За яе моладзевы склад Ліянель граў з 2000 па 2003 год, а наступныя 18 гадоў правёў у дарослай камандзе «Барсы». У 2021 годзе ён нават пагадзіўся панізіць заробак удвая, толькі каб падпісаць новы кантракт з родным клубам, але абмежаванні ад Ла Лігі не далі гэта зрабіць, і аргенцінцу давялося пакінуць клуб. На прэс-канферэнцыі, дзе Месі пра гэта абвяшчаў, ён плакаў.

Вядома, што аргенцінец мае лёгкую форму аўтызму, так званы сіндром Аспергера. У адрозненне ад больш цяжкіх форм хваробы, гэты сіндром не шкодзіць інтэлектуальным здольнасцям, а, па некаторых меркаваннях, наадварот, дапамагае Ліянелю лепш канцэнтравацца на гульні і пралічваць дзеянні праціўнікаў наперад. Прынята лічыць, што ў людзей з сіндромам Аспергера ёсць праблемы з сацыяльным узаемадзеяннем, і знаёмыя сапраўды часта апісваюць Месі як чалавека панурага. 

Футбаліст — узорны сем'янін. Ён жанаты з Антанелай Ракуца, сваёй старой знаёмай з дзяцінства, з братам якой ён сябраваў. Месі пачаў сустракацца з Антанелай у 2009 годзе, мае ад яе трох дзяцей: 10-гадовага Цьягу, 7-гадовага Матэа і 4-гадовага Чыра.

І ўсё-такі ён не такі ідэальны, гэты Месі, і нават мае турэмны тэрмін у 21 месяц — праўда, умоўны. Такі суровы прысуд Ліянель і яго бацька, які працуе футбольным агентам аргенцінца, атрымалі за нявыплату падаткаў іспанскай казне ды яшчэ мусілі выплаціць 3,5 мільёна штрафаў. Калі б не іспанскія законы, што дазваляюць адбываць меншы за 2 гады тэрмін умоўна, футбаліст сапраўды мог бы трапіць на нары.

Аргенцінец любіць пакрываць цела татуіроўкамі, і шмат якія з іх звязаныя з яго жонкай. На целе гульца ёсць выява вока Антанелы і яе вусны, а таксама вялікая выява Ісуса на перадплеччы, выява маці і шмат іншых татуіровак.

Мбапэ: бацькі, якія прысвяцілі сябе сыну, і рэкорд хуткасці

Кіліян родам са шматнацыянальнай сям'і, у якой спорт заўжды быў на важным месцы. Яго мама мае алжырскія карані, была прафесійнай гандбалісткай, бацька — выхадзец з Камеруна — добра гуляў у футбол і працаваў футбольным трэнерам. 

Хлопцу было шэсць гадоў, калі ён пачаў займацца футболам у клубе «Бандзі», у якім працаваў яго бацька. Спачатку Кіліян трэніраваўся ў таты, а потым перайшоў у вядомую акадэмію «Клерфантэн» — адтуль выходзілі такія зоркі, як, напрыклад, Цьеры Анры. Да акадэміі даводзілася ездзіць за дзясяткі кіламетраў, але бацька ўсё адно кожны дзень вазіў Кіліяна.

Запрашэнне гуляць пад кіраўніцтвам Зідана — мара, напэўна, кожнага футбаліста. Але Мбапэ, калі яму было 13, адмовіўся прыняць гэтае самае запрашэнне ад іспанскага «Рэала». І працягнуў кар'еру ў складзе «Манака».

Як і шмат хто з футбалістаў, Кіліян мае мянушку. У яго выпадку гэта Данатэла — імя аднаго з герояў мультфільма «Чарапашкі-ніндзя», да якога Мбапэ нібыта падобны. Такую мянушку хлопцу далі аднаклубнікі па «Пары Сэн-Жэрмен», яго цяперашняй камандзе.

Кіліяну было 19 гадоў, калі разам з французскай зборнай ён стаў чэмпіёнам свету. Чатыры гады таму, на турніры ў Расіі, Мбапэ назвалі найлепшым маладым гульцом, і ён сапраўды вызначыўся: напрыклад, забіў адзіны гол у гульні з Перу, што забяспечыла французам датэрміновы выхад у плэй-оф. 

Насамрэч Кіліян мог бы гуляць не за Францыю, а за Камерун, бо яго бацька паходзіць з гэтай краіны. Але Кіліян сам вырашыў выбраць Францыю: ніхто з камерунскіх футбольных чыноўнікаў не дадумаўся яго пра гэта папрасіць.

З Мбапэ звязаныя некалькі фінансавых рэкордаў у футболе. Напрыклад, у лютым 2021 года яго трансферны кошт ацанілі на 185 мільёнаў еўра, што зрабіла яго на той час самым дарагім футбалістам свету (зараз гэты кошт знізіўся да 160 мільёнаў). Але ж пра Мбапэ ведае менш людзей, чым пра Раналду ці Месі. Чаму? Проста Кіліян па натуры сціплы і непублічны, таму і яго імя не так часта мільгае ў стужцы навін.

У 2020 годзе Мбапэ назвалі самым хуткім футбалістам у свеце. Па падліках французскага выдання Le Figaro, Кіліян здольны развіваць на полі хуткасць 36 км/гадз.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: