Дыктатары і мундыялі. Дасье ў карыкатурах
У Катары стартуе Чэмпіянат свету па футболе. Ужо цяпер зразумела, што ён трапіць у гісторыю як адзін з турніраў, што намагаліся выкарыстаць у сваіх мэтах аўтакраты і дыктатары.
Напэўна, першым, хто зразумеў ролю футбола для ўласнага рэйтынгу, быў італьянскі дыктатар Мусаліні. Часы яго кіравання — зорны час італьянскага футболу, які меў вялікую падтрымку ад дзяржавы. За бюджэтныя сродкі была пабудаваная інфраструктура, створаная сістэма падрыхтоўкі спартсменаў, медыя, якія папулярызавалі спорт. Падрыхтаваная і тэхнічна бліскучая італьянская каманда выйграла чэмпіянат свету 1938 года ў Італіі. Зрэшты, не без дапамогі самога Дучэ, які падкупляў суддзяў. Так ці інакш, тая перамога спрыяла росту папулярнасці рэжыму і зрабіла словы Мусаліні і футбол сінанімічнымі. Нядзіўна, што калі ў 1940-м грэкі разбілі італьянскіх інтэрвентаў, мясцовы мастак выявіў дыктатара ў якасці мяча, што пінаюць грэцкія жаўнеры.
Футбол моцна кантраляваўся дзяржавай таксама ў Іспаніі часоў дыктатуры Франка. Франка патранаваў мадрыдскі клуб «Рэал», які ў 1950-я быў самым моцным на планеце. Не дарма яго выяўлялі ў клубнай футболцы. Натуральна выйграваў «Рэал» і на радзіме, што мела глыбокі сімвалізм. Бясконцая дамінацыя «Рэала» павінна была значыць, што ва ўсіх сферах мае быць толькі адзін лідар.
Нягледзячы на бясспрэчную моц іспанскай зборнай, Франка вагаўся, ці адпраўляць яе на Кубак Свету 1962 года ў Чылі. Дыктатар баяўся, што па ходзе турніру Іспанія можа прайграць зборнай СССР, які падтрымліваў яго праціўнікаў у час грамадзянскай вайны. Такая параза магла кепска адбіцца на прэстыжы дыктатуры. Аднак у выніку іспанцы ў Чылі згулялі, хаця з савецкай зборнай не сустрэліся.
Увогуле, мундыялі згулялі з іспанскай дыктатурай забаўны жарт. У 1964-м Мадрыд дабіўся правядзення ў Іспаніі Кубка свету ў 1982 годзе. Планавалася, што турнір стане трыумфам дыктатуры. Аднак у 1975-м Франка памёр, а дыктатура хутка ляснулася. Мундыяль 1982-га стаў сімвалам новай дэмакратычнай Іспаніі.
Найбольш беспардонна выкарыстала Кубак свету ў 1978-м аргенцінская дыктатура. Арганізатары нават не хавалі, што ў краіне адбываюцца масавыя рэпрэсіі. Менш як за год да чэмпіянату свету па футболе міністр унутраных спраў паведаміў, што без вестак зніклі 5618 чалавек. Было вядома пра масавыя катаванні ў турмах. Натуральна, шмат хто на Захадзе заклікаў да байкоту мерапрыемства. Аднак у выніку ўсе каманды-ўдзельніцы дружна адправіліся ў Аргенціну. Вернымі прынцыпам засталіся хіба карыкатурысты, якія працягвалі ў сваіх працах высмейваць дыктатуру, што намагаецца дабіцца лаяльнасці аргенцінцаў за кошт футболу.
Асобна трэба сказаць, як намагаліся рабіць піяр на сусветных футбольных чэмпіянатах у Паўночнай Карэі. Мясцовая каманда двойчы брала ўдзел у фінальных турнірах. Годам славы паўночнакарэйскай зборнай стаў 1966-ты, калі каманда КНДР на здзіўленне многіх выйшла ў чвэрцьфінал. А вось у 2010-м у Паўднёвай Афрыцы паўтарыць поспех 1966-га не атрымалася. Зрэшты, не факт, што пра гэта ведаюць самі футбольныя заўзятары КНДР. Паўночнакарэйскія прапагандысты сцвярджаюць, што краіна перамагае ва ўсім — ад футбола да шашак. А мясцовыя мастакі актыўна выяўляюць меркаваныя спартыўныя дасягненні краіны. На гэтай карціне паўночнакарэйская футбольная каманда плача ад радасці, выйграваючы чэмпіянат свету.
Вельмі супярэчлівым выглядаў мундзіяль 2018-га ў Расіі. На той момант яшчэ былі памятныя рэпрэсіі ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацый выбараў у 2012-м. Многія баяліся, што ўдзел у турніры будзе прызнаннем захопу Крыма. Так ці інакш, пуцінская Расія палепшыла дзякуючы турніру свой імідж. Аднак, як мы бачым на прыкладзе гэтага малюнка, карыкатурысты ўсё роўна засталіся вельмі крытычнымі на адрас расійскага кіраўніцтва.
І вось турнір у Катары — не краіна, а сапраўднае сямейнае прадпрыемства кіруючай дынастыі, якая валодае велізарнымі рэсурсамі нафты і газу. Тут няма намёку на дэмакратыю, павагу да правоў чалавека, эканамічныя, палітычныя, грамадзянскія правы, усе партыі і прафсаюзы забароненыя. Больш таго, агульнавядома, што Катар прымае гэты ЧС дзякуючы хабару чыноўнікам FIFA. Усё гэта можа выклікаць у час турніру нейкі форс-мажор, што ў перспектыве можа паўплываць на будучы фармат правядзення падобных чэмпіянатаў. У любым выпадку, пакуль маштабы байкоту чэмпіянату свету, які праводзіць дыктатура, самыя буйныя за ўсю гісторыю. Малюнак з французскага le Monde.