Гісторыя футбольных чэмпіянатаў сьвету. Пераможцы, факты, легенды. Частка 2 (1954 — 1982)

Напярэдадні чэмпіянату, што стартуе ў хуткім часе ў Катары, мы падрыхтавалі сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных мінулым мундыялям. У другім выпуску разгледзім спаборніцтвы, што адбыліся з 1954 па 1982 год.

1966_the_story_of_england_world_cup_win_560x350.webp

У 1954 годзе чэмпіянат адбываўся ў Швайцарыі, куды трапілі 16 камандаў.

Чаму абралі гэтую краіну? Усё проста: яна амаль не пацярпела ад спусташальнай вайны, і інфраструктура была на вышэйшым узроўні. Гэта быў першы мундыяль, які можна было паглядзець па ТБ.

Дзеючыя чэмпіёны Уругвая былі сярод лепшых 16-ці. Аднак галоўным фаварытам разглядалася Вугоршчына, сапраўдны дамінант у эўрапейскім футболе ў той час. Лідарам вугорскай каманды быў легендарны Ферэнц Пушкаш. Нямеччына пасьля бана на ўдзел у мінулым чэмпіянаце вярнулася ў эліту.

1954_germany.jpg

Фінал, аб якім марылі прыхільнікі футболу — Бразылія-Вугоршчына — праз дзіўны рэглямэнт адбыўся нашмат раней за вырашальную гульню. Каманды сустрэліся ў чвэрцьфінале.

Але галоўным уражаньнем ад гульні сталі жорсткія сутычкі на полі. Гульня ўключала ў сябе тры выдаленьні, бойку пасьля фінальнага сьвістка і працягвалася атакамі бразыльцаў на вугорцаў у падтрыбунных памяшканьнях.

Эўрапейская каманда перамагла: 4-2.

btgdwrbdy9i.jpg


Чэмпіянат стаў рэкордным па сярэдняй колькасьці (5,38) галоў за матч. Больш за ўсё галоў забілі ў чвэрцьфінальнай гульні паміж Аўстрыяй і Швайцарыяй: 7-5.

Да фіналу дабралася Вугоршчына, што перамагла ў паўфінале дзеючых чэмпіёнаў — Уругвай. Другой камандай вельмі нечакана стала нямецкая. Сярэдні ўзровень немцаў быў далёкі ад таго, каб выдаваць ім авансы наперад. Але ў плэй-оф яны пасьлядоўна разабраліся з Югаславіяй (2-0) і разграмілі Аўстрыю (6-1). Вырашальная гульня лёгка пачалася для вугорцаў, яны забілі 2 галы, але потым немцы зрабілі тры трапныя стрэлы і пахавалі вугорскія мары аб чэмпіёнстве.

1954_germany_2.jpg

Нямеччына — новы футбольны кароль.

Пасьля гульні адбыўся скандал: Ферэнц Пушкаш абвінаваціў немцаў у прыёме допінгу. FIFA прымусіла яго забраць свае словы назад, але праз дзесяцігодзьдзі стала вядома, што немцы ўсё ж імаверна прымалі метамфетамін перад фіналам.

Шосты чэмпіянат сьвету адбыўся ў 1958 годзе ў Швэцыі.

Гэта быў год, калі плянэта пачула пра Пеле. Сярод удзельнікаў не было былога чэмпіёна — Уругвая: каманда не змагла прайсьці адбор. Фіналісты мінулага чэмпіянату з Вугоршчыны былі моцна аслабленымі пасьля паўстаньня 1956 года ў Будапэшце: шматлікія футбалісты перабраліся празь мяжу і не выклікаліся ў камуністычную зборную. Да чвэрцьфіналу дабралася зборная краіны саветаў, дзе саступіла Швэцыі.

1958_brazil_3.jpg


Бразылія пачала чэмпіянат сумнай нічыёй 0-0 з Англіяй, і на наступную гульню два новыя гульцы, Гарынча і Пеле, атрымалі свой шанец. Першы — адзін з лепшых у гісторыі, ну а другі, на думку шматлікіх — найлепшы футбаліст усіх часоў і народаў.

У паўфіналах Швэцыя была мацней за дзеючых чэмпіёнаў зь Нямеччыны (3-1), а Бразылія зьнішчыла Францыю (5-2).

Бразылія дасягнула фіналу, а 17-гадовы Пеле стаў самым маладым футбалістам у фінале чэмпіянату сьвету.

Ён таксама забіў адзін з самых знакамітых галоў — у фінале супраць Швэцыі. Абавязкова паглядзіце ў Youtube гэты гол.


Фінал стаў сваеасаблівым паўторам папярэдняй гульні Бразыліі. Зноў 5-2 — і першае чэмпіёнства для гэтай зборнай стала рэальнасьцю.

1958_brazil_2.jpg


Пеле быў не адзіным, хто ўвайшоў у гісторыю.

Жуст Фантэйн забіў 13 галоў за зборную Францыі на турніры, і гэта да сёньня зьяўляецца рэкордам чэмпіянатаў сьвету.

1958_brazil.jpg


Чэмпіянат сьвету 1962 года адбыўся ў Чылі.

Удзельнічалі зноўку 16 камандаў. Нягледзячы на ​​траўму Пеле Бразыльцы здолелі абараніць свой тытул. У фінале яны перамаглі Чэхаславакію зь лікам 3-1. Пеле быў на лаўцы запасных, а галоўнай зоркай быў Гарынча. Да ліку культавых удзельнікаў далучыўся і Ферэнц Пушкаш, але гэтым разам ён гуляў за зборную Гішпаніі. Якім чынам, спытаеце вы?

1962_brazil.jpg
Пасьля згаданай вышэй спробы рэвалюцыі ў 1956-м у Вугоршчыне ён зьмяніў грамадзянства і змог выступаць за новую каманду.

Але ўжо ў хуткім часе пачне дзейнічаць безумоўная забарона на падобныя дзеяньні.

Нямеччына, Югаславія, СССР, Чылі, Бразылія, Чэхаславакія, Вугоршчына і Італія выйшлі ў раўнд плэй-оф.

Гаспадары мундыялю змаглі прарвацца ў паўфінал, дзе саступілі будучым чэмпіёнам 2-4. У другім паўфінале чэхаславакі перамаглі калегаў па сацлягеры югаславаў: 3-1. Фінал аказаўся даволі лёгкім для перамогі Бразыліі: 3-1.

1962_czech.jpg


Чэмпіянат сьвету 1966 году прайшоў у Англіі.

Гэты турнір — гонар і слава ангельскага футболу. Ён стаў адзіным вялікім спаборніцтвам, уключна з чэпіянатамі Эўропы, якое змаглі выйграць тыя, хто і прыдумаў гэтую чароўную гульню — футбол. Амаль 60 гадоў дагэтуль ангельцы чакаюць на які-кольвек добры вынік. Добры вынік на чэмпіянаце сьвету — гэта толькі першае месца.

1966_the_story_of_england_world_cup_win_560x350.webp


На гэтым чэмпіянаце пачалі ўпершыню выкарыстоўваць допінг-тэсты (прывітаньне, Нямеччына-1954). А гледачы змаглі бачыць і паўторы галоўных эпізодаў гульні па ТБ.

Сярод галоўных зорак Англіі безумоўна вылучаліся тры гульцы: Бобі Чарльтан (у будучыні рыцар Брытаніі з прыдомкам «сэр» і легенда «Манчэсьцер Юнайтэд»), Гордан Бэнкс і Джэф Хёрст.

У фінале Англія перамагла Нямеччыну пасьля прызначэньня дадатковага часу: 4-2. Адзін з галоў у фінале зьяўляецца крыніцай спрэчак і абмеркаваньняў дагэтуль. Ён быў забіты пасьля таго, як Джэф Хёрст прабіў у стойку брамы немцаў. Мяч адскочыў каля лініі брамаў. Судьдзя вырашыў, што гэта было за лініяй і гол забіты. Гэта дазволіла перавесьці гульню ў дадатковы час, дзе Англія дабіла Нямеччыну. Сам Хёрст забіў тры з чатырох галоў у тым драматычным фінале.

Той самы спрэчны гол

Той самы спрэчны гол

Аднак самай вялікай зоркай на турніры стаў самы таленавіты партугалец Эўсэбіё (гэтае званьне не аспрэчваў ніхто аж да эпохі Крышціяну Раналду). Партугалія заняла трэцяе месца пасля паразы ад Англіі ў паўфінале (1-2) і перамогі над СССР у гульні за бронзу (2-1).

1966_england.jpg

Бразылія, якая выйграла два апошнія чэмпіянаты, паказала жудасную гульню і выбыла ўжо ў групавым этапе.

Чэмпіянат сьвету 1970 году адбыўся ў Мэксіцы.

Гэты турнір быў першым, які паказвалі каляровым па ТБ. Адначасова з гэтым камерцыйны складнік пачынаў уласную заваёву: Adidas стварыў адмысловы мяч, які выкарыстоўваўся ў кожнай гульні.

1970_adidas.jpg

Яшчэ дзьве рэвалюцыйныя зьмены: былі ўведзеныя жоўтыя і чырвоныя карткі, а таксама дазваляліся па дзьве замены падчас гульні.

1970_brazil.webp

У дзеючых чэмпіёнаў з Туманнага Альбіёну зноў была моцная каманда, і ў чвэрцьфінале адбыўся матч-рэванш зь Нямеччынай. Гэтым разам перамогу атрымалі немцы з лікам 3-2. Яны і трапілі ў паўфінал. Супернікам Нямеччыны стала зборная Італіі, якая і скарысталася сваімі шанцамі. Італія крочыць у фінал, дзе яе будзе чакаць зборная, у якой працягвае паказваць фантастычны футбол Пеле. Бразылія ў плэй-оф перамагла Перу ў чвэрцьфінале і Ўругвай — у паўфінале.

1970_brazil_2.jpg

У фінале сустрэліся два двухразовыя чэмпіёны сьвету. 4-1 — з такім лікам паўднёваамерыканцы разрываюць эўрапейцаў у фінале, і зборная Бразыліі ў трэці раз становіцца чэмпіёнам сьвету.


Пеле становіцца першым і адзіным, хто тройчы атрымліваў перамогу на мундыяле. У фінале бразылец забіў сам і аддаў дзьве галявыя перадачы. Сапраўдны кароль футболу.

 

Юбілейны, дзясяты, чэмпіянат сьвету 1974 года прайшоў у Заходняй Нямеччыне.

У турніры брала ўдзел і другая, Усходняя Нямеччына. А вось ужо трохразовыя чэмпіёны сьвету бразыльцы былі бляклым ценем былога посьпеху. Каманда, якая праваліла турнір.

1974_world_cup.jpg


Але ў чэмпіянаце была каманда, якая сваім выступам зьмяніла ўяўленьне пра футбол. Усё старое скончылася, пачыналася нешта зусім новае і вядомае толькі ім. Футбол як мастацтва ў выкананьні Нідэрляндаў на чале з Ёханам Кройфам.

Яны практыкавалі тактычны стыль гульні, які стаў вядомы як татальны футбол і першапачаткова быў створаны амстэрдамскім клюбам «Аякс». У двух словах гэты стыль можна апісаць як сыстэму, пры якой любы палявы гулец мог замяніць іншага на яго пазыцыі шмат разоў падчас адной і той жа гульні. Гэта было неймаверна: абаронца становіцца форвардам і выступае на элітарным узроўні.

1974_nether.jpg


Іх супернік у фінале — Заходняя Нямеччына — быў фаварытам турніру дзякуючы сваёй перамозе на чэмпіянаце Эўропы за два гады да гэтага. Лідар нямецкай каманды — верагодна, лепшы абаронца ў гісторыі Франц Бэкенбаўэр. На самым пачатку фінальнай гульні, яшчэ нават не дакрануўшыся да мяча, немцы лупяць па нагах Ёхана Кройфа ў сваёй штрафной. Пэнальці. 1-0. Праз 20 хвілінаў быў прызначаны пэнальці ў бок Нідэрляндаў. Зноў удала. 1-1.

1974.jpg


Напрыканцы першага тайму знакаміты бамбардыр Герд Мюлер ставіць кропку. Нямецкая машына перамагае нідэрляндзкае мастацтва.

 

1974__2.jpg

У 1978 годзе чэмпіянат сьвету прымала Аргентына.

Гэтым разам Нямеччына выступала без Франца Бэкенбаўэра і Герда Мюлера. Нідэрлянды засталіся без сваёй самай вялікай зоркі, Ёхана Кройфа. Найбольшыя чаканьні перад турнірам ускладаліся на такіх гульцоў, як Карл-Хайнц Румэніге (Нямеччына), Мішэль Плаціні (Францыя) і Марыа Кемпес (Аргентына).

1978_argent.jpg

У гэтым, як і ў папярэднім, турніры не было звыклай сістэмы плэй-оф, калі каманды гуляюць на вылет. Па выніках двух групавых этапаў за запаветны кубак павінны былі пазмагацца два пераможцы групаў. Адну зь іх ачоліла Аргентына, абыйшоўшы толькі па розьніцы галоў Бразылію, а другім фіналістам стала зноў каманда Нідэрляндаў, як і 4 гады перад гэтым.

У асноўны час была зафіксаваная нічыя 1-1, а вось у дадатковы аргентынцы двойчы здолелі забіць, і такім чынам першы раз стаць чэмпіёнамі сьвету. Два галы ў фінале забіў Марыа Кемпес, які быў абвешчаны найлепшым футбалістам турніру.
1978.jpg


Дарэчы, на гэты турнір галоўны трэнер паўднёваамерыканцаў пабаяўся выклікаць маладога Дыега Марадону. Што адбылося б у адваротным выпадку з гісторыяй футболу — пытаньне адкрытае. А эўрапейская каманда, як і ўсе Нідэрлянды, была спустошаная ўшчэнт. Дзьве паразы замест двух тытулаў.

У 1982 годзе чэмпіянат сьвету праводзіла Гішпанія.

Фінальная фаза турніру павялічылася з 16 да 24 камандаў. Дзеючыя чэмпіёны гэтым разам не маглі спадзявацца на найлепшую гульню ад Марыа Кемпеса — ён яўна быў не ў форме. А Дыега Марадона не здолеў утаймаваць эмоцыі і быў выдалены ў адной з гульняў.

1982.jpg

Гэты чэмпіянат быў адметным тым, што да фіналу не дайшлі дзьве самыя яскравыя каманды — Францыі і Бразыліі, якія саступіліся раней. Тытул паміж сабою павінны былі разыграць Нямеччына і Італія.

Два двухразовыя чэмпіёны сьвету вырашалі, хто стане трохразовым і дасягне чэмпіёнствамі Бразылію.

У складзе абедзьвюх камандаў выступалі футбалісты найвышэйшага ўзроўню, якія сёньня ўваходзяць у футбольны пантэон. У Італіі былі, сярод іншых, Дзіна Дзоф, Марка Тардэлі і Паола Росі, у Нямеччыны — Карл-Хайнц Румэніге. За 10 хвілінаў да канца гульні Італія была наперадзе — 3-0! Немцы здолелі адказаць адным трапным стрэлам.

1982__2.jpg

Праз 44 гады Італія зноў становіцца лепшай футбольнай зборнай у сьвеце.

Такім чынам, чэмпіёны сьвету па футболе:

1930 — Уругвай             

1934 — Італія

1938 — Італія

1950 — Уругвай

1954 — Нямеччына

1958 — Бразылія

1962 — Бразылія

1966 — Англія

1970 — Бразылія

1974 — Нямеччына

1978 — Аргентына

1982 — Італія


У наступнай частцы разгледзім чэмпіянаты з 1986 па 2018 год.