Гісторыя футбольных чэмпіянатаў сьвету. Пераможцы, факты, легенды. Частка 3 (1986-2018)
Напярэдадні чэмпіянату, што стартуе ў хуткім часе ў Катары, мы падрыхтавалі сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных мінулым мундыялям. У трэцім выпуску разгледзім спаборніцтвы, што адбыліся з 1986 па 2018 гады.
Чэмпіянат 1986 года адбыўся ў Мэксіцы
Гэта быў трыюмф зборнай Аргентыны і асабіста Дыега Марадоны. Пасьля турніру ён узьнёс сябе да самых элітарных футбалістаў у гісторыі. Калі сёньня спрачаюцца, хто лепш — Раналду ці Мэсі, дык раней выбар быў паміж Пэле і Марадонам.
Чэмпіянат падараваў сьвету «руку Бога». У чвэрцьфінале мундыяля Англія — Аргентына Дыега Марадона забіў мяч, як здалося ўсім, акрамя суддзі, рукой. Гол быў залічаны, лік стаў 2-1, Аргентына пайшла далей.
Адзначым, што гэты двубой зборных прыйшоўся на час пасьля вайны Вялікай Брытаніі і Аргентыны за Фалклэндзкія выспы, дзе брытанцы былі мацней. На футбольным полі адбылася своеасаблівая помста. У Англіі засталося толькі маленькае суцяшэньне — іх форвард Гары Ліныкер стаў галоўным бамбардырам турніру з 6 галамі.
У фінале Аргентыну чакала Нямеччына, якая ў плэй-оф справілася з Марока, Мэксікай і Францыяй на чале з Мішэлем Плаціні. Вырашальная гульня была з ліку легендарных. Аргентына дастаткова ўпэўнена вяла з лікам 2-0 да канца гульні, калі бліжэй да сканчэньня другога тайма немцы не зраўнялі лік. А на 86-й хвіліне Марадона (хто як ня ён) зрабіў галявы пас на Хорхэ Буручагу. Аргентына — двухразовы чэмпіён сьвету. У фінале за Нямеччыну гуляў Лотар Матэус — пра яго ўзгадаем у 1990 годзе.
Турнір 1990 года прайшоў у Італіі
Цудоўнае новаўвядзеньне чэмпіянату: за падкат ззаду суддзя атрымліваў магчымасьць адразу даваць чырвоную картку (гэта адзін з самых траўматычных відаў змаганьня за мяч).
У гэтым годзе свайго найлепшага выніку дасягнула афрыканская зборная: Камэрун дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе саступіў Англіі. Чэмпіёны сьвету аргентынцы пачалі турнір з паразы, але паступова прыйшлі ў норму і дапаўзлі (праз дзьве сэрыі пенальці з Югаславіяй і Італіяй) да фіналу. Дзе іх чакалі… зноў немцы. Кінематаграфічны паўтор фінала 1986.
За Нямеччыну бліскуча выступалі Лотар Матэус, Юрген Клінсман, Рудзі Фёлер. У паўфінале немцы па пенальці перамаглі Англію, для якой удзел у сэрыях пенальці ўжо даўно стаў праклёнам.
Фінал 1990 года часта называюць адным з самых цынічных і брудных фіналаў чэмпіянату сьвету. Аргентына не магла паказаць клас, але адзначылася ажно двума выдаленьнямі. Немцы ўвесь матч спрабавалі прадзерціся скрозь масіраваную абарону суперніка, але так і не змаглі забіць гол з гульні. Толькі на 85-й хвіліне гол з пенальці забіў Андрэас Брэме. Цікава, што штатным выканаўцам пэнальці ў зборнай Нямеччыны быў Лотар Матэўс, які падчас гульні вымушаны быў зьмяніць свае бутсы на іншыя, пасьля чаго не адчуваў сябе вельмі камфортна. Калі надыйшоў лёсавызначальны момант, ён даручыў ударыць партнэру па камандзе. Хто ведае, як бы ўсё скончылася, калі Матэус наважыўся біць сам. Нямеччына дагнала Італію і Бразылію па колькасьці тытулаў — іх у кожнай каманды было па тры.
Чэмпіянат сьвету 1994 адбываўся ў ЗША
Невядома, ці то посьпехі немцаў за апошні час, ці то звышталенавітае пакаленьне бразыльцаў, ці абодва фактары разам прывялі да чацьвертага званьня чэмпіёнаў сьвету для паўднёваамэрыканскай каманды.
Дзвюма самымі вялікімі сэнсацыямі на турніры сталі Швэцыя і Балгарыя. Швэцыя была блізкая да свайго другога фіналу чэмпіянату сьвету, а Балгарыя з Хрыста Стоічкавым магла выйсьці ў свой першы. Замест гэтага каманды сустрэліся паміж сабой у матчы за трэцяе месца, дзе скандынавы не пакінулі жывога месца на целе балгарскай зборнай 4-0.
Перш чым перайсьці да вырашальнай гульні, неабходна адзначыць дзьве падзеі, якія, магчыма, перакрылі сабою вынікі турніру.
А другая падзея адбылася з Андрэсам Эскабарам, абаронцам зборнай Калюмбіі. Пасьля яго аўтагола ў гульні з ЗША, дзе зборная атрымала паразу, на яго распачаўся шалёны ціск ад фанатаў на радзіме.
Тым часам у фінал трапілі «карнавальныя» бразыльцы, як іх сталі называць праз стыль гульні, падчас якой футбалісты нібы таньчылі. Галоўнай зоркай зборнай і турніру быў, безумоўна, Рамарыё. А другім фіналістам стала зборная Італіі. Пераможца атрымліваў чацьверты тытул. Адным з сымбаляў мундыялю сталі сьлёзы Рабэрта Баджа — аднаго зь лепшых італьянскіх футбалістаў. Менавіта ён, лідар і надзея Італіі, не забіў вырашальны пэнальці ў пасьляматчавай сэрыі.
Бразылія – чэмпіён!
Турнір 1998 года адбыўся ў Францыі
Гэта быў французкі мундыяль, з французкім героямі і французкай перамогай. Эме Жакэ, галоўны трэнер французаў, напярэдадні чэмпіянату пачаў аддаваць перавагу аднаму футбалісту на канкрэтную пазыцыю. Такім чынам перастаў трапляць у асноўны склад Эрык Кантана, а замест яго выходзіў Зінэдзін Зідан. Верагодна, трэнер нешта ведаў з самага пачатку.
А што на турніры? Англія чарговы раз у плэй-оф прайграла ў сэрыі пэнальці, і зноў сваім ворагам — Аргентыне. Адной з сэнсацый стата Харватыя, якая першы раз прымала ўдзел — і адразу здолела дайсьці да паўфіналу, дзе была спыненая камандай Зідана. Іншым паўфіналістам стала зборная Нідэрляндаў, якая, як потым стала вядома, разьядала сябе з сярэдзіны канфліктам уласных гульцоў — каманда падзялілася на лягер белых і чорных. Супярэчнасьці не далі ім паказаць патэнцыйна чэмпіёнскай гульні, і нідэрляндцы саступілі Бразыліі.
Фінал стаў трыюмфам Зінэдзіна Зідана. Два галы пасьля розыгрышу кутніх удараў сталі цьвікамі ў труне зборнай Бразыліі. Апошнім стаў яшчэ адзін гол ад Эмануэля Пэці. У паўднёваамерыканцаў зьзяла новая зорка на замену Рамарыё — Раналда. Аднак у фінале, як здавалася, выйшла граць бабуля футбаліста, а не ён сам — такім бляклым быў выступ Раналда. Пазьней высьветлілася, што зь невядомых прычынаў лідар бразыльцаў страціў прытомнасьць напярэдадні фіналу. Што ці хто былі прычынамі — дагэтуль таямніца. А Зінэдзін Зідан сваёй гульнёй прымусіў ставіцца да яго, як да роўнага сярод самых вялікіх у гісторыі — Пэле, Марадоны, Кройфа.
Чэмпіянат сьвету 2002 праходзіў адразу ў Японіі і Паўднёвай Карэі
Бразыльцы прыехалі максімальна матываванымі, а вось зборную Францыі чакаў канфуз: у групе яны прайгралі Сэнегалу (былой французкай калёніі, футбалісты якога амаль усе выступалі ў чэмпіянаце Францыі, і больш за тое, шмат хто не ў вышэйшым дывізіёне), Даніі і згулялі ўнічыю з Уругваем. Як вынік — апошняе месца ў сваім квартэце без забітых галоў. Іншы фаварыт турніру — Аргентына — паўтарыла лёс Францыі і не трапіла ў плэй-оф.
Карэйцы ўвогуле зьдзівілі футбольны сьвет, калі ў 1/8 фінала выбілі Італію, а ў чвэрцьфінале Гішпанію! І толькі ў паўфінале нямецкая машына здолела спыніць сэнсацыйных карэйцаў.
У другім паўфінале знойдзем яшчэ адну футбольную сэнсацыю. Да гэтага раўнду дабралася зборная Турцыі (праўда, іх супернікі ў плэй-оф былі зусім не такія статусныя, як у карэйцаў — Японія і Сэнегал). Турцыя засталася з бронцавымі медалямі, пасьля таго як іх прайшла Бразылія.
У фінале сутыкнулася лепшая абарона турніру на чале з кіперам немцаў Олівэрам Канам і лепшая атака, дзе было фантастычнае трыа — Раналда, Рывалда і Раналдзіньё. Тое, што не атрымалася ў 1998-м, адбылося ў 2002-м — два галы Раналда і пятае чэмпіёнства Бразыліі.
Чэмпіянат 2006 года адбыўся ў Нямеччыне
Галоўнае, што засталося ў памяці аматараў футболу — гэта нават не вынік турніру. Гэта адзін удар. У нашым выпадку нават не ўдар па мячы, а ўдар галавой Зінэдзіна Зідана пасьля таго, як яго справакаваў вядомы італьянскі скандаліст на полі Марка Матэрацы. Фінал. Францыя — Італія.
Зідан зноў забіў у вырашальнай гульні, як і ў 1998 годзе, Матэрацы забіў гол у адказ. Фэерычная гульня перайшла ў дадатковы час, Францыя цісьне на італьянцаў. Удар. Сьвісток. Чырвоная картка Зідану. Увесь сьвет бачыў кадры, як француз сыходзіць з поля і ідзе праз пастамэнт, дзе стаіць кубак чэмпіёнаў сьвету. Апошняя гульня вялікага футбаліста. Італія пераможа ў сэрыі пэнальці і атрымае свой чацьверты трафей. Між тым чэмпіянаты сьвету 2018 і 2022 Італія прапускае — яны не здолелі прайсьці кваліфікацыю да турніраў.
Чэмпіянат адметны быў таксама ўдзелам зборнай Украіны — нашыя суседзі здолелі дайсьці да чвэрцьфіналу. У гульні за бронзу немцы перамаглі партугальцаў.
Чэмпіянат сьвету 2010 прайшоў у Паўднёвай Афрыцы
Увесь турнір напаўняла стадыёны і вушы заўзятараў у кожнай кропцы Зямлі гук вувузелаў. Гэты духавы інструмэнт з высокім і манатонным гукам стаў раздражняць усё больш з кожнай новай гульнёй.
Бразылія, Нямеччына, Гішпанія і Аргентына былі чатырма галоўнымі фаварытамі перад пачаткам турніру. У Аргентыны быў эфектны дуэт Дыега Марадоны ў якасьці галоўнага трэнера і Ліянэля Мэсі на полі. Аргентына ўражвала напачатку, але далей была жорстка спыненая немцамі ў чвэрцьфінале (0-4). Бразылія таксама выбыла ў чвэрцьфінале ад Нідэрляндаў. Гішпанія і Нямеччына сустрэліся ў паўфінале, дзе гішпанцы былі мацней.
У другім паўфінале Нідэрлянды перамаглі Ўругвай у вельмі жорсткай гульні, што скончылася зь лікам 3-2.
Фінальную гульню вырашыў адзіны мяч за 4 хвіліны да канца дадатковага часу. Андрэас Іньеста здолеў даслаць мяч у брамы Нідэрляндзкай каманды. Такім чынам, зборная Робіна ван Пэрсі, Уэслі Снайдэра і Ар’ена Рабэна трэці раз атрымала паразу ў фіналах чэмпіянатаў сьвету. А гішпанцы з адной зь лепшых зьвязак у цэнтры поля ў гісторыі футбола Хаві – Іньеста атрымалі свой першы кубак пераможцаў чэмпіянату сьвету.
У 2014 годзе было вырашана праводзіць мундыяль у Бразыліі
Юбілейны, дваццаты турнір абыйшоўся без гучных сэнсацыяў. Бразылія як каманда-гаспадыня мела вялікія надзеі заваяваць яшчэ адзін трафей і была фаварытам, таму што паўднёваамерыканскія каманды традыцыйна былі моцныя, калі гулялі на сваім кантынэнце — ніводная эўрапейская каманда ніколі не выйгравала чэмпіянат сьвету там. Бразылія гуляла добра, а асабліва небясьпечным для супернікаў быў Нэймар. Але ён атрымаў траўму пасьля жорсткага адбору ў чвэрцьфінале супраць Калюмбіі. Верагодна, гэта была самая галоўная прычына таго, што гаспадары ў наступнай гульні саступілі Нямеччыне з крыўдным лікам 1-7, нібы ў хакей згулялі.
У фінале сутыкнуліся Нямеччына і Аргентына. «Бундэсмашын» прымусіла аргентынцаў разам з Мэсі, Агуэра, Ігуаінам гуляць у абароне. Аргентынцам атрымлівалася арганізавана сустракаць нямецкія атакі, але ў другой частцы дадатковага часу, амаль такім самым чынам, як і на папярэднім чэмпіянаце, Марыё Гётцэ змог вывесьці Нямеччыну наперад. Вельмі заслужаная перамога нямецкай каманды, з такімі зоркамі ў складзе, як Басьціян Швайнштайгер, Тоні Крос, Томас Мюлер, Мануэль Нойер.
Пасьля гульні шырока распаўсюдзіліся здымкі з Ватыкану. На іх Папа Рымскі Францішак і папярэдні Пантыфік Бэнедыкт XVI разам глядзяць фінал. Як вядома, Францішак паходзіць з Аргентыны, а Бэнедыкт зь Нямеччыны.
Папярэдні чэмпіянат сьвету 2018 года адбыўся ў Расеі
Права правядзеньня турніру краіна, якая праз чатыры гады нападзе на Ўкраіну, атрымала, як вынікае з рассьледаваньняў, з дапамогай карупцыі ў FIFA, у прыватнасьці, з дапамогай прэзідэнта гэтай арганізацыі Блатэра (пасьля гэтага ён сыдзе ў адстаўку і будзе адхілены ад футбола на 8 гадоў судом).
На турніры зборная Ісьляндыі, што першы раз брала ўдзел у чэмпіянаце, здабыла неверагодную колькасьць новых прыхільнікаў ва ўсім сьвеце. Чэмпіёны сьвету-2014 немцы ганебна скончылі чэмпіянат на апошнім месцы ў сваім квартэце. А іх супернікі па мінулым фінале аргентынцы змаглі прабіцца толькі ў 1/8 фінала, дзе саступілі Францыі.
Французы на турніры відавочна выглядалі мацнейшай камандай. Антуан Грызман, Кіліян Мбапэ, Поль Пагба – сярод галоўных зорак зорнай каманды. Францыя згуляла адну гульню ўнічыю, а ўсе астатнія выйграла, у тым ліку ў фінале супраць зборнай Харватыі. Моцнага супрацьстаяньня не атрымалася: французы выйгралі зь лікам 4-2 і атрымалі другі трафей пераможцаў чэмпіянатаў сьвету! Харваты ў сваю чаргу атрымалі суцяшэньне ў прызнаньні Лукі Модрыча лепшым футбалістам турніра. А форвард зборнай Англіі Гары Кейн стаў лепшым бамбардырам з 6 галамі.
Наперадзе чэмпіянат — 2022!
Такім чынам, чэмпіёны сьвету па футболе:
1930 Уругвай
1934 Італія
1938 Італія
1950 Уругвай
1954 Нямеччына
1958 Бразылія
1962 Бразылія
1966 Англія
1970 Бразылія
1974 Нямеччына
1978 Аргентына
1982 Італія
1986 Аргентына
1990 Нямеччына
1994 Бразылія
1998 Францыя
2002 Бразылія
2006 Італія
2010 Гішпанія
2014 Нямеччына
2018 Францыя
Папярэднія матэрыялы сэрыі можна знайсьці тут: