Агрэсія Расіі выклікала шок у галандцаў, але ядзерны шантаж на іх не дзейнічае
У Нідэрландах выйшла сацыялагічнае даследаванне, прысвечанае тым зменам, якія ўнесла поўнамаштабная расійска-ўкраінская вайна ў грамадскія настроі ў краіне. Было ў ім і пра Беларусь.
У Нідэрландах выйшла сацыялагічнае даследаванне, прысвечанае тым зменам, якія ўнесла поўнамаштабная расійска-ўкраінская вайна ў грамадскія настроі ў краіне. У апытанні прынялі ўдзел каля 5000 галандцаў, праводзілася яно ў кастрычніку. Для параўнання і высвятлення трэндаў былі ўзяты вынікі апытанняў верасня 2020-га і снежня 2021-га. Даследаванне праводзілася Нідэрландскім інстытутам міжнародных адносін Clingendael — арганізацыяй, якая спецыялізуецца на даследаванні міжнародных адносін, пытанняў бяспекі, кантролю крызісаў, тэхнік вядзення перамоў. Інстытут праводзіць у тым ліку даследаванні глабальных трэндаў і рызык па замове нідэрландскага міністэрства абароны.
У справаздачы па выніках даследавання адзначаецца, што пасля 24 лютага адносіны з Расіяй з боку еўрапейскіх краін былі перагледжаны істотным чынам. Цяпер яны ўключаюць у сябе жорсткія санкцыі, ліквідацыю энергетычнай залежнасці, спыненне вядзення бізнесаў з Расіяй. Адначасова рэзка ўздымаюцца выдаткі на абарону, а таксама на дапамогу Украіне і ўкраінцам. Усё гэта мае канкрэтныя фінансавыя наступствы як для дзяржаўных бюджэтаў, так і непасрэдна для грамадзян, што выражаецца ў росце цэн на энерганосьбіты і паліва. Існуюць наступствы і для культурнага жыцця: Нідэрланды, якія традыцыйна мелі шчыльныя культурныя сувязі з Расіяй, цяпер адмяняюць раней запланаваныя мерапрыемствы (такія, як фестываль Чайкоўскага і Стравінскага ў Харлеме) і разрываюць сувязі паміж установамі культуры.
Тут ужо гаворка пра больш сур’ёзныя выклікі, чым тыя, з якімі сутыкнуліся галандцы пасля анексіі Крыма — тады ад іх патрабавалася збольшага выключна маральная падтрымка. Дарэчы, калі гаворка зайшла пра нешта больш канкрэтнае — падтрымку Пагаднення аб асацыяцыі паміж Еўрапейскім Звязам і Украінай, еўраскептыкі здолелі дамагчыся правядзення рэферэндуму, на якім галандцы сказалі гэтаму Пагадненню «не». У такой сітуацыі нідэрландскі ўрад мусіць, безумоўна, мець дакладныя веды пра трэнды ў настроях людзей, каб пабудаваць такую стратэгію, якая не будзе весці да расколу грамадства. На шчасце, у адрозненне ад Беларусі, у Нідэрландах можна праводзіць сацыялагічныя даследаванні, і вынікі іх не выклікаюць вялікіх сумненняў. Таму даследаванне дае даволі адэкватнае ўяўленне, як галандцы ставяцца да праблем, народжаных расійскім уварваннем ва Украіну, і як яны рэагуюць на прапанаваныя ўрадам адказы на гэтыя праблемы.
Як паказала апытанне, агрэсія Расіі выклікала шок у галандцаў. Сярод іх рэзка ўзрасло адчуванне пагрозы з боку Расіі. У верасні 2020-га Расію як пагрозу разглядалі толькі крыху больш за 35%, у той час як 27% — не, а 38% займалі нейтральную пазіцыю. У кастрычніку 2022-га колькасць тых, хто разглядае Расію як пагрозу, вырасла ўдвая і дасягнула мяжы ў 71%. Пры гэтым колькасць тых, хто такой пагрозы па-ранейшаму не заўважае, скарацілася таксама ўдвая — да 14%. Тых, хто не вызначыўся, засталося толькі 15%. У адрозненне ад 2020-га прадстаўнікі розных палітычных партый прадэманстравалі цяпер амаль поўнае аднадушша. З агульнага шэрагу з усёй відавочнасцю выпалі толькі прыхільнікі «Форуму за дэмакратыю» — партыі еўраскептыкаў, якая нарадзілася з групы прыхільнікаў рэферэндуму 2016 года. Сярод такіх толькі 6% заўважылі пагрозу з боку Расіі. Аўтары даследавання адзначаюць, што ў 2020-м і 2022-м пытанні гучалі крыху па-рознаму. Калі два гады таму гаворка вялася пра пагрозу Еўропе наогул, дык зараз — пра пагрозу Нідэрландам. Але на стаўленне галандцаў гэта наўрад ці моцна паўплывала.
Разам з тым галандцы не надта страшацца перспектывы ядзернага канфлікту паміж Расіяй і NATO з-за сітуацыі ва Украіне. Толькі 33% лічаць такую небяспеку высокай, у той час як 35% не вераць у магчымасць падобнага развіцця падзей, 32% не вызначыліся са сваёй пазіцыяй па гэтым пытанні.
Апытанне таксама прадэманстравала, што палітыка дзяржавы, накіраваная на змяншэнне залежнасці ад расійскага газу, мае вялікую падтрымку. У снежні 2021 года са сцвярджэннем, што ў росце імпарту расійскага газу няма вялікай праблемы, не пагадзіліся 52%, у кастрычніку 2022-га такіх было ўжо 77%. Значна скарацілася колькасць тых, хто станоўча ставіцца да такой залежнасці: з 23% у 2021-м да 12% у 2022-м.
Вельмі цікава паглядзець на стаўленне галандцаў да санкцый, якія былі ўведзены супраць Расіі. Менавіта з гэтым момантам звязваюць найбольшую супярэчлівасць рэакцыі еўрапейскіх краін на расійскую агрэсію, бо ён закранае непасрэдныя фінансавыя інтарэсы грамадзян. І менавіта на гэта ціснуць разнастайныя ноўнэймы ў сацыяльных сетках, калі імкнуцца давесці аўдыторыі, што санкцыі не маюць сэнсу і вядуць толькі да пагаршэння жыцця грамадзян і росту адмоўных настрояў супраць палітыкі сваіх урадаў у дачыненні да Расіі (роўна як і да Украіны).
Дык вось, 68% галандцаў ухваляюць увядзенне санкцый супраць Расіі, нават калі гэта прыводзіць да росту цэн на паліва і прадукты харчавання. Толькі 21% выказаўся супраць санкцый. Больш за тое, 44% галандцаў выказаліся за ўвядзенне новых, больш жорсткіх санкцый, у той час як супраць выказалася меншасць — 32%. Чакана, але з цікавымі лічбамі, супраць санкцый выказаліся прыхільнікі «Форуму за дэмакратыю»: такіх сярод іх ажно 97%.
Для нас таксама выклікае інтарэс стаўленне заходнееўрапейцаў да Беларусі ва ўсёй гэтай сітуацыі. Часцяком даводзіцца чуць, што еўрапейцы цалкам абыякавыя да нашага лёсу і «здадуць» нас Расіі пры першай жа магчымасці, напрыклад, як «кампенсацыю» за страту ўплыву на Украіну.
Пытанне гучала так: «Ці выклікае ў Вас разуменне жаданне Расіі захаваць такія краіны, як Украіна і Беларусь у сваёй сферы ўплыву?» Нават у канцы 2021 года большасць адказала на гэта пытанне адмоўна — 52%, у той час як падтрымлівалі такое жаданне Расіі толькі 19%. Цяпер лічбы змяніліся яшчэ больш: 69% супраць 15%. І толькі ўсё той жа «Форум за дэмакратыю» «падагнаў» згоду з жаданнем Расіі з 54% у 2021-м да 75% у 2022 годзе.
У той жа час галандцы прадэманстравалі, што яны размяжоўваюць расійскія ўлады і грамадзян: 58% лічаць, што расійцы не вінаватыя ў вайне, пры 23%, якія схільны ўскладаць віну за сітуацыю на ўсіх жыхароў краіны. Пры гэтым 61% апытаных лічыць, што адносіны паміж Нідэрландамі і Расіяй палепшацца пасля знікнення пуцінскага рэжыму. Пытанні пра цяперашняе супрацоўніцтва выклікаюць больш супярэчнасцей. Толькі 47% галандцаў згодныя з тым, што можна захаваць супрацу з установамі культуры, 41% — з установамі навукі і адукацыі. І толькі 26% не бачаць праблем у супрацоўніцтве з расійскім бізнесам, у той час як 48% настроены супраць гэтага.
Што тычыцца балючай для ўсіх нас візавай палітыкі, дык тут грамадства Нідэрландаў расколатае, што адлюстроўвае тыя спрэчкі і дэбаты, якія цяпер ідуць па гэтым пытанні ў Еўропе. Амаль палова галандцаў выступае за выдачу віз расійскім студэнтам — 49%. Супраць гэтага — 27%. Дазвол прыязджаць у Нідэрланды для іншых катэгорый расійцаў падтрымліваюць 36%, супраць выступае 41%. Але пры гэтым вельмі станоўча ацэньваюцца магчымасці падтрымліваць расійскія незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі і навукоўцаў, якія не могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць у Расіі (74% — падтрымліваюць, 10% — не).
На фоне падзей ва Украіне ў Нідэрландах узрасла колькасць тых, хто выступае за павелічэнне выдаткаў на абарону: з 48% у снежні 2021-га да 65% у кастрычніку 2022 года. 75% галандцаў лічаць NATO надзейным апірышчам у справе бяспекі. Крыху павялічылася і колькасць тых, хто лічыць, што Еўропе для падтрымання бяспекі неабходна больш шчыльнае супрацоўніцтва з ЗША: калі ў снежні 2021-га за больш самастойную палітыку Еўропы ў сферы бяспекі выступалі 75% галандцаў, цяпер такіх засталося 70%. Таксама большасць галандцаў лічыць, што Нідэрланды мусяць разам з астатнімі краінамі Еўропы процістаяць спробам Расіі і Кітая ўтварыць блок на міжнароднай арэне (78%).
Такім чынам, можна заўважыць, што галандцы досыць аднадушна бачаць пагрозу з боку Расіі, але ядзерны шантаж на іх не ўздзейнічае. Пры гэтым яны не настроены пакідаць Украіну і Беларусь «на з’яданне» Расіі. Яны падтрымліваюць уведзеныя санкцыі, нават калі гэта негатыўна адбіваецца на іх уласным узроўні жыцця. Больш за тое, як казаў у прыватнай камунікацыі адзін галандзец, Расія зачапіла еўрапейцаў за самае чуллівае — за гаманцы. А гэтага яны наўрад ці даруюць. Таму можна ігнараваць заявы, што еўрапейцам надакучылі ўсе гэтыя ўкраінцы з іхнімі праблемамі і што яны будуць ціснуць на Украіну з мэтай падштурхнуць яе да перамоў, нават з пагрозай страты тэрыторый. Мы таксама можам разлічваць на падтрымку еўрапейцаў у справе абароны ад спроб пакінуць Беларусь у «расійскай сферы ўплыву». Галоўнае, каб там не ўзнікла жаданне «падгрэбці» нас у «сферу» кагосьці іншага.