Патэнцыйная пераемніца. Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын упершыню паказаў дачку (фота)

На апошніх выпрабаваннях міжкантынентальнай балістычнай ракеты Кім Чэн Ын быў не адзін, а разам з жонкай і дачкой. Паўночнакарэйскія СМІ ўпершыню паказалі членаў сям'і дыктатара КНДР, чыё прыватнае жыццё традыцыйна ахутана таямніцай.

_127699288_hi080408671.jpg.webp

З’яўленне дачкі паказвае дынастычныя амбіцыі лідара КНДР, які спадзяецца ў будучыні перадаць уладу ужо чацвёртага пакалення Кімаў, лічаць эксперты.

Паўднёвакарэйская выведка раней паведамляла, што ў Кіма меркавана трое дзяцей — дзве дачкі і сын. Ніводнага з іх раней не паказвалі публіцы.

Дзяржагенства ЦТАК не назвала імя дачкі Кіма, напісаўшы толькі, што гэта яго любімае дзіця. Паводле некаторых даных, яе клічуць Кім Джу Э.

Дзяўчынцы на выгляд каля 12 гадоў, на фотаздымках яна ходзіць разам з бацькам, пакуль той інспектуе ракету, і ўсміхаецца.

_127699291_hi080407895.jpg.webp

Паўднёвакарэйскі эксперт Чэонг Сон Чан мяркуе, што цяпер, пасля публічнага прадстаўлення, Паўночнакарэйская «прынцэса», верагодна, зможа ўдзельнічаць у дзяржаўных справах.

Эксперт нагадаў, што бацька Кім Чэн Ына абраў менавіта яго ў пераемнікі, нягледзячы на наяўнасць старэйшых дзяцей, паколькі лічыў, што сын больш за ўсё на яго падобны.

«Магчыма, Кім Чэн Ын захоча зрабіць тое ж самае менавіта са сваёй другой дачкой. Магчыма, ён лічыць, што ў яе ёсць якасці, якія, на думку Кіма, робяць яе падобнай на яго», — дадаў Чэонг Сон Чан.

Ён лічыць, што калі дачка і далей будзе суправаджаць бацьку на важных мерапрыемствах — гэта дакладная прымета, што здагадкі верныя.

Паводле BBC.