Вячорка: Калі з'явіцца магчымасць, мы ёю скарыстаемся
Раптоўная смерць кіраўніка ПВК «Вагнер» стварае ўмовы як мінімум для вываду наймітаў з тэрыторыі Беларусі, як максімум — для больш цікавых падзей.
Сумна вядомая ПВК «Вагнер» абезгалоўленая пасля гібелі свайго кіраўніка Яўгена Прыгожына і ягоных памочнікаў у авіякатастрофе на захадзе Расіі. Пакуль свет чакае адказаў, якія, хутчэй за ўсё, ніколі не прагучаць, сілы «Вагнера» знаходзяцца ў стане смуты.
У Беларусі, куды Прыгожын і тысячы ягоных байцоў адправіліся ў выгнанне пасля няўдалага чэрвеньскага бунту, іх лагер ліквідуецца, а самі падраздзяленні пакідаюць краіну, каб, магчыма, вярнуцца ў Расію — пра што сведчаць спадарожнікавыя здымкі.
Здзелка аб выгнанні, узгодненая паміж Прыгожыным і Пуціным пры садзейнічанні Лукашэнкі, ужо сарвалася. Смерць Прыгожына можа аказацца вырашальным ударам, піша «Newsweek».
Праціўнікі Лукашэнкі ўважліва сочаць за тым, што адбываецца, шукаючы спосабы выкарыстоўваць хаос супраць рэжыму ў Мінску і ягоных гаспадароў у Крамлі.
«Верагодна, Пуцін паспрабуе ўключыць наймітаў "Вагнера" ў склад расійскіх Узброеных сіл або цалкам ліквідаваць арганізацыю, што патэнцыйна можа адкрыць некаторыя магчымасці для Беларусі, — гаворыць Франак Вячорка, палітычны дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай. — Прысутнасць "Вагнера" ў Беларусі была якарам расійскага кантролю над нашай краінай і немінучай пагрозай як нашаму суверэнітэту, так і суверэнітэту нашых суседзяў».
Вячорка кажа, што апазіцыя каардынуе свае дзеянні з актывісцкімі і партызанскімі сеткамі ўнутры Беларусі, каб быць гатовымі.
«Мы падтрымліваем сувязь з нашымі інфарматарамі і добраахвотнікамі на месцах, збіраючы кожнае зернейка інфармацыі, — гаворыць ён. — Мы знаходзімся ў кантакце з крыніцамі ва ўкраінскім урадзе па гэтым пытанні, і мы абмяркоўваем у кабінеце Ціханоўскай, што рабіць далей.
Таксама працуем над гэтым з нашымі прыхільнікамі. Пакуль што мы не планавалі ніякіх практычных мерапрыемстваў. Мы сочым і кантралюем сітуацыю. Але калі з'явіцца магчымасць, мы ёю скарыстаемся».
Непрыемнасці ў Беларусі
Беларускія партызаны вядуць вайну нізкай інтэнсіўнасці супраць Лукашэнкі і расійскіх войскаў, якія базуюцца ў краіне. Масква выкарыстала Беларусь у якасці стартавай пляцоўкі для свайго поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. І, хоць наступ на Кіеў з поўдня хутка праваліўся, расійскія войскі працягвалі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для трэніровак, аднаўлення сіл і нанясення ракетных удараў далёкага радыусу дзеяння і удараў беспілотнікаў па ўкраінскіх аб'ектах.
Вайна прывязала Лукашэнку да Крамля больш цесна, чым калі-небудзь раней. Мінск доўгі час эканамічна залежаў ад Масквы, і «апошняму дыктатару Еўропы», як часта называлі Лукашэнку, удалося ўтрымацца ва ўладзе на фоне масавых прадэмакратычных пратэстаў у 2020 годзе толькі дзякуючы падтрымцы Расіі.
Міжнародныя санкцыі ізалявалі эканоміку Беларусі, вымусіўшы Лукашэнку павярнуць яшчэ далей на Усход. Відавочна, шанцаў на яго рэабілітацыю ў вачах Захаду мала, нават калі Лукашэнка дагэтуль пазбягаў адпраўкі сваіх войск у бой, нягледзячы на ціск з боку Расіі.
Гатоўнасць дыктатара размясціць у сябе расійскую тактычную ядзерную зброю і наймітаў — і выкарыстоўваць і тое, і іншае для пагрозы сваім суседзям у Еўрапейскім Саюзе і NATO — не дапамагла ягонай справе.
Дэмакратычная апазіцыя заявіла, што паглыбленне сувязей Лукашэнкі з Масквой выбіла з каляіны многіх беларусаў, уключаючы бюракратычную эліту і частку вайсковага істэблішменту і службы бяспекі, на якіх грунтуецца кіраванне Лукашэнкі.
Вячорка сказаў, што «беспарадкі вакол "Вагнера" могуць стварыць некаторую турбулентнасць унутры ўладных эліт і іншых людзей, якія цяпер вельмі залежаць ад Расіі, гэта можа справакаваць некаторую нестабільнасць. Я думаю, што смерць [Прыгожына] не зменіць усяго, але яна можа паўплываць на многае. Мы павінны быць гатовымі».
«Людзі ненавідзелі Прыгожына, людзі ненавідзелі яго войскі, ненавідзелі прысутнасць гэтых наймітаў у нашай краіне. Мы, безумоўна, можам адзначыць гэтую падзею. У нашай краіне не будзе жалобы».
Наступствы «Вагнера»
Расійскія СМІ паведамілі, што цела Прыгожына было апазнанае разам з парэшткамі вайсковага камандзіра ПВК «Вагнер» Дзмітрыя Уткіна. Паведамляецца, што на дадзены момант целы праходзяць аналіз ДНК для пацвярджэння.
ЗША і Вялікабрытанія заявілі, што цалкам верагодна, што алігарх, які стаў ваеначальнікам, сапраўды мёртвы. Пуцін устрымаўся ад пацвярджэння смерці Прыгожына, хоць і выказаў спачуванні сем'ям 10 чалавек, якія загінулі ў выніку крушэння самалёта, і ахарактарызаваў кіраўніка «вагнераўцаў» як «таленавітага чалавека», які «зрабіў сур'ёзныя памылкі ў жыцці».
Застаецца незразумелым, што адбудзецца з байцамі «Вагнера» як у Беларусі, так і ў Расіі, а таксама з тымі, хто задзейнічаны ў рамках аперацый у Афрыцы. Міністэрства абароны Расіі пасля чэрвеньскага перавароту працавала над паглынаннем структур «Вагнера» і прыбытковых дзелавых інтарэсаў. З сыходам Прыгожына і яго вышэйшага кіраўніцтва гэтыя намаганні могуць паскорыцца.
«Пройдзе час, перш чым мы зразумеем, што адбываецца з групай "Вагнера" ў Беларусі, — сказаў Вячорка. — Гэта быў велізарны ўдар па Лукашэнку і яго іміджы з-за гарантый бяспекі, якія ён даў Прыгожыну, з-за яго спроб выставіць сябе міратворцам і сябрам Прыгожына. І ён таксама разумее, што можа стаць ахвярай Пуціна».
Сэмюэл Рамані, аўтар кнігі «Вайна Пуціна з Украінай» і малодшы навуковы супрацоўнік Брытанскага каралеўскага аналітычнага цэнтра «United Services Institute», сказаў «Newsweek», што не бачыць асаблівых прычын для таго, каб ПВК «Вагнер» заставалася ў Беларусі:
«Беларусь была месцам стаянкі для "вагнераўцаў", калі Прыгожын быў жывы, і для наймітаў, якія ясна прадэманстравалі, што яны ні пры якіх абставінах не будуць ваяваць на баку Міністэрства абароны Расіі", — растлумачыў Рамані. — Трымаць іх у месцы, дзе за імі можна было б назіраць, было нашмат лепш, чым дазволіць ім бегаць па Расіі беспрацоўнымі, са зброяй у руках, з ваенным вопытам і з вендэтай супраць ваеннага кіраўніцтва і ўрада.
Калі Лукашэнка не працягне плаціць гэтым сілам, а доступ з-за санкцый да шляхoў фінансавання будзе закрыты, расійскі ўрад альбо нацыяналізуе гэтыя аперацыі ў Беларусі і, па сутнасці, ператворыць іх у свайго роду расійскую вайсковую базу, пачне сам плаціць гэтым салдатам, альбо ўвесь апарат вось-вось абрынецца.
Проста цяпер я не ведаю, ці сапраўды Расія бачыць такую вялікую стратэгічную каштоўнасць у тым, каб трымаць там сілы ПВК "Вагнер", калі ім плацяць з іх уласнага бюджэту — а заробкі "вагнераўцаў" часта ўдвая вышэйшыя, чым у расійскіх салдат рэгулярнага войска. Магчыма, для іх гэта таго не варта».