Коршунаў: «Рызыкаваць Лукашэнка ўжо не хоча»

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў прапануе паглядзець на міграцыйны крызіс з пункту гледжання дынамікі спробаў нелегальнага перасячэння межаў Беларусі і ЕС. Вынікі такога погляду могуць здзівіць.

Фота: Artur Reszko

Фота: Artur Reszko

Здавалася б, міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін Еўрасаюза ператварыўся ў штодзённасць. На фоне інфармацыі аб ядзернай зброі ў Беларусі або перасоўванняў на беларускай тэрыторыі «вагнераўцаў» даныя аб спробах нелегальнага пераходу межаў здаюцца не вартымі асаблівай увагі.

Аднак мы дарма недаацэньваннем значнасць «мігранцкай» тэмы.

Па-першае, таму, што гэта вялікая гуманітарная праблема, пра якую нельга забываць (паводле ацэнак актывістаў, толькі на беларуска-польскай мяжы загінула 45 чалавек).

Па-другое, таму што гэта відавочна сумесны праект беларуска-расійскіх аўтарытарыяў (і эканамічны, і палітычны, і ваенна-гібрыдны), і сам па сабе ён не скончыцца.

Дарэчы, нядаўна было апублікавана даследаванне, якое сярод мігрантаў у Беларусі праводзіла Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ). Рэкамендуем да азнаямлення. Толькі трэба мець на ўвазе, што яго праводзілі разам з МУС.

І трэці момант. Дынаміка міграцыйнага крызісу — і ступень напружання на межах, і асноўныя напрамкі ціску — калі не наўпрост, то шмат у чым залежыць ад хваляванняў і клопатаў беларускага рэжыму.

Мы гэта паказвалі на прыкладзе падтрымкі атакаў мігрантаў расійскага ўварвання ва Украіну. Другі паказальны прыклад: амаль двухразовы рост колькасці атакаў мігрантаў на беларуска-польскую мяжу пасля таго як Польшча закрыла памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца (што было адказам на палітычна матываваны прысуд актывісту польскай меншасці ў Беларусі Анджэю Пачобуту).

Такім чынам, калі не забываць пра тэзіс аб кіравальнасці міграцыйнымі патокамі ў прыватнасці і міграцыйным крызісам у цэлым, то лічбы па дынаміцы спробаў перасячэння беларуска-еўрапейскіх межаў становяцца больш інфарматыўнымі.

Па іх, напрыклад, відаць, што рэжым Лукашэнкі па ранейшаму вельмі не хоча турбаваць афіцыйную Вільню. У свой час Літва асцерагалася, што беларускі рэжым зноў разыграе мігранцкую карту падчас саміту NATO, які павінен быў праходзіць у Вільні 11-12 ліпеня 2023 года. 

Гэтага не адбылося. У той час на працягу 8 дзён (да, падчас і пасля) правядзення саміту літоўскія памежнікі не зафіксавалі ніводнай спробы нелегальнага перасячэння іх межаў з беларускага боку. За кошт гэтага статыстыка і ў тыдзень саміту, і па часу, які папярэднічаў яму, былі аднымі з самых спакойных для Літвы.

Іншая сітуацыя складваецца на беларуска-польскай мяжы. Тут лета прынесла не толькі ўзмацненне хваляванняў з нагоды ваенных пагроз з беларускай тэрыторыі, але і абнаўленне рэкордаў па колькасці спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Першы пік прыйшоўся на чэрвень, калі на працягу двух тыдняў запар перакрываліся планкі, максімальныя за апошнія паўтара года. Потым, як і ў выпадку з Літвой, здарылася двухтыднёвае зніжэнне напружання з-за натаўскага саміту.

А вось у апошні тыдзень ліпеня на мяжы пачалася эскалацыя: практычна кожны дзень адзначалася больш за 100 спробаў перасячэння мяжы. Прычым, 27 і 29 ліпеня такіх спробаў было больш за 200 (292 спробы 27 ліпеня – гэта нават не гадавы максімум, а найбольшая колькасць такіх спробаў з памятнага лістапада 2021 года).

Гэты практычна выбух атакаў наклаўся на інфармацыю пра тое, што «вагнераўцы» ідуць на Сувалкскі калідор. Таму нядзіўна, што тады ўлады Польшчы і Літвы зрабілі заяву аб магчымасці поўнай ізаляцыі Беларусі ў выпадку сур'ёзнай правакацыі з боку вагнераўцаў.

Таксама заканамерна, што гэтую заяву падтрымалі і ўлады Латвіі. Вядома, па меркаваннях Балтыйскай салідарнасці. І сапраўды, з-за жадання забяспечыць сваю бяспеку. Таму што хоць Сувалкскі калідор ад Латвіі і далёка, затое свая мяжа блізка. Даныя статыстыкі паказваюць, што пасля незабыўнага саміту колькасць спробаў нелегальнага перасячэння беларуска-латвійскай мяжы патроху, але расце кожны тыдзень.

mihranty_1_1.jpg

Ну і свой унёсак у напружанне на ўсіх межах Беларусі з краінамі ЕС прыўнёс казус з залётам на польскую тэрыторыю двух беларускіх верталётаў. Нам думаецца, што гэта альбо сапраўды выпадковасць, альбо беларускі бок недаацаніў наступствы такога «хуліганства» і здаў назад.

Прынамсі, на такія думкі наводзіць аналіз далейшай дынамікі атакаў на межах з Польшчай – пасля 1 жніўня агульныя тыднёвыя лічбы па спробах парушэння межаў няўхільна зніжаюцца.

mihranty_2_2.jpg

Ды і як тут не асадзіць назад, калі і Польшча ўжо не віртуальна «ляскае гусеніцамі» ля межаў, а дадаткова засяроджвае ля межаў з Беларусь амаль 20 тысяч «штыкоў». Літва збіраецца ў жніўні таксама вучэнні на мяжы правесці. Латвія адклікае з адпачынкаў і дадаткова мабілізуе сваіх памежнікаў.


mihranty_3_hrafik_mjazy.png

Але, думаецца, не гэтыя ваенныя падрыхтоўкі адыгралі сваю ролю.

На 28 жніўня анансаваная агульная нарада ўладаў Польшчы і краін Балтыі, дзе на парадку дня будзе пытанне аб закрыцці межаў з Беларуссю. Што там вырашыцца — пакуль не ясна (хоць, як пішуць, механізм закрыцця межаў ужо выпрацаваны).

Верагодна, арганізатары мігранцкага крызісу разумеюць рашучасць і настрой сваіх апанентаў. І па зніжэнні колькасці атак мігрантамі на межы ЕС відаць, што рызыкаваць Лукашэнку ўжо неяк не вельмі хоча. Ды і яго выступ 11 жніўня з народнай мудрасцю пра тое, што з суседзямі трэба сябраваць, таму што яны, маўляў, «ад бога!» — у тым жа рэчышчы.

Так чытаецца сітуацыя ў тым выпадку, калі глядзець на тое, што адбываецца на мяжы ў разрэзе лічбаў па колькасці спробаў яе нелегальных перасячэнняў. У цэлым жа сітуацыя, безумоўна, будзе больш складанай і шматузроўневай.

Паводле newbelarus.vision