«Лукашэнка — віп-шут пры двары Пуціна». Падаляк — пра гібель Прыгожына і імідж Лукашэнкі

У сераду, 23 жніўня, у Цвярской вобласці разбіўся самалёт Embraer Legacy 600. На борце, паводле версіі Расавіяцыі, знаходзіліся дзесяць чалавек. Сярод іх уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын і камандзір наймітаў Дзмітрый Уткін. Пра тое, хто стаіць за смерцю правадыра прыватнай вайсковай кампаніі і як гэта адаб'ецца на іміджы Аляксандра Лукашэнкі і Украіне «Люстэрка» паразмаўляла з дарадцам кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком.

Фота report.az

Фота report.az

— Чаму загінуў Яўген Прыгожын?

— Безумоўна, за яго смерцю стаіць выключна Пуцін і ягонае найбліжэйшае асяроддзе. Прынамсі, дакладна сам Пуцін, таму што з найбліжэйшым асяроддзем цяпер складана: незразумела, хто ёсць хто і хто сапраўды лаяльны. Пуцін цяпер гэтага не разумее. Адпаведна, дэманстратыўная ліквідацыя Прыгожына, на яго думку, павінна вярнуць яму, па-першае, спакой, таму што нават з-за няўдалага бунту ён да гэтага часу знаходзіцца ў страху. Па-другое, хоць бы частковы кантроль над элітамі. І, па-трэцяе, супакоіць бурленне элітаў, якое відавочна [ёсць] у Расіі, бо 18 месяцаў вайны — гэта трошкі не тое, што Пуцін абяцаў і найбліжэйшаму атачэнню, і элітам, у тым ліку бізнэс-элітам.

Яны губляюць актывы, рэпутацыю, магчымасць мабільнага перамяшчэння і гэтак далей. Адпаведна, вярнуць кантроль над палітычнай прасторай Расіі, якая распаўзаецца, — гэта матыў ліквідацыі Прыгожына. Ну і асабістае — непрыманне здрады і помста.

— Тое, што Прыгожын загінуў роўна праз два месяцы пасля бунту, — гэта сімвалізм?

— Безумоўна. Шчыра кажучы, і два месяцы — гэта досыць доўгі тэрмін, які [Пуцін] дазволіў Прыгожыну жыць.

Для мяне наогул усё гэта дзіўна, таму што, зразумела, калі ты спыняешся за 200 кіламетраў ад Масквы, ты, па сутнасці, сам сабе добраахвотна падпісваеш смяротны прысуд. Тут загадка, што Прыгожын чамусьці пагадзіўся на нейкія паняційныя дамоўленасці, нейкія пасрэдніцкія і матэрыяльныя гарантыі і адчуваў сябе прывольна ў Расіі. Ён перыядычна лётаў [па маршруце] Пецярбург — Масква, у Мінск, а таксама праз Мінск і іншыя краіны ў Афрыку. [Ён] дэманстратыўна абуральна з'явіўся на саміце Афрыка — Расія, працягваючы такім чынам зневажаць Пуціна. Вядома ж, вытрымліваць гэта доўгі час ён не мог. І сімвалічным чынам па дарозе з Піцера ў Маскву Прыгожына дэманстратыўна пакаралі смерцю.

— Як пасля ўсяго таго, што адбылося, выглядае Лукашэнка?

— Вы задаеце досыць рытарычнае пытанне. Лукашэнка заўсёды выглядае абсурдна, камедыйна і як блазан. Я ўжо неаднаразова казаў, Лукашэнка не з'яўляецца суб'ектам, які на нешта ўплывае, прымае нейкія рашэнні. Ён — віп-шут пры двары цара Пуціна. Не больш, але і не менш.

Вядома ж, Лукашэнка не прымаў ніякага істотнага ўдзелу ў перагаворным працэсе з Прыгожыным. Ён не з'яўляецца чалавекам, які можа нешта гарантаваць. Хоць насамрэч, як аказалася, ніхто нічога ня можа гарантаваць у Расіі. Гэта, дарэчы, адно з надзвычай важных наступстваў ліквідацыі Прыгожына: Пуцін паказаў, што для яго не існуе чырвоных паняційных ліній. Адпаведна, з гэтага часу ні для каго няма ніякіх гарантый.

Усе знаходзяцца ў спісе смяротнікаў Расійскай Федэрацыі. На Лукашэнку сітуацыя з Прыгожыным яшчэ раз паўплывае вельмі адмоўна, таму што яна канчаткова ставіць крыж на існаванні такога суб'екта. Зноў жа, пытанне часу, колькі гэты суб'ект і ў якім выглядзе будзе знаходзіцца пры выкананні шутаўскіх абавязкаў.


Глядзіце таксама

— Як вы лічыце, што будзе з ПВК Вагнера ў Беларусі?

— Яе пасля няўдалага перавароту не існавала. Гэта быў так, рэшткавы, фантомны боль пад назвай ПВК Вагнера. Яны спрабавалі яшчэ гуляць у спекулятыўныя інфармацыйныя правакацыі ў дачыненні да Польшчы і Літвы, а таксама да Сувалкскага калідора. Працягвалі рабіць выгляд, што кантралююць нейкія сітуацыі ў Афрыцы, што ўдзельнічаюць у перавароце ў Нігеры і гэтак далей. Але ПВК вельмі хутка знішчалі.

На сёння ёсць рызыкі для цэлага шэрагу так званых камандзіраў, якія ўваходзяць у савет камандзіраў ПВК Вагнера і мелі дачыненне да Прыгожына. Ці, хутчэй, нават да Уткіна, які быў значна больш важны для ПВК Вагнера як арганізатар гэтага аб'яднання. Некалькі дзясяткаў ці, можа быць, сотняў чалавек будуць знішчаныя, не абавязкова дэманстратыўна. Сама ПВК Вагнера будзе расфармаваная, таму што Пуцін адчувае, яшчэ раз падкрэсліваю, жывёльны страх перад гэтай арганізацыяй. Яна — сімвал яго прыніжэньня, таму існаваць не будзе.

Хтосьці з найбольш аморфнай часткі прыгожынцаў пяройдзе пад кантракты Мінабароны або Расгвардыі, хтосьці паспее кудысьці збегчы, напэўна, дзесьці растварыцца, памяняць дакументы і асесці ў нейкіх трэціх краінах, асабліва на афрыканскім кантыненце, спрабуючы схавацца ад іншых ПВК. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, ПВК Вагнера перастала існаваць у 19.30 24 чэрвеня, калі Прыгожын прыняў для сябе фатальнае рашэнне дабраахвотна памерці ў славу Пуціна.

— Якія высновы пасля гэтай сітуацыі павінны зрабіць будучыя бунтаўшчыкі, калі яны з'явяцца?

— У Расіі, несумненна, будуць бунтаўшчыкі, таму што працэс хаатызацыі ўжо відавочны. У краіне пачынаюцца смутныя часы. Пуцін надзвычай падазроны, ён не давярае нікому. Яшчэ раз падкрэслю, і гэта ўжо відавочна, што ён не давярае і свайму бліжэйшаму асяродку. Таму ж [Мікалаю] Патрушаву (сакратар Савета бяспекі Расіі), [Сяргею] Нарышкіну (дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі). Хоць цяжка іх назваць бліжэйшым асяроддзем у апошні час. Пасля няўдалага перавароту Прыгожына Пуцін не давярае нікому. Гэтая падазронасць будзе ўсё больш і больш падганяць унутраныя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў элітаў. Яны будуць абмежаваныя ў чымсьці, многія з іх могуць знікаць, знішчацца.

Мне здаецца, што гэты дэмарш, ці, дакладней, дэманстратыўная ліквідацыя Прыгожына толькі паскорыць унутранае закісанне і ўнутраныя перамовы аб бунце з абавязковым фатальным вынікам для ключавога персанажа. Ніхто не будзе спыняцца за 200 кіламетраў. Ведаеце, вось гэтую канцэпцыю «я іду, але за 200 кіламетраў развярну свае групы» Пуцін учора абнуліў. Ён практычна сказаў: «Калі вы нешта пачынаеце, гэта павінна быць абавязкова даведзена да канца, інакш вы будзеце знішчаныя праз нейкі час».


Глядзіце таксама

— Тое, што Прыгожын цяпер загінуў, — гэта дрэнна ці добра?

— У прынцыпе, само па сабе гэта, вядома, пазітыўная з'ява. Іншае пытанне, што ў апошнія месяцы Прыгожын вельмі эфектыўна абнуляў, дэканструяваў вертыкаль Пуціна. Усё, што ён многія гады ствараў, даказваючы, што Расію і асабіста Пуціна трэба баяцца, што гэтая вайна мае нейкія аб'ектыўныя падаплёкі, было цалкам разбурана Прыгожыным. У прынцыпе, Пуцін сёння выглядае як чалавек з вельмі негатыўным рэпутацыйным складнікам, які не мае ніякіх гістарычных шанцаў з гэтай вайны выйсці з нейкімі плюсамі.