Гаагскі суд: самалёт MH17 быў збіты ракетай, запушчанай з непадкантрольнай Украіне тэрыторыі

Акруговы суд Гаагі зачытвае сваё рашэнне па справе аб крушэнні «Боінга» 17 ліпеня 2014 года.

photo_2022_11_17_15_57_04.jpg

Суд прыйшоў да чаканай высновы, што «Боінг» рэйса МН17 быў збіты ракетай «Бук», якую запусцілі з раёна Першамайскага непадалёк ад горада Снежнае на ўсходзе Украіны (гэтая тэрыторыя ў той момант знаходзілася пад кантролем сіл самаабвешчанай ДНР).

Суд мяркуе, што на момант катастрофы самалёта Расія мела эфектыўны кантроль над кіраўнікамі і прыхільнікамі самаабвешчанай ДНР на ўсходзе Украіны.


Суд лічыць, што Расія з сярэдзіны траўня 2014 года забяспечвала падрыхтоўку ваенных ДНР, пастаўку зброі і харчавання, ажыццяўляла сур'ёзны ўплыў на палітыкаў ДНР, каардынавала ваенныя акцыі сепаратыстаў і сама прадпрымала ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны. Пра гэта паведамляе з залы суда карэспандэнт Рускай службы ВВС.


Нагадаем, што Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines 17 ліпеня 2014 года выконваў планавы рэйс MH17 па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур. Самалёт быў збіты ў небе над Данбасам ракетай, выпушчанай з зенітна-ракетнага комплексу (ЗРК) «Бук».

На борце знаходзіліся 298 чалавек, усе яны загінулі.