«Савет міру» Дональда Трампа будзе платным? Месца ў ім можа каштаваць $1 млрд

Ініцыятыва Дональда Трампа з «Саветамі міру» — не толькі спосаб улагодзіць некаторыя канфлікты, але і добрая спроба зарабіць. Але ў такім выпадку не выключана, што «Савет міру» будзе складацца з агрэсараў, якія маюць грошы. Тым часам Украіна папярэджвае пра небяспеку расійскіх атак для атамных станцый. Ідуць 1425-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

568069864_1168669742112769_8672233939614811913_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 133 баявыя сутыкненні, раведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 штурмаў расіян ў раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Сухецкага, Мірнаграду, Пакроўску, Роўнага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны УКраіны адбілі 22 атакі расіян у раёнах Салодкага, Гуляйполя, Дарожнянкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак паблізу Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі, Русінага Яру і іншых.

* * *

Населены пункт Прыволле Данецкай вобласці знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны. Інфармацыя пра нібыта акупацыю Прыволля расійскімі войскамі не адпавядае рэчаіснасці, паведамляе ўкраінская групоўка войскаў «Усход».

«Заява мінабароны дзяржавы-агрэсара пра нібыта захоп Прыволля не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца элементам інфармацыйна-псіхалагічных аперацый і накіравана на стварэнне ілюзіі поспехаў, якіх на самай справе не існуе», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што украінскія вайскоўцы працягваюць кантраляваць і паўночную частку Пакроўска, і паўночную частку Мірнаграда.

* * *

У ноч на 18 студзеня Расія атакавала Украіну 201 ударным БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 167 БпЛА.

Атака працягваецца, у паветранай прасторы застаюцца некалькі БпЛА, паведамляюць паветраныя сілы Украіны.

Расійскія войскі атакавалі беспілотнікам Халаднагорскі раён Харкава. Дрон трапіў у прыватны жылы дом, забіўшы 20-гадовую жанчыну.

У выніку расійскага ўдару па Запарожскім раёне горад Вальнянск застаўся без электразабеспячэння, крытычную інфраструктуру перавялі на рэзервовае сілкаванне. Абясточана больш за 15 тысяч абанентаў Вальнянскай грамады.

Украінскія дроны атакавалі 4-ы Дзяржаўны цэнтральны міжвідавы палігон «Капусцін Яр» у Астраханскай вобласці Расіі. Палігон актыўна выкарыстоўваецца для выпрабаванняў балістычных ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік».

Паводле звестак расійскага Telegram-канала «Радар ВРВ», супрацьпаветраная абарона на палігоне працавала падчас атакі, аднак ударныя БПЛА трапілі ў мантажна-выпрабавальны корпус.

Акрамя «Арэшніка», на палігоне выпрабоўваюць розныя ракеты малой і сярэдняй далёкасці, крылатыя ракеты, комплексы СПА і пускавыя ўстаноўкі С-400.

У Малдове ў адным з раёнаў раніцай 17 студзеня знайшлі расійскі беспілотнік. Гэта аказалася «Гербера» — дрон-прыманка, не абсталяваны баявой часткай.

«Было ўстаноўлена, што гэта мадэль "Гербера", як і апошнія выяўленыя ў нашай краіне. Ён не змяшчае выбухоўкі і не ўяўляе небяспекі для грамадзян. Нагадваем, што пры выяўленні падобнага аб’екта нельга набліжацца або дакранацца да яго», — сказана ў паведамленні паліцыі Малдовы.

Дрон мог быць адным з тых беспілотнікаў, якімі расійскія войскі ў ноч на 17 студзеня нанеслі ўдар па энергетычным аб’екце ў Адэскай вобласці.

* * *

615436452_1238915621754847_1023106599106540922_n.jfif

* * *

Паводле звестак украінскай разведкі, Расія рыхтуе ўдары па падстанцыях, якія забяспечваюць энергазабеспячэнне АЭС, заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы X.

Украіна ўжо дзеліцца разведвальнай інфармацыяй з партнёрамі, папярэджваючы аб патэнцыйна катастрафічных наступствах гэтых атак. Міністр заклікаў МАГАТЭ і вядучыя дзяржавы свету, якія цэняць ядзерную бяспеку, выказаць выразныя папярэджанні Маскве, каб прымусіць яе адмовіцца ад такіх неабдуманых планаў.

* * *

Кітай і Расія атрымліваюць выгаду ад рознагалоссяў паміж заходнімі саюзнікамі, тады як унутраныя спрэчкі могуць падарваць агульную бяспеку і эканамічнае працвітанне, заявіла Высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі Кая Калас у сацсетцы Х.

Паводле яе слоў, любыя пытанні бяспекі, у прыватнасці па Грэнландыі, павінны вырашацца ў межах НАТА.

У той жа час яна падкрэсліла, што рознагалоссі паміж саюзнікамі не павінны адцягваць ад галоўнай задачы — дапамогі ў спыненні вайны Расіі супраць Украіны.

«Мы таксама не можам дазволіць нашай спрэчцы адцягнуць нас ад нашай асноўнай задачы — дапамагчы спыніць вайну Расіі супраць Украіны», — падкрэсліла Калас.

* * *

Трамп нечакана выставіў прайс краінам за пастаяннае членства ў «Савеце міру», піша Bloomberg. Краіны, якія імкнуцца атрымаць пастаяннае месца ў новаствораным Савеце міру, павінны зрабіць фінансавы ўнёсак у памеры не менш за 1 млрд долараў.

Згодна з дакументам, Трамп павінен стаць першым кіраўніком Савета міру і асабіста вызначаць кола запрошаных да членства дзяржаў. Рашэнні ў межах арганізацыі будуць прымацца большасцю галасоў, пры гэтым кожная дзяржава-член будзе мець адзін голас. У той жа час усе рашэнні будуць падлягаць зацвярджэнню кіраўніка савета.

Праект статута прадугледжвае, што дзяржавы-члены будуць займаць свае месцы тэрмінам да трох гадоў з магчымасцю аднаўлення па рашэнні кіраўніка. Гэта абмежаванне не будзе распаўсюджвацца на краіны, якія на працягу першага года пасля ўступлення статута ў сілу ўнясуць у Савет міру больш за 1 млрд долараў наяўнымі сродкамі.

Ідэя стварэння Савета міру выклікала занепакоенасць сярод крытыкаў, якія лічаць, што Трамп можа спрабаваць сфарміраваць альтэрнатыву або канкурэнта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якую ён неаднаразова крытыкаваў у мінулым.

Ініцыятыва стварэння Савета ўжо падверглася крытыцы з боку прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, які заявіў, што параметры такога плана не былі папярэдне ўзгоднены з ізраільскім бокам.

Некаторыя дзяржавы ўжо выступаюць супраць прапанаванага дакумента і працуюць над сумеснымі крокамі для блакіравання ініцыятывы.