Дональд Трамп шукае замену ААН?
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча замяніць ААН «Саветам міру». Савет створаны для вырашэння канфлікту ў Газе, але яго дзеянне плануюць пашырыць на іншыя «гарачыя кропкі». У той жа час некаторыя пагадненні па Украіне фіналізуюцца для падпісання праз пару дзён. Ідуць 1424-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 164 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў расіян ў раёнах Шахава, Ніканораўкі, Радзінскага, Пакроўску, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 31 атаку ў раёнах Салодкага, Гуляйполя, Дарожнянкі, Зялёнага і ў бок Варвараўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак паблізу Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Яблонаўкі, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 12 атак у раёнах Старыцы, Прыліпак, Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Чугунаўкі, Амбарнага, Дзягцярнага і ў бок Круглага.
* * *
У ноч на 17 студзеня Расія атакавала Украіну 115 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Паводле папярэдніх звестак, супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 96 БпЛА.
Атака працягваецца, у паветранай прасторы знаходзяцца некалькі БпЛА, папярэджваюць паветраныя сілы УСУ.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце ўвечары 16 студзеня паведаміў, што, паводле інфармацыі разведкі, РФ рыхтуецца да новых масіраваных удараў.
«Мы шчыра гаворым з партнёрамі наконт ракет для СПА, наконт сістэм, якія так неабходныя нам. Паставак недастаткова. Імкнемся паскараць, і важна, каб партнёры нас чулі», — дадаў ён.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што шмат робіцца на ўзроўні Міністэрства абароны Украіны, але заклікаў грамадзян не ігнараваць сігналы паветраных трывог.
* * *
* * *
Чэхія можа перадаць Украіне баявыя самалёты, здольныя збіваць расійскія беспілотнікі, заявіў прэзідэнт Чэхіі Петр Павел падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Кіеве, паведамляе Reuters.
«Чэшская Рэспубліка можа ў адносна кароткія тэрміны надасць некалькі сярэдніх баявых самалётаў, якія вельмі эфектыўныя ў барацьбе з дронамі. Я веру, што нам удасца хутка і паспяхова завяршыць гэтае пытанне», — сказаў Павел на сумеснай прэс-канферэнцыі з Зяленскім.
Павел не ўдакладніў, пра якія менавіта самалёты ідзе гаворка, але раней ён заяўляў, што Украіне могуць быць перададзеныя чэшскія дагукавыя знішчальнікі L-159.
Ён таксама адзначыў, што Прага можа перадаць Украіне сістэмы ранняга папярэджання, у прыватнасці пасіўныя радары.
Агенцтва адзначае, што цяпер чэшская армія мае 24 самалёты L-159 у аднамеснай і двухмеснай канфігурацыях, якія выкарыстоўваюцца для навучання і падтрымкі сухапутных войскаў. Асноўнымі знішчальнікамі Чэхіі застаюцца 14 шведскіх Saab JAS 39 Gripen, пры гэтым Прага заказала 24 амерыканскія F-35 з пастаўкай пасля 2030 года.
* * *
Паводле звестак выдання Financial Times, амерыканскія чыноўнікі вылучылі ідэю пашырэння «Савета міру», які ўзначальвае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «з мэтай уключэння ў яго склад іншых гарачых пунктаў, такіх як Украіна і Венесуэла».
Адна з асоб, знаёмая з гэтай ідэяй, сказала, што, на яе думку, адміністрацыя Трампа разглядае «Савет міру» «як патэнцыйную замену ААН... як свайго роду паралельны неафіцыйны орган для вырашэння іншых канфліктаў за межамі Газы».
Савет, як чакаецца, будзе прадстаўлены на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе на наступным тыдні.
FT піша, што прапанова пашырыць паўнамоцтвы савета ўзмацніла занепакоенасць адносна падтрымкі кантраляванага Трампам органа, які першапачаткова меў на мэце рэгуляваць пасляваеннае кіраванне Сектарам Газы.
«Шматлікія дэталі адносна функцыянавання савета застаюцца незразумелымі, у прыватнасці яго дакладны склад, а таксама юрыдычныя паўнамоцтвы, якімі ён будзе валодаць за межамі Блізкага Усходу. У лістападзе рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН савет быў афіцыйна ўпаўнаважаны кантраляваць пасляваенны пераходны перыяд у Газе», — гаворыцца ў публікацыі FT.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША адмовіўся каментаваць ідэю пашырэння паўнамоцтваў савета.
* * *
Украінская і амерыканская дэлегацыі сустрэнуцца ў Маямі ў суботу, 17 студзеня. Бакі будуць працаваць над дакументам аб гарантыях бяспекі для Украіны. Пра гэта паведаміла пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына на сваёй Facebook-старонцы.
Украіна і ЗША працуюць над двума ключавымі дакументамі: пагадненнем аб гарантыях бяспекі і эканамічным працвітанні Украіны агульным аб'ёмам да 800 млрд долараў. «Мэта візіту — дапрацоўка гэтых дамоўленасцяў з амерыканскімі партнёрамі так, каб яны максімальна адпавядалі нацыянальным інтарэсам Украіны», — напісала яна.
Пагадненні могуць быць падпісаны на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які пройдзе з 19 па 23 студзеня.