Трамп — збіральнік земляў амерыканскіх. Дасье ў карыкатурах
Дональд Трамп зноў узняў стаўкі ў пытанні аб набыцці Грэнландыі. Тэма, якая пачыналася як жарт і крыніца мэмаў, паступова набывае рысы сур’ёзнай геапалітычнай авантуры — з імперскімі амбіцыямі, канфліктам з Еўропай і пагрозай для НАТА.
На мінулым тыдні свет абмяркоўваў навіну пра тое, што лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру нібыта «падарыла» сваю ўзнагароду прэзідэнту ЗША. Гэтая гісторыя выклікала хвалю мэмаў, у якіх розныя персанажы ўручаюць амерыканскаму гаранту самыя нечаканыя падарункі. Сярод іх — і Грэнландыя.
Адзін з папулярных мэмаў паказвае Дональда Трампа, які хваліцца падарункам ад датчан: канструктарам для зборкі белага мядзведзя — своеасаблівай «кампенсацыяй» за Грэнландыю.

Аднак не ўсё ў гэтай гісторыі так смешна. Падобна, Трамп сапраўды вырашыў сур’ёзна «адціснуць» Грэнландыю. Не выпадкова ў сусветных СМІ з’яўляецца ўсё больш карыкатур і ілюстрацый, прысвечаных імперскім амбіцыям Вашынгтона.

Свае апетыты адміністрацыя Белага дома, у тым ліку, апраўдвае логікай, якая падазрона нагадвае пуцінскую формулу: «калі мы не захопім Украіну, гэта зробяць войскі НАТА». На сайце Белага дома нават з’явілася адпаведная візуалізацыя з такім пасылам.

Пры гэтым прамой ваеннай інтэрвенцыі ЗША пакуль імкнуцца пазбегнуць. Адна з ідэй — проста падкупіць жыхароў вострава. Адзін з карыкатурыстаў уявіў сцэну такой «пакупкі» Грэнландыі даволі красамоўна.

Самі грэнландцы, аднак, відавочна не ў захапленні ад замашак Трампа. На востраве нават з’явіўся ўласны аналаг руху MAGA, дзе абрэвіятура расшыфроўваецца як Make America Go Again — «Прымусім Амерыку сыходзіць зноў».

Як вядома, Грэнландыя — частка Даніі, якая, у сваю чаргу, уваходзіць у склад Еўрасаюза. Таму магчымая анэксія вострава будзе ўспрынятая як замах на суверэнітэт ЕС. Лідары еўрапейскіх краін ужо крытыкуюць імперскую рыторыку Дональда Трампа. У адказ ён дзейнічае ў сваім фірмовым стылі — уводзіць новыя тарыфы на імпарт з Еўропы.

Але гэта яшчэ не самае небяспечнае. Пад пагрозай можа быць і само існаванне НАТА — альфа і амега сістэмы бяспекі Захаду. Калі адна краіна — чалец альянсу — анэксуе частку тэрыторыі іншай краіны-чальца, сэнс існавання такога блока фактычна знікае. У адной з карыкатур Пуцін разглядае развагі Трампа пра Грэнландыю як пралог да канца НАТА.

Ці азначае ўсё гэта, што лёс Грэнландыі вырашаны? Насамрэч не ўсё страчана. Пакуль застаецца адкрытым пытанне, наколькі экспансіянісцкая палітыка Трампа адпавядае запытам звычайных амерыканцаў. Ужо восенню ім давядзецца пераабіраць частку парламента. На адной з карыкатур Трамп спрабуе кампенсаваць выбаршчыкам рост коштаў абяцаннем будучай анэксіі Грэнландыі.

Менавіта лістападаўскія выбары, падаецца, і стануць ключавой датай у гэтай гісторыі. Каб захаваць большасць у ніжняй палаце Кангрэса, Трамп можа паспрабаваць пайсці на выбары ў статусе «прэзідэнта-трыумфатара», які далучыў Грэнландыю. Гэта значыць, што развязку грэнландскай эпапеі варта чакаць ужо летам — у момант, калі перадвыбарная гонка ўступіць у вырашальную фазу.