Беларускія мясціны Вільні: Росы (фота)

Могілкі Росы (ці «на Росах», па назве віленскага прадмесця, а зараз раёна гораду, дзе яны знаходзяцца) — адны са старэйшых у Вільні. Гэта, безумоўна, галоўны нацыянальны некропаль для літоўцаў і, адначасова, адзін з самых галоўных для беларусаў — бадай, другі пасля Усходніх могілак у Мінску.

rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1675_logo.jpg

Афіцыйна могілкі «на Росах» з’явіліся ў 1801 годзе. Іх з'яўленне звязана з тым, што напрыканцы 18 — у пачатку 19 стагоддзя ў Вільні, як і ў іншых еўрапейскіх гарадах, мясцовыя ўлады пачалі выносіць могілкі за межы горада. У красавіку 1801-га віленскі магістрат вылучыў пляц зямлі для могілак за тагачаснай гарадской мяжой, 6 траўня 1801 года могілкі былі асвечаны, а ўжо 8 траўня адбылося першае пахаванне — бургамістра Вільні Яна Мюлера. Але ж, паводле гісторыка Тэадора Нарбута, пахаванні ахвяр эпідэмій тут адбываліся і раней, пачынаючы з 15 стагоддзя.

Хаця першапачаткова пахаванне за гарадскімі межамі лічылася непрэстыжным, для беднякоў ды злодзеяў, бо прыстойных гараджан хавалі на могілках ля касцёлаў ды цэркваў, сітуацыя даволі хутка змянілася. Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Росы сталі галоўным віленскім некропалем, месцам пахавання выбітных гараджан. Адлегласць да цэнтра горада была ўжо «не багам, а фічай», бо дазваляла ладзіць вялікія пахавальныя працэсіі. Часам яны ператвараліся ў палітычныя дэманстрацыі, як пахаванне паэта Уладзіслава Сыракомлі ў 1862 годзе. У 1841-1850 гадах на могілках збудавалі неагатычную капліцу паводле праекта архітэктара Тамаша Тышэцкага — у лістападзе 2019 года там былі ўрачыста перапахаваны Кастусь Каліноўскі, Зігмунд Серакоўскі ды іншыя ўдзельнікі паўстання 1863 года, парэшткі якіх былі перад гэтым знойдзены пасля апоўзня на гары Гедыміна.

Капліца, у якой пахаваны Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі ды іншыя паўстанцы.

Перад уваходам на могілкі ў 1920 годзе былі пахаваны польскія жаўнеры, што загінулі ў савецка-польскай вайне.

Магілы польскіх жаўнераў, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны.

У 1935-1936 гадах гэтыя ваенныя могілкі былі перабудаваны, у іх цэнтры размясцілі маўзалей «Маці і сэрца сына», з сэрцам пахаванага ў Кракаве маршала Юзафа Пілсудскага ды прахам ягонай маці.

Маўзалей з сэрцам маршала Пілсудскага і прахам яго маці.

Побач пахаваны салдаты ганаровай варты, якая несла службу да апошняга моманту і загінула ў няроўным баі з чырвонаармейцамі 18 верасня 1939 года. Частку некропаля займаюць магілы байцоў Арміі Краёвай, загінулых у 1944 годзе.
З 1967 года на Росах больш не хаваюць, акрамя выключных выпадкаў. Сучасная тэрыторыя могілак складае 10,8 гектара і змяшчае каля 14 тысяч пахаванняў. Могілкі агулам маюць статус гісторыка­-культурнай спадчыны пад дзяржаўнай аховай, такі ж адмысловы статус маюць асобныя 260 магіл на падставе мастацкай, гістарычнай ды мемарыяльнай вартасці.

Асабліва прыгожа на Росах на восеньскія Дзяды, падчас каталіцкага Дня Усіх Святых, калі ля кожнага помніка гараць прынесеныя людзьмі лампадкі. 
Як мы казалі вышэй, Росы — галоўны некропаль Літвы, важны не толькі для літоўцаў, але і для беларусаў ды палякаў. Шмат з пахаваных тут, асабліва памерлых у ХІХ стагоддзі, увайшлі ў гісторыю ўсіх трох народаў. Гэта мастак Францішак Смуглевіч (ягоная магіла не захавалася); адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў Ануфрый Петрашкевіч; паэт Уладзіслаў Сыракомля; прафесар гісторыі Віленскага ўніверсітэта Іаахім Лялевель, які выкладаў Міцкевічу ды Чачоту; археолаг, гісторык, этнограф Яўстах Тышкевіч; аўтар «Віленскага альбома» Казімір Вільчынскі ды шмат іншых. На Росах, акрамя перапахаваных у 2019 годзе, знайшлі апошні спачын каля 40 іншых удзельнікаў паўстання 1863 года, у тым ліку адзін з арганізатараў паўстання Аляксандр Аскерка, а таксама Людвіка Ямант, сястра каханай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, той самай «Марыські чарнабровай».


rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1689_logo.jpg

Помнік на магіле прафесара Віленскага ўніверсітэта, гісторыка Іаахіма Лялевеля.Пахаваныя ў ХХ стагоддзі ўжо ў большай ступені «належаць» таму ці іншаму народу. Для палякаў гэта, безумоўна, Пілсудскі, для літоўцаў, сярод іншых — патрыярх літоўскага нацыянальнага адраджэння, адзін з падпісантаў Акта незалежнасці Літвы Ёнас Басанавічус, мастак ды кампазітар Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс. 


rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1685_logo.jpg

Магіла патрыярха літоўскага нацыянальнага адраджэння Ёнаса Басанавічуса


yyd_2655_logo.jpg

Надмагільны помнік кампазітару і мастаку Мікалоюсу Канстанцінасу Чурлёнісу

Са славутых беларусаў тут пахаваныя адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі); святар, грамадскі дзеяч, паэт і музыкант Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч); мецэнат, сябра Францішка Багушэвіча Зыгмунт Нагродскі; галоўны ўрадавы архітэктар БНР Лявон Вітан-Дубейкаўскі; святар, культуролаг, гісторык, літаратуразнаўца Уладзіслаў Талочка; уладальнік беларускай кнігарні ў міжваеннай Вільні Станіслаў Станкевіч.

rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1528_logo.jpg

Магіла святара, культуролага, гісторыка ды літаратуразнаўцы Уладзіслава Талочкі.


rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1529_logo.jpg

Магіла паэта Уладзіслава Сыракомлі.

rosy_vilnja_jauhen_erczak_novy_czasyyd_1603_logo.jpg

Магіла пісьменніка Ядвігіна Ш.


yyd_2640_logo.jpg

Магіла святара, паэта ды музыканта Казіміра Сваяка.

yyd_2648_logo.jpg

Пахаванне архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага.
Тут жа знаходзяцца кенатафы — сімвалічныя магілы без парэшткаў — пачынальнікаў нацыянальнага беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя, ініцыятараў абвяшчэння БНР Івана і Антона Луцкевічаў, драматурга Францішка Аляхновіча (помнік якому літаральна пару дзён таму аднавіла, сабраўшы грошы праз краўдфандынг, беларуская дыяспара).




Іван Луцкевіч памёр і быў пахаваны ў польскім Закапанэ, ягоная магіла не захавалася, Антон Луцкевіч памёр у саратаўскай вязніцы НКУС, быў пахаваны ў спецсектары камунальных могілак Аткарска. Магілу Аляхновіча на Кальвінісцкіх могілках на Туравай гары ў Вільні знеслі пры будаўніцтве Палаца шлюбаў у 1970-х.